На наступны дзень мяне паднялі з нараў і павялі ў мясцовы турэмны тэатар. Тэатар уяўляў зь сябе малюсенькі пакой. Замест сцэны — стол. За ім ужо сядзелі два акторы: мужчына ў чорнай мантыі і бляндынка ў ахоўнай масцы. Актор у мантыі абвясьціў, што цяпер яны зь дзяўчынай згуляюць асабіста для мяне пацешную кароткую сцэнку вядомага беларускага рэжысэра А.Р.Лукашэску пад назвай „Беларускі суд“. Сцэнка мне спадабалася. Яна доўжылася хвілін сем. Я нават сьмяяўся адзін раз, а менавіта ў той момант, калі актор у мантыі спытаў у мяне: „Ці давяраю я суду?“ Падыскутаваць з „судзьдзём“ не атрымалася, бо ён прафэсійны актор і ня стаў адказваць на мае пытаньні пра скрадзеныя Лукашэнкам выбары, забітага Бандарэнку і іншых ахвяраў рэжыму.
Віны сваёй я не прызнаў. Мне далі 10 базавых. Прызнаў бы, як потым я высьветліў у тых, хто выйшаў пасьля мяне, далі б наогул пяць. Чаму так мала? Думаю, мясцовы брыгадэнфюрэр загадаў „судзьдзям“ не злаваць пакуль народ. Але я не шкадую, што не прызнаў, бо лічу, што ня трэба прыніжацца перад вылюдкамі. А самае галоўнае, — бегаць ад іх ня трэба. Гэта, сябры мае, наша самая вялікая памылка за апошнія тры месяцы. Навалачы падабаецца, што мы бегаем ад іх, яны атрымліваюць ад гэтага кайф.
Мы кожны дзень, а ня толькі ў нядзелю, павінны выходзіць на плошчы і самі, мірна і добраахвотна, як гэта рабілі палякі яшчэ ў васьмідзясятыя, заходзіць у аўтазакі. Мірна, добраахвотна, тысячамі, дзясяткамі тысяч — у аўтазакі. Іншых спосабаў перамагчы лукашызм у нас проста няма. Праз пару дзён нас бы ўжо не затрымлівалі. А яшчэ праз тыдзень усеагульнай забастоўкі і штодзённага выхаду на плошчы хаця б мільёна людзей па ўсёй краіне рэжым нашага аграфюрэра паў бы.
Калі вароты турмы ўжо адчыняліся, наглядчык, які праводзіў нас, па-добраму і шчыра сказаў нам: „Посьпехаў вам, хлопцы, і бывайце!“
„Мы не разьвітваемся, — сказаў я яму, — хутчэй за ўсё, мы яшчэ вернемся, таму што спыняцца не зьбіраемся. Бо калі мы спынімся — нам усім канец…“
У першага стрэчнага я папрасіў патэлефанаваць. Праз 15 хвілін пад’ехала мая жонка, абняла мяне, пацалавала і сказала, што я дурань. Я зь ёй згодны.
„Сядзім ціха, не вызіраем, бо ў вокны сьвецяць ліхтарамі“
Сьведка:
— Тут ня будзе адрасоў і імёнаў, у мэтах бясьпекі мы нават не абменьваліся кантактамі, але ўсе героі і лічбы рэальныя.
Мы ў гасьцях у нейкай з кватэр на „плошчы Пераменаў“. Нас 15 незнаёмцаў. За вакном чуваць, як б’ецца шкло: зьнішчаюць мэмарыял памяці Рамана. Мы сядзім ціха, не вызіраем туды, бо ў вокны сьвецяць ліхтарамі, выглядваюць цені, шукаюць, дзе ёсьць людзі. Сама „плошча“ ў ачапленьні.
Мы ціхенька размаўляем, думаем, як будзем дабірацца праз пару гадзін дадому. У гэты момант да нас далятаюць навіны, што нелюдзі ў чорным пачынаюць хадзіць па кватэрах, грукацца ў дзьверы, пагражаць уладальнікам кватэр выламаць дзьверы. Патрабуюць пашпарты з прапіскай і праводзяць незаконныя ператрусы ў кватэрах. Мы выключаем сьвятло, сядзім ціха. Вакол „плошчы“ сама меней шэсьць бусікаў зь ціхарамі.
Стук у дзьверы. Нас няма. Другі, больш настойлівы. Тузаюць ручку. Моцны грукат, магчыма, дубінкай. У іншай кватэры паводзілі сябе ня так ціха, ім давялося адчыніць дзьверы. Нам жа пашанцавала, паверылі і сышлі.
Выведка данесла, што езьдзяць на ліфтах, падымаюцца на верхнія паверхі і зноў прачэсваюць увесь дом па лесьвіцах. Думаем, як выбірацца. У гэты момант даведваемся, што на выхадзе правяраюць пашпарты. Так, вы ўсё дакладна прачыталі. Пашпарты, на ўваход і на выхад. Глядзяць прапіску; калі не супадае з адрасам дома — арыштоўваюць і адводзяць у бус. Хлопцы зь іншай кватэры паспрабавалі прыкінуцца жыхарамі. Не пракаціла, усіх забралі. Паркоўка ачэпленая, машыны аглядаюць, нават багажнік, каб там не вывозілі людзей. Нелюдзі ўсё гэтак жа прачэсваюць дом, стукаюць па лесьвіцы дубінкамі, каб мы ведалі, што яны там. Робяць другое кола і стукаюць у суседнія дзьверы.
Мэмарыял прыбраны цалкам. У нейкі момант пад’ехаў хлопец на таксі, паклаў адну кветку. Праз хвіліну яго забралі. Гісторыя паўтарылася пазьней, а 5-й раніцы, з маладой парачкай. Усклалі кветкі, хвіліна — у бус.
Гаспадары неймаверныя: накармілі, макарона па-флёцку, гарбата, кава, зладзілі начлег, раніцай смачная каша. Хачу паставіць ім 5 зорак на Airbnb, але не знайшоў іх кватэру там. Жартуем, у якія дні нам змогуць перадачкі ад сваякоў прывезьці? Ужо ўпэўненыя ў тым, што адным днём гэта ня скончыцца. Яны сьцяну ахоўвалі кругласутачна, а тут цэлыя кватэры цудоўных людзей, непарадак. Зноў жартуем, што ў нас вечарынка інтравэртаў, усе маўчаць і сядзяць у цемры.
Читать дальше