„Мы цалкам залежым ад Расеі“
— Сёньня магутна, вельмі класна, мірна, добра. Я не разумею, як яшчэ гэты чалавек дагэтуль не ўсьведамляе, што ўся краіна ўстала супраць таго, што выбары сфальсыфікаваныя, супраць жорсткага абыходжаньня зь людзьмі. Мы ўсе ўжо сталі палітычна больш граматнымі, ня верым у гэтую прапаганду. Ён крычыць на кожным кроку, што мы незалежныя, а за 26 гадоў у нас забралі наш сьцяг, нашу мову. Я ня супраць таго, каб у нас былі і беларуская, і расейская, і ангельская мовы. Але мы цалкам залежым ад Расеі. Мы закрытыя. І ніякай незалежнасьці ў нас няма. У нас няма незалежнасьці СМІ, мы ня можам выйсьці, сабрацца, выказаць сваю думку. Нас абсалютна ня чуе ўлада. А тое, што адбываецца на Акрэсьціна… Чырвоная лінія пяройдзеная.
„Да мурашак па скуры“
— Той народ, той дух, які сёньня я прачула, — гэта да мурашак па скуры. Я адчула свой народ. Я адчула, што мы адзіныя, што мы мірныя, што мы сьветлыя. І я вельмі вельмі спадзяюся, што гэта наша будучыня.
„Не хачу, каб намі кіравалі людзі, якія нас не паважаюць“
— Я не хачу, каб намі кіравалі людзі, якія нас не паважаюць. Не паважаюць нашу мову, нашу гісторыю, якія хлусяць і нават ня могуць набраць дастаткова галасоў, каб перамагчы на выбарах сумленна.
„Мы выйгралі інфармацыйную вайну“
— У 2010 годзе я была на Плошчы. Тады не было дамоўленасьці ў штабоў і, напэўна, мы тады прайгралі інфармацыйную вайну. А цяпер мы яе выйгралі. Вы паглядзіце, колькі людзей, якія ў курсе. Людзей вельмі шмат, якія кажуць былому прэзыдэнту — сыходзь.
25 жніўня каля Міністэрства адукацыі адбыўся пікет у падтрымку сумленных настаўнікаў.
„Мне здаецца, я распранутая“
— Я выкладчыца ўнівэрсытэту. Прыйшла падтрымаць сваіх калег. Увогуле я баюся цяпер хадзіць па Менску, там, дзе я нарадзілася, дзе я жыву. Мне здаецца, што я распранутая. І гэты страх у мяне зьявіўся яшчэ на выбарах, калі я зайшла ў кабіну, якая была пазбаўленая ўсіх гэтых запавесаў. І цяпер я хаджу па Менску зусім не абароненая. І гэта галоўнае, чаму я хачу, каб гэтая сытуацыя зьмянілася. Наконт таго, што шмат настаўнікаў удзельнічалі ў несумленных выбарах, я не хачу нікога абвінавачваць, кожны адказвае сам за сябе, кожны чалавек павінен сам вырашаць, што ён будзе рабіць і як лічыць. Гэта праблема сумленьня кожнага чалавека.
„Супраць ідэалёгіі ў школе“
— Я настаўнік гісторыі з установы адкукацыі „гімназія №11 гораду Менску“. Мы супраць ідэалёгіі ў школе. Вельмі моцна пхаюць ідэалёгію ў грамадазнаўства і гісторыю. Мы супраць гэтага. Бо наш рэжым, ён сябе дыскрэдытаваў. У тым ліку і празь людзей нашай прафэсіі.
„Прафэсія, якая шмат цярпіць“
— Мы сужэнцы. Я таксама настаўнік гісторыі, але зь іншай установы. Мы ў прынцыпе тая прафэсія, якая шмат цярпіць. Але цяпер цярпець проста ўжо немагчыма. Я лічу, што мы, гісторыкі, павінны данесьці дзіцяці факты, на якіх ён зможа пабудаваць сваё меркаваньне. А нам цяпер кажуць, што мы павінны праводзіць ідэалёгію дзяржавы.
„За белую стужку“
— Мая мама настаўнік. Мама хадзіла зь белай стужкай, і яна расказвала, які прэсынг яна цярпела з боку свайго дырэктара, завуча праз тое, што проста насіла на руцэ белую стужку і ня згодная з той ідэалёгіяй, якую прапагандуе наша дзяржава. Мама настаўніца пачатковых клясаў.
„За сумленных настаўнікаў“
— Я не настаўніца, я шматдзетная маці. Я лічу, што тыя настаўнікі, якія фальсыфікавалі выбары, яны павінны адказаць перад законам. Але я супраць таго, каб цяпер гнабілі ўсіх астатніх настаўнікаў. Таму я цяпер на гэтым месцы, я прыйшла падтрымаць сумленных настаўнікаў.
„Звольнілі за пазыцыю“
— Я дачка настаўнікаў, сама не настаўніца. Але мяне абурае тое, што адбываецца зараз у краіне, мяне абурае, як ставяцца да настаўнікаў. У нас у школе настаўніцу звольнілі, не працягнулі зь ёй кантракт за тое, што яна мае сваю пазыцыю. Таму мы прыйшлі ў тым ліку і яе падтрымаць. Гэта 61-я школа. Дырэктар Цубікава Ірына Віктараўна, якая чысьціць кадры і выдаляе ўсіх настаўнікаў і іншы пэрсанал, хто не падтрымлівае і не выконвае загады зьверху.
„Лена, пара паважаць сябе“
— Я ўжо пэнсіянэрка. Працавала ва ўпраўленьні адукацыі. Выхавацелька ў мяне сястра, і калі я ёй сказала: Лена, пара паважаць сябе, яна мне адказала: Ліля, мне патрэбная зарплата, мне трэба плаціць крэдыты, і я паўставаць не змагу. Яна адна выхоўвае дзіця. Я кажу: Лена, дык ты ж можаш страціць працу, ня кажучы ўжо пра зарплату. Ну, яна сказала мне: Ня лезь. І вось мне цяпер вельмі радасна, што нарэшце настаўнікі ўсталі. Бо мне сапраўды хочацца, каб яны пастаялі за сябе.
Читать дальше