22 жніўня ў Берасьці адбыўся Марш супраць забойстваў і гвалту.
„Трэба зьяжджаць“
— Сьлёзы на вачах за ўсё, што адбылося з намі за гэты час. Няма словаў, толькі адно пытаньне: за што? Мы плацім падаткі гэтай дзяржаве, мы кормім уладу, якая павінна нас абараняць. А яна нас б’е. У многіх людзей разьвілася фобія, баяцца выходзіць на вуліцу. Я баюся падыходзіць да пад’езда дома і баюся, што не прыйду дадому. І мой сын, якому 25 гадоў. Увечары пасьля выбараў амон гнаў людзей, людзі разьбягаліся, яны ўсіх запар грэблі. Хацелі, відаць, нас усіх зьнішчыць. Трэба зьяжджаць. Моладзі трэба зьяжджаць, бо працаваць на гэтую ўладу і плаціць падаткі няма сэнсу. Мы рабы для іх.
„Знак роўнасьці“
— Вельмі няправільна, што тыя людзі, якія ходзяць на мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі, ставяць знак роўнасьці паміж Рэспублікай Беларусь і прозьвішчам Лукашэнкі. Яны павінны зразумець, што калі Лукашэнка сыдзе, Беларусь нікуды ня дзенецца. Я не жыву ў Беларусі ўжо два гады. Я зь Берасьця, але я зьехала. А зьехала, бо думала, што безнадзейна нешта тут памяняць. Але цяпер калі я бачу гэтае сьвятло ў канцы тунэлю, я ўсё адно зьеду, але я хачу дабіцца, каб Беларусь была той краінай, зь якой не захочацца зьяжджаць“.
23 жніўня ў Менску праходзіў Марш новай Беларусі. Плошча Незалежнасьці не змагла зьмясьціць усіх удзельнікаў, людзі занялі таксама ўсю прастору праспэкта да Кастрычніцкай плошчы.
„Людзі зьбіраюцца для перамен“
— У мінулую нядзелю я быў у сваім родным горадзе Мазыры. А сёньня я вырашыў прыехаць у Менск падтрымаць. Яны кажуць, мы купленыя. Мы купленыя Эўропай. Гэта сьмешна. Цяпер у Мазыры такі вось настрой (паказвае вялікі палец). Усё ўсё бачаць, усе цудоўна разумеюць, усе хочуць перамен і ўсе гэтага дамагаюцца, як могуць. І тут вясёлыя людзі, якіх так хочацца бачыць, якія ідуць з настроем, якія бачаць у сваіх сэрцах і вачах перамены і якія для гэтага і зьбіраюцца.
„За праўду мы прыйшлі зь дзецьмі“
— Мы хочам праўды для сябе і для нашых дзяцей. Таму мы прыйшлі зь імі. А наконт бясьпекі, калі ўсе захочуць адчуваць сябе ў бясьпецы, дык нічога і ня будзе. Бо пасьля падзеяў тых трох дзён зразумела, што мы ў небясьпецы ў кожным месцы ў нашай краіне і ў кожны час. На мінулым тыдні я таксама хадзіў, але такога вялікага сьцяга ў мяне яшчэ не было. Я яго купіў зусім нядаўна ў нейкіх добрых людзей, якія іх шыюць. А дагэтуль у мяне быў маленькі, які вісеў на дзіцячай пляцоўцы ўжо шмат гадоў дома. Ён прыгожы.
„Мы выехалі ў пяць раніцы“
— Мы прыехалі зь Берасьця. Берасьце цяпер таксама перакрываюць — Жабінка, усе гэтыя пад’езды, дарогі. Звужаюць, конусы ставяць. Карацей, не прапускаюць. Але мы выехалі ў пяць раніцы. У Менску мы далучыліся першы раз. Але мы ў Берасьці выходзім кожны раз, кожны дзень. Мы пераможам!
„Усе суседзі галасавалі за Ціханоўскую“
— Мае суседзі, зь якімі я жыву ў адным доме, каго я пытаўся, усе галасавалі за Ціханоўскую. Але выніковы пратакол нам так і не паказалі. Яшчэ на выбарах 2015 году мы ўсе галасавалі за Аляксандра Рыгоравіча, а ўжо на гэтых выбарах наша ўся сям’я галасавала за Сьвятлану Ціханоўскую. Мае бацькі таксама.
„Зьмяніліся колеры“
— Праўладныя мітынгі я бачыў, я іх называю „ряженые“. Гэта ж ня цяжка зразумець, калі чалавек ідзе сам, а калі яго прывезьлі і прымушаюць гэта рабіць. Калі гэтая ўлада ня хлусіла? Хоць адзін год з 26-ці. Я такога ня памятаю. А я жыву ўжо даўно. Яны могуць казаць, што і на Марс зьлёталі. Я лічу, што людзі не павінны здавацца. Я б не сказаў, што гэта нейкі палітычны пратэст, гэта ўжо такое яднаньне нацыі. А выходзіў я першы раз у 90-я гады, калі яшчэ не было ніякага Лукашэнкі. Зьмяніліся колеры. Тады было ўсё шэрае, але таксама была прага да свабоды. І цяпер тое самае, толькі больш у шмат разоў.
„Вывучыў слова «фэйк»“
— Гэта словы нашага прэзыдэнта, маўляў, гэта ўсё фэйк, што людзі зьбіраюцца, што гэта ўсё праплачана. Што 60 працэнтаў людзей, якія былі зьбітыя, гэта ўсё фэйк. Ён проста вывучыў слова „фэйк“ і цяпер паўсюль яго выкарыстоўвае. Але інфармацыі куча, шмат відэа, шмат пацьверджаньняў. Я ня думаю, што людзі проста б пайшлі з пабоямі, сябе зьбілі ці кідаліся на шкло, а пасьля сказалі, што гэта іх пабілі недзе на Акрэсьціна. Таму кожны сам выбірае, у што верыць.
„У меру і да 18-ці не наліваем“
— Бармэны Беларусі выказваюць сваю салідарнасьць усяму народу Беларусі. То бок мы супраць гвалту, які адбываецца, бо бар заўсёды быў па-за палітыкай. Але тут прыйшлося выйсьці на вуліцы і паказаць нашу салідарнасьць кожнаму чалавеку. Мы п’ем за любоў, за мір і бяз гвалту, але ў меру і да 18-ці не наліваем.
Читать дальше