Падняць сабе настрой атрымалася толькі перадачамі, зь якіх і склаўся сьвяточны стол.
Бліжэй да паўночы мы чулі, як нейкія людзі крычалі пад турмой: „З Новым годам!“ Было вельмі прыемна. Раніцай 1 студзеня мы зноў разбавілі традыцыйны рацыён нашымі перадачкамі: было крыху мандарынаў і нават кавалак чырвонай рыбы. Павіншавалі адзін аднаго. Незвычайныя ў мяне эмоцыі ад сустрэчы Новага году ў турме — будзе што ўспомніць. Такое дакладна не забудзеш.
2 студзеня на свабодзе мяне сустракаў натоўп з блізкіх. Было вельмi прыемна, што столькi чалавек прыехалі мяне сустрэць. І з падарункамi! А дома мяне чакаў сьвяточны стол i яшчэ порцыя падарункаў пад ялінкай.
Астатнія сьвяты правяду дома, бо захварэў за кратамі на каранавірус.
Максім, 33 гады, дырэктар рэстаўрацыйнай фірмы:
— Забралі 20 сьнежня проста каля пад’езду ў Менску. Пакуль я вёў размову з бабуляй, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, невядомыя выбеглі з буса і мяне забралі: на 12 сутак па вядомым артыкуле 23.34.
У камэры са мной былі некалькі айцішнікаў, выкладчык вышэйшай матэматыкі, навуковец, інжынэр, спартовец, а таксама адзін мужчына, які сядзеў за крадзеж.
Самым цяжкім для мяне было спаць з уключаным сьвятлом. На пытаньне, чаму так, нам адказалі: „Каб вам не было тут салодка“. У камэры была антысанітарыя, паўсюль — цьвіль і жудасны смурод. Праўда, празь некалькі дзён знаходжаньня ў Жодзіне мы атрымалі мыла і ўжо вымылі ўсё, да чаго дацягнуліся. Акрамя гэтага, нам не аказвалі мэдычнай дапамогі — у некаторых сукамэрнікаў была тэмпэратура, мы прасілі лекі ці хаця б кіпеню, але некалькі дзён нас ігнаравалі. Толькі пад самы Новы год далі дзьве таблеткі парацэтамолу на дзесяць чалавек.
31 сьнежня дайшла першая перадача. Ліставаньне пры гэтым блякавалася цалкам.
У нас атрымаўся сапраўдны сьвяточны стол, бо да гэтага мясцовую ежу больш выкідалі — яна была нясмачная. З сурвэтак мы зрабілі навагоднюю ялінку. Нягледзячы на адбой у 22:00, мы бліжэй да 00:00 перастукваліся і крычалі адзін аднаму „Жыве Беларусь!“. Мы ведалі, што недзе побач з намі ў Жодзіне Марыя Калесьнікава і Сяргей Ціханоўскі, таму разьлічвалі, што нехта захоча прыйсьці павіншаваць іх пад турму. Так і адбылося: уначы мы пачулі звонку і гук ад фаервэркаў, і крыкі „Жыве Беларусь!“. Самы цікавы дзень у турме атрымаўся. Што тычыцца жаданьняў, то загадалі мы ўсе адно: тое, чаго хоча ўся краіна.
Арцём:
— Мяне затрымалі 20 сьнежня на раённым маршы ў Менску. З Заводзкага РУУС адвезьлі на Акрэсьціна, а на наступны дзень быў суд паводле двух пратаколаў (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі).
Супраць мяне сьведчыў засакрэчаны супрацоўнік міліцыі „Макідонскі“ (менавіта празь „і“). Судзьдзя прысудзіла 15 сутак арышту, і я выйшаў на волю ўжо ў 2021 годзе — 4 студзеня. Ужо падчас затрыманьня супрацоўнікі паабяцалі, што я буду сустракаць Новы год „з жалезнай ялінкай“.
У камэры было 8 чалавек, і амаль усе „нашы“ людзі. Хаця некаторых затрымалі выпадкова: той, што атрымаў 12 сутак, ішоў у краму па хлеб, а другі, якому далі 14 сутак, выходзіў з пад’езду ў таксоўку.
На Каляды асаблівага сьвяткаваньня не было. Я ўсіх павіншаваў, сказаў, што павінна быць 12 страваў, мы пасьмяяліся, бо там місак было 12, а ня страваў. А на Новы год час нам ніхто не абвяшчаў. Трэба было некалькі разоў спытацца ў ахоўнікаў, колькі часу, бо хацелі пачаць сьвяткаваць у 23:34.
Пра Новы год мы даведаліся, калі за вакном пачулі выбухі пэтардаў. Радыё ў гэтую ноч наогул не ўключалі. Гэта была адзіная ноч, калі ўсе былі крыху разьняволеныя: і вязьні, і ахоўнікі.
Мы крыкнулі ў калідор „Жыве Беларусь!“, нехта зь іншых камэраў адказаў „Жыве!“, потым усім паверхам крычалі „Сыходзь!“. Напярэдадні, у сераду, нам амаль усім перадалі перадачы, таму было адчуваньне сьвяточнага стала. Ахоўнік трапіўся больш-менш добразычлівы, магчыма, падпіў ці што, казаў нам: „Вас падманула звычайная кухарка“. Гэта выклікала сьмех, бо вядома было, хто падмануў яго.
Тое, што ўсіх пазбавілі сямейных сьвятаў, асабліва цынічна. Гэтыя запужваньні маюць адваротны вынік. Мы там толькі з хлопцамі кансалідаваліся, пасябравалі, дамовіліся, што іншага шляху няма і трэба змагацца да перамогі.
Андрэй Шарэнда, Берасьце:
— Затрымалі мяне 29 сьнежня за бел-чырвона-белы сьцяг на гаўбцы. Асноўнай мэтай пераднавагодняга затрыманьня было сарваць сьвята, зрабіць кепска за грамадзянскую пазыцыю. Калі я выйшаў з ІЧУ, то даведаўся, што дома зрабілі ператрус і затрымалі маю жонку Паліну. Яе ў кайданках адвезьлі ў ІЧУ Берасьця. Паліну затрымалі ў адміністрацыйнай справе, таксама праводзіцца праверка ў крымінальнай — нібыта за зьнявагу супрацоўніка пры затрыманьні мяне.
Читать дальше