Мне пашанцавала. Я трапіла ў камэру да дзяўчат, якія сядзелі ўжо тыдзень. Яны ў чымсьці мяне супакоілі. Кніжкай, арэшкамі падзяліліся. У панядзелак адбыўся суд, пасьля мне вярнулі рэчы і я паехала дадому.
Ужо праз пару гадзін я была ў дзіцячым садзе — забірала малодшага сына. Ён, вядома, кінуўся мне на шыю. Сказаў, што вельмі сумаваў. Ноччу спаць лёг са мной у абдымку. Старэйшая дачка кажа, што хвалявалася, але ня моцна. І ўсё ж я за ёй пільна назіраю, каб гэтае „хвалявалася ня моцна“ ня вылілася ў псыхалягічныя праблемы. А сярэдні сын, яму 7 гадоў, нічога ня ведае: ён усе выходныя гасьцяваў у сьвякрухі.
Тое, што адбылося, для мяне стала шокам і каштоўным жыцьцёвым досьведам адначасова. Я не разумею, навошта было мяне ў гэтай сытуацыі затрымліваць. Як быццам гаворка ідзе пра нейкую злачынку... Я ў жыцьці ні за што і ніколі не прыцягвалася. А тут — проста сьцяг, які быў зьняты з вакна за некалькі дзён да пачатку падзей.
На Акрэсьціна я прабыла амаль двое сутак: з суботы да абеду панядзелка. Рашэньнем суду мяне пакаралі штрафам на 30 базавых велічынь за ўдзел у „адзіночным пікеце“ і адпусьцілі дадому.
Ёсьць у гэтай гісторыі і прыемны момант. Я прыйшла ў захапленьне ад таго, колькі людзей мяне падтрымалі. Пра маё затрыманьне стала вядома ў сацыяльных сетках. І вельмі многія, знаёмыя і незнаёмыя людзі, прыйшлі мяне сустракаць з ізалятару, прапаноўвалі дапамогу. Я заўсёды ведала, што беларусы выдатныя.
„З сурвэтак мы зрабілі навагоднюю ялінку“
Антон, 19 гадоў, студэнт:
— Я трапіў за краты за тое, што сфатаграфаваўся з суседзямі па Малінаўцы на фоне бел-чырвона-белага сьцяга.
Пры гэтым, паводле пратаколу, я ўдзельнічаў у маршы, выкрыкваў палітычныя лёзунгі. Сьведка на судзе паблытаў і дату майго затрыманьня, і месца, і час — усё адно далі 15 сутак. Не зьмякчыла прысуд нават тое, што ў мяне інваліднасьць зроку.
Чатыры дні я правёў на Акрэсьціна. Адзін зь іх — з сукамэрнікам, у якога пацьвердзіўся каранавірус; яго пасьля забралі. У сераду нас перавезьлі ў Жодзіна. Перадачы ніхто атрымаць ужо не пасьпеў.
Пашанцавала, што валянтэры далі хаця б зубныя шчоткі, туалетную паперу і крыху печыва.
Перадача ад сваякоў прыйшла акурат перад Новым годам — 30 сьнежня, але яе чамусьці ўвесь дзень і ноч трымалі пад дзьвярыма і аддалі толькі 31-га.
Сваякі паклалі нам сыр, каўбасу. З навагодняга — крыху мандарынаў і сурвэткі зь зімовымі ўзорамі. Лісты мне ўсе 15 дзён не аддавалі, хоць ведаю, што іх пісалі. Мы самі 31 сьнежня перадалі на волю віншаваньні для сваіх — з тымі, хто выходзіў з турмы раней.
31 сьнежня бліжэй да адбою хлопцы — у камэры было 10 чалавек — селі за стол, упрыгожылі яго сурвэткамі, расклалі сваё „багацьце“.
У перадачы аказаліся аднаразовыя кубачкі. Мы налілі ў іх вады з-пад крана і „чаркаваліся“, прамаўляючы тосты: „Каб новы год быў лепшы за стары“, „За перамены“, „Каб не сустракацца больш у падобных месцах“… Дзяўчаты з суседняй камэры пачалі сьпяваць „Муры“ і Jingle Bells. А недзе ў 23:34 (відаць, у адной з камэр змаглі даведацца пра час) у СІЗА пачуўся крык: „Сыходзь! З Новым годам! Ура!“ Ахоўнікі, канечне, афігелі ад такога нахабства. Пачалі рабіць заўвагі, усіх супакойваць. Адзін супрацоўнік папрасіў: „Давайце хаця б Новы год сустрэнем па-за палітыкай“.
Пасьля 00:00 грымелі салюты. У нейкі момант нават здалося, што пару залпаў было зусім побач зь СІЗА. Мы вырашылі, што гэта каб падтрымаць нас.
1 студзеня ніякіх паслабленьняў для асуджаных не было — пад’ём у 6:00 і ўсё паводле раскладу. Праўда, ежа была нашмат лепшай, чым звычайна: на сьняданак далі рыс, на абед быў смачны боршч, мяса далі нетрадыцыйна шмат. Складвалася ўражаньне, што кухар спэцыяльна пастараўся.
На волі мяне сустракалі ня толькі сваякі, але і суседзі з двара. З фаервэркамі і шампанскім. Так што сьвята для мяне працягнулася. Праўда, большым сьвятам было зноў спаць на сваёй канапе з выключаным сьвятлом. Ведаеце, адно з маіх хобі — гістарычная рэканструкцыя. І я актыўна зьбіраў старую форму міліцыянэраў, яшчэ савецкую нават. А цяпер і ня ведаю, што з гэтым рабіць. Апранаць яе пасьля выбараў дакладна ня хочацца.
Уладзімер, 38 гадоў, распрацоўнік інтэрнэт-крам:
Мяне схапілі недалёка ад станцыі мэтро „Партызанская“ 20 сьнежня, у родным раёне, калі я адзін ішоў дадому.Асноўную частку сваіх сутак я адбыў у Жодзіне.
Ніякіх паслабленьняў у гонар сьвята нам не рабілі. Нават не выводзілі пагуляць, хоць мы вельмі прасілі — за 13 дзён я дыхаў сьвежым паветрам толькі адзін раз. Але вось душу мы, нарэшце, дачакаліся 31 сьнежня. А так усё, як звычайна: прыбіральня безь дзьвярэй, адпаведныя пахі і ахоўнікі, якія сьвяцілі лазэрам у вочы, каб мы не сядзелі на ложках (на лаўцы на ўсіх месца не хапала, даводзілася стаяць).
Читать дальше