Калі нас рэгістравалі і ўсё забіралі ў асобныя мяшэчкі, у мяне не спыталі пра тэлефон, а я і не сказала. Так тэлефон застаўся ў мяне. Мяне прамацалі трошкі. А мужчыну так прамацвалі! І матузкі зьнялі, і папругу зьнялі, і сьцяг знайшлі. Сказалі: „На поўную, дарагі, будзеш плаціць“.
Усе рэчы апісалі, паклалі ўбок, і на гэты стол мы змаглі сесьці ўтрох. Астатнія стаялі. Шэсьць гадзін стаялі. Потым а 20-й гадзіне нас пачалі выклікаць. Сфатаграфавалі і спыталі, колькі разоў былі на мітынгу. Я сказала, што першы раз. І тое мы не ішлі на мітынг, а проста міма праходзілі. Ніякага мітынгу не было — людзі толькі зьбіраліся. Але ніхто гэтага не ўлічыў.
Напісалі пратакол і сказалі падпісаць. Там дзесьці 10 подпісаў трэба было паставіць. Я спытала: „А што вы напісалі ў пратаколе? За што я буду падпісваць? Вы ж мяне ў турму пасадзіце. За што?“ — „Нічога страшнага, падпісвайце“. — „Акуляраў не ўзяла. Нават ня ведаю, што мне рабіць“. — „Мы пішам, што вы прыйшлі на мітынг“. — „Ды ня выйшла я на мітынг! Міма ішла“. — „Не, усё роўна вы былі на мітынгу. Стаўце подпіс“.
Гэтым і скончылася. Думала, што забяруць мяне на старасьці гадоў у турму, пасадзяць і буду адбываць ні за што… Мы ішлі з дачкою пад ручку і трапілі ў бункер. Лічы, тая ж турма.
І тут нас пачалі выпускаць па тры чалавекі з гэтага бункеру. Мы пачалі выходзіць зь Ленінскага РУУС і думаць, як нам даехаць. Я тут не была ніколі, мы маглі заблукаць, ды і позна ж яшчэ. Дачка кажа: „Зараз дастану тэлефон і патэлефаную“. Спахапілася — і аказалася, што ў яе тэлефон выцягнулі! Сказалі, што аддадуць, але калі, невядома.
У мяне тэлефон застаўся. Думала, што зь яго патэлефаную. Але мы выйшлі, а там і валянтэры стаяць, і сваякі ўсе мае. Божа, я не чакала! Стаю, рот разявіўшы.
Унучка Наташа прыбегла, плакала. Праўнучка Даша таксама там была. Радыя былі, што мы вызваліліся. Валянтэры далі гарачай гарбаты папіць. І піражок далі нейкі. Паела, папіла, сказала „вялікі дзякуй“. І загулі аўтамабілі!
Я ніколі не была ў турме і нават ня думала, што на пэнсіі апынуся там. Здавалася б, сядзі ўдома ды сядзі. Але як гэта так: за мяне гінуць людзі, а я ўдома сяджу? Вось я ўстала і пайшла. І пайшла, як на вайну.
Мы ўсе за новае жыцьцё, а то 26 гадоў адно і тое ж. Лукашэнка езьдзіць па палях, па лугах, да скаціны пад хвост зазірае. Цяпер, праўда, пераключыўся на мэдыцыну. Езьдзіць па лякарнях, размаўляе з усімі, да хворых садзіцца.
Я б хацела бачыць новую Беларусь без Лукашэнкі. Толькі б яго не пакінулі тут кімсьці працаваць, таму што ён усё сапсуе. Цяпер будуць выбары — ды ніхто за яго галасаваць ня будзе, як мне здаецца. Калі Лукашэнкі ня будзе, то жыцьцё станецца зусім іншым. Усё пераменіцца.
У мяне ёсьць смартфон. У Telegram я чытаю ўсё цікавае пра палітыку. YouTube гляджу. Tut.by чытаю. Там увесь час пішуць: „Дашліце камэнтар“. Я яшчэ ня цямлю, як гэта рабіць. Я б даслала камэнтар, але мяне б зноў пасадзілі.
„Мама, там нехта ў дзьверы моцна грукае“
Кацярына, маці траіх дзяцей:
— У мінулую пятніцу, 18 сьнежня, да мяне прыйшла ўчастковая інспэктарка. Я займалася сваімі справамі на кухні. Тут забягае старэйшая дачка і кажа: „Мама, там нехта ў дзьверы моцна грукае“. Час вячэрні. Я адна дома зь дзецьмі, муж у ад’езьдзе. Спачатку вырашыла нікога не пускаць. Але калі жанчына паведаміла, што на мяне будзе заведзеная справа, я дзьверы адчыніла.
Госьця прадставілася ўчастковым інспэктарам. Сказала, што прычына візыту — сьцяг, які вісеў у вакне.
Я запярэчыла: у мяне нічога не вісіць у вакне. Прапанавала прайсьці ў пакоі і пераканацца. Але інспэктарка сказала, што і так усё ведае. Яна жыве насупраць майго дому, назірала сьцяг даўно і нават ведае час, калі яго зьнялі. Фота вакна мне паказала са словамі: „Заўтра я гэтую справу закрыю“.
Сваіх дакумэнтаў інспэктарка не прад’явіла. Як пайшла, давялося тэлефанаваць у міліцыю і ўдакладняць, ці сапраўды гэта была супрацоўніца міліцыі. Там гэта пацьвердзілі.
На наступны дзень я вырашыла схадзіць у пастарунак і высьветліць сытуацыю. Трохгадовага сына давялося ўзяць з сабой.
У пастарунку я зноў сустрэлася з інспэктаркай. Яна сказала, што ў маім пытаньні ўжо ўсё вырашана: да суду мяне затрымаюць. Мне прапанавалі зьвязацца з блізкімі, каб тыя забралі сына. А калі няма з кім пакінуць, тады яго забярэ інспэктар у справах непаўналетніх, якога тады ж і выклікалі. Вядома, я патэлефанавала маме.
Мама перадала мне сьпехам сабраныя рэчы, забрала з рук заснулае дзіця і зьехала. А мяне ў той жа вечар адправілі на Акрэсьціна.
Читать дальше