Нас узялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Біць ня білі, але мой карнік увесь час спрабаваў заламіць мне руку за сьпіну. Я казаў яму, што ня буду ўцякаць. Ён ня верыў...
Па дарозе да аўтазака я папрасіў карніка, які вёў маю жонку, адпусьціць яе, бо наша непаўналетняе дзіця засталося дома адно. І здарыўся цуд — жонку адпусьцілі.
Мяне завялі ў аўтазак і, перш чым пасадзіць у жалезную клетку, абшукалі. Тэлефоны забіралі адразу, але я свой прадбачліва ня ўзяў з сабой... Клетак у аўтазаку некалькі. Ёсьць шматмясцовыя, а ёсьць і аднамясцовая. Я сядзеў у аднамясцовай.
Нас прывезьлі ў мясцовае аддзяленьне гестапа, завялі ў цір і паставілі да сьценкі... Страляць ня сталі — на гэты раз... Кожнаму раздалі папяровыя пакеты і загадалі скласьці ў іх матузкі, рамяні і іншыя рэчы з кішэняў. Мой сябар, зь якім мы былі на акцыі, — а ён ужо спрактыкаваны, яго ўжо раз затрымлівалі — адразу сказаў: „Пакеты — дрэнная прыкмета. Значыць, нас, хутчэй за ўсё, не адпусьцяць“. Ён не памыліўся.
У ціры нейкі обэрштурмбанфюрэр, які гаварыў па-расейску амаль без акцэнту, падыходзіў да кожнага затрыманага, прасіў назваць прозьвішча, імя і здымаў усіх на відэа. І наогул, гэта дзіўна, але ўсе карнікі разумелі расейскую і ніштавата на ёй гаварылі.
Потым праз кожныя тры хвіліны ў цір стаў прыходзіць нейкі ротэнфюрэр. Ён зачытваў прозьвішча і адводзіў затрыманых на допыт. Калі на зачытанае прозьвішча ніхто не адгукнуўся, я пажартаваў: „Яго ўжо расстралялі“. Усе засьмяяліся. Ротэнфюрэру жарт таксама спадабаўся, ён усьміхнуўся і з баварска-шклоўскім акцэнтам сказаў: „Вельмі добра, што расстралялі“.
Наогул, забягаючы наперад, скажу, што карнікі гэтым разам абыходзіліся з намі надзіва добра. Думаю, быў проста такі загад мясцовага брыгадэнфюрэра — ня біць. Быў бы загад забіць — забілі б, там жа, у ціры, або ў момант затрыманьня. Забілі б нават маці родную, бо мазгоў і сэрца ў гэтых хлопцаў, па-мойму, ужо не засталося. Іх даўно ўжо замянілі загады і службовыя інструкцыі.
Праз паўгадзіны мяне ўжо дапытваў нейкі унтэрштурмфюрэр. (Так, забыўся сказаць, амаль усе карнікі былі альбо ў масках, альбо ў балаклавах.) Утойваць свой удзел у акцыі я ня стаў, а проста сказаў, што прыйшоў на яе для таго, каб ушанаваць памяць забітага супрацоўнікамі МУС Рамана Бандарэнкі. Унтэрштурмфюрэр не паверыў сваім вушам. Ён абурыўся і пачаў даказваць мне адваротнае, што міліцыя тут ні пры чым. Не даказаў. І словы пра „забітага супрацоўнікамі МУС“ у мае паказаньні ён чамусьці не запісаў. Забыўся, напэўна. Напісаў проста — „прыйшоў ушанаваць памяць Бандарэнкі“.
У невялікай актавай залі, куды мяне прывялі пасьля допыту, за вялікім белым сталом сядзелі два ротэнфюрэры ў балаклавах і з нашыўкамі амону на грудзях. Мне загадалі сесьці і чакаць. У залі нас сабралася чалавек 30. Ротэнфюрэры не зьвярталі на нас амаль ніякай увагі, яны захоплена глядзелі на смартфоне відэа пра рыбалку. Тады я спытаў: „Таварышы фашысты (закрэсьлена) міліцыянты, можна пытаньне?“ — „Ну, — сказаў ротэнфюрэр зь дзіўным нямецкім імем Андрэй (прозьвішча і сваё званьне ён чамусьці не назваў, пасаромеўся, напэўна)“. — „А можаце растлумачыць, чаму нас затрымалі?“ — „Вам павінны былі ўжо растлумачыць“, — не адрываючыся ад экрану смартфону, сказаў ротэнфюрэр Андрэй.
Ну а далей, як той казаў, слова за слова, і завязалася гарачая дыскусія на прадмет любові да радзімы. Ротэнфюрэр Андрэй даказваў нам, што ён абараняе радзіму ад такіх, як мы. Расказваў нам, што мы, змагары, хочам забіць яго маленькую дачушку, што траціна тых, хто выходзіць на акцыі пратэсту, атрымліваюць за гэта грошы. Так-так, хлопцы, яны шчыра вераць ва ўсё гэтае трызьненьне! Гэтыя бараны вераць у тое, што мы хочам забіць іхных дзяцей. Уяўляеце, як ім засралі мазгі?! Дакладней, мазгоў у гэтых дзяцей амаль няма, таму што, калі я сказаў ім: „Хлопцы, зразумейце, галакост таксама быў законны“, — ротэнфюрэр Андрэй перапыніў мяне і спытаўся: „Што такое галакост?“
Уяўляеце іх інтэлектуальны ўзровень?! Я не скажу, што там усе такія. Па вачах некаторых карнікаў было відаць, што ім сорамна і няёмка за тое, што яны робяць. Яны, напэўна, ведалі пра галакост і разумелі, што імі цяпер пагарджае ўвесь беларускі народ, што ў вачах беларускага народу ўсе яны цяпер — фашысты.
Пасьля цікавай і ажыўленай дыскусіі, якая доўжылася каля гадзіны, нас пагрузілі ў аўтазакі і адвезьлі ў турму, дзе я ў мярзотных умовах з ванітнай ежай і з цудоўнымі сукамэрнікамі правёў суткі.
Читать дальше