„Гатовы галасаваць адкрыта“
— На нашым участку мы ведаем толькі вынікі „Голасу“, паводле якіх перамагла Ціханоўская. А камісія не апублікавала. На ўсіх участках фальсыфікацыі, на большасьці. І зноў жа. Калі казаць пра сумленныя выбары, а чаму тады не дапусьцілі ў камісіі новых людзей? Чаму ў камісіях людзі, якія сядзяць там трэція, чацьвертыя выбары запар? Калі яму няма чаго баяцца, няхай зробіць сумленныя выбары, празрыстыя. Напрыклад, я спакойна мог бы галасаваць адкрыта, не таемна. Калі 80% за яго прагаласавала, а чаго столькі народу цяпер ходзіць на акцыі, на мітынгі. За Лукашэнку людзей прывозяць на аўтобусе, а мы ходзім самі. Ім прывозяць апаратуру, якая таксама — пытаньне — за чые грошы. І чаму, дапусьцім, я на некаторых фатаграфіях з розных гарадоў бачу адны і тыя ж твары? У мяне ёсьць пытаньні да ягоных мітынгаў. І мне цікава, ці зьбярэ ён хоць бы дзясятую частку ад той колькасьці, колькі нас сёньня ці ў мінулую нядзелю?
„Ён перагнуў палку“
— Гэты раз ён перагнуў палку. Калі б там хоць нейкая была ілюзія справядлівасьці, магчыма, людзі б так востра не рэагавалі. Але тое, што адбываецца цяпер, у краіне, дзе самая асноўная каштоўнасьць — гэта жыцьцё чалавека, так груба над ёй насьмяяліся.
„Цяпер актывісты амаль усе“
— Да гэтага году мы на палітычныя акцыі не выходзілі ніколі. То бок былі людзі, нейкія актывісты, а цяпер гэта амаль усе. І знаёмыя і сябры, усе так ці інакш недзе тут ходзяць. Такі трыгер быў у выглядзе выбараў чарговых і, напэўна, проста прыйшоў час, народ сасьпеў. 10 гадоў таму было адчуваньне нейкай бескарыснасьці выхаду на вуліцу, а цяпер здаецца, што перамены недзе ўжо не за гарамі.
„Сыстэма будзе перахопліваць павестку“
— Калі народ прызнае Ціханоўскую прэзыдэнтам і яна, калі скажа, што яна прэзыдэнт, яна павінна ўжо нейкія больш сур’ёзныя рабіць палітычныя крокі, ня ведаю, абвяшчаць збор парлямэнту, аддаваць каманды арміі. Яна павінна менавіта паводзіць сябе, як прэзыдэнт. Яна выбары выйграла, і мы чакаем ад яе актыўных палітычных крокаў. Тое, што сабралася Каардынацыйная рада — гэта добра. Яны сапраўды стараюцца акуратна, у рамках закону. І зразумела, што ўся лукашэнкаўская сыстэма будзе перахопліваць павестку, будуць заводзіць справы, кагосьці садзіць, кагосьці адпускаць — але гэта проста перахопліваньне павесткі. І патрэбныя больш рашучыя палітычныя дзеяньні. Людзі, я ўпэўнены, падтрымаюць і Каардынацыйную раду, і Ціханоўскую.
„Пачаў размаўляць на беларускай мове“
— БЧБ сьцяг у мяне з 2011 году. Тады былі вельмі нядобрыя падзеі 2010 году, калі разагналі Плошчу. Мяне гэта ўсё скаланула, і менавіта тады я пачаў размаўляць на беларускай мове, завёў сьцяг. Цяпер усё адбываецца больш масава і больш надзеі на перамены. Тады такое адчуваньне было адзін вечар, а на наступны ранак гэта была жорсткая дэпрэсія, жорсткае расчараваньне. Цяпер зусім ня так. Цяпер кожны дзень нешта адбываецца, кожны дзень бачыш людзей, якія выходзяць, якія змагаюцца, якія нешта робяць, якія падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта ўсё не дае апусьціцца ў такую дэпрэсію. Людзі сталі больш цесна кантактаваць адзін з адным, напрыклад, зьбірацца грашыма на нейкія ініцыятывы. Такога, як цяпер, не было ніколі.
„Хацеў бы бачыць тут таксама ЧЗ сьцяг“
— Мяне завуць Ільля. Я хацеў бы бачыць тут яшчэ і чырвона-зялёны сьцяг. Чаму? Таму што дзейная ўлада імкнецца нас супрацьпаставіць адных адным. Калі б мы аб’ядналіся і тут было 50 на 50 таго і таго сьцяга, паказалі б, што мы адзіныя і талерантныя, якімі павінны быць сапраўдныя беларусы. Гэта было б выдатна. Я ўвогуле большы прыхільнік чырвона-зялёнага сьцяга, таму што ўсё жыцьцё быў апалітычны. Але цяпер я лічу, што як у нас дзьве мовы раўнапраўныя, дык цяпер павінны быць і два сьцягі раўнапраўныя. Падзел выгадны толькі дзейнай уладзе — падзяляй і ўладарнічай. Так, мы хочам быць пачутымі, нас тут мільён-два, ёсьць яшчэ чатыры мільёны, якія нам спачуваюць. Гэта вялізная колькасьць. І трэба паказаць ім, што мы паважаем іхны сьцяг, і яны наш сьцяг, што мы адзіныя.
„Старыя пердуны за Лукашэнку“
— Нам проста кажуць, што старыя пердуны за Лукашэнку. Мне 65 гадоў. Ня ўсе пердуны за Лукашэнку. Мы супраць фашызму, што калі нават і бралі, ня трэба лупіць людзей у аўтазаках, ня трэба лупіць людзей у турме. Ну і надакучыў ужо, шчыра кажучы. Я ніколі за яго не галасаваў. І тут ужо большасьць. Я думаю, што з Расеяй як сябравалі, так і будзем сябраваць. З усім сьветам мы павінны сябраваць. І з Эўропай, і ў Расеяй. Мы ня супраць нікога. Умяшаньня з боку Расеі, я думаю, ня будзе. Думаю, проста інфармацыю Пуціну ня так далажылі. Таму мы супраць. Народ адвярнуўся. Спачатку пра каранавірус ён нагаварыў, цяпер вось пабіў… Назад звароту ўжо ня будзе. Толькі калі ён зноў будзе страляць, іншага варыянту няма.
Читать дальше