Паступова ўсіх перапісалі. Папрасіла выклікаць „хуткую“ хлопцу з апухлай нагой і крывёй на патыліцы. Яго забралі. Яшчэ для аднаго прасіла — гематома ўтварылася каля скроні. Яны паглядзелі, вырашылі, што ня трэба. Многія мужчыны кульгалі моцна, але ня скардзіліся, трымаліся. Жанчына побач пабялела, кашляла. Упрошвала я, каб адпусьцілі яе, бо кантакт першага ўзроўню. Не, нікога больш ня выпусьцілі. Нават мамы малых дзяцей паехалі ў выніку ў Жодзіна. Машу (3 гады дачушка) судзілі толькі праз два дні, далі 25 базавых. Жэню (двое дзяцей, 5 і 7 гадоў) пратрымалі ўвогуле тры дні, у сераду, ужо на Акрэсьціна, прысудзіўшы 50 базавых.
Вобшук. Перапісваюць каштоўнае — пашпарт, ланцужок, завушніцы, пярсьцёнкі (зьняць), грошы, ключы. Тэлефону не было з сабой. Яго забіраюць як гарантыю сплаты штрафу.
Яны. Цікава паназіраць. Шмат хто ў балаклавах. У простых масках тыя, якія „чалавечнейшыя“, ці як.
Жанчына-міліцыянтка была прыязнай, сказала булачку ўзяць з сабой і выбачылася перад тым, як правяла па кішэнях. Дазваляла зрабіць званок усім, у каго былі тэлефоны. Жанчын вадзіла ў „цывільную“ прыбіральню ў будынку. Сказала застацца ў гаражах, каб ня мерзьлі; прапанавала крэсла. Я папрасіла схадзіць па жанчын, што засталіся на вуліцы. Дазволілі.
Засяроджаныя, падкрэсьлена ветлівыя складальнікі пратаколаў. Кшталту „Мы проста выконваем сваю працу“.
Ахоўнікі розныя. Адзін хацеў пагаварыць, выстаўляўся, жаліўся, што мэдыкі адмовілі бацькам. Даказваў, што ня ўдзельнічае ў затрыманьнях, не атрымлівае дадатковых грошай. Не разумее, чаго мы ходзім, бо яго бацькі і сваякі нікуды ня ходзяць, усім задаволеныя. „Эмпатыі пазбаўлены“, — сказала я, але наўрад ці ён зразумеў. Іншыя ўпэўнены, што пратэсты фінансуюцца, але, можа, да шарагоўцаў не даходзяць грошы.
Самы адэкватны і спагадлівы на пытаньне, чаму ён тут працуе, адказаў, што ў разгонах ня ўдзельнічаў. Калі прымусяць — апусьціць шчыт.
Нейкі самы ўпэўнена-разьвязны, у цывільным, нечакана запытаўся на „ты“: „Як думаеш, пераможаце?“ Я адказала, што пераможам, бо людзі не даруюць гвалту і зьдзекаў. Мэдыкі не даруюць. Ён пагадзіўся: „Так, мэдыкі не даруюць“.
Бліжэй да вечара прынесьлі ежу і ваду ад валянтэраў. Вялікі дзякуй, сапраўды паратунак, бо ў турме ўжо могуць трымаць бязь ежы доўга.
Усё б нішто сабе, але трымалі нас там гадзін 15. Месцаў прысесьці амаль няма, гаражы халодныя, ратавалася, мераючы прастору крокамі. А мужчыны, зь якімі прыехалі ў аўтазаку, так і прабылі амаль увесь час на вуліцы каля сьцяны.
Мова. Нас тады яшчэ не пазначалі. Звыкла ігнаравалі нават напісаньне прозьвішча. Толькі той, хто здымаў і каротка апытваў, усьміхнуўся: „100%“ (вінаватая), але далей гаварыў са мной па-беларуску.
Транспартаваньне ў турму. Аўтазак-перавозка, з лавамі. Усім не хапіла, мужчыны некаторыя стаялі ўвесь час. Доўга-доўга, душна, хацелася хутчэй трапіць усярэдзіну, каб прылегчы.
Сьцягі. На падлозе, у нейкім калідоры з паваротамі. Ад нечаканасьці і нейкага імгненна ўзьніклага мэталёвага смаку ў роце я збочыла да сьцяны. Можа, канваір ужо быў стомлены (тое пад ранак, гадзін мо сем), я ішла апошняй да таго ж. Мяне ня ўдарылі.
Доўга чакалі асабістага агляду. Сьцяг і там на падлозе. Выказаўшыся пра дзікунства гэтага, таксама сказала, што мяне прыніжае агляд. Па адміністрацыйцы прапісана „адсутнасьць складу злачынства“. Недалёкая дзеўка нешта хаміла, потым заявіла, што пакліча ахоўніка-мужчыну. Разулася, разьдзелася і стала на Сьцяг. Дзяўчына ў камэры потым суцяшальна зазначыла: „Сьцяг нам ножкі сагрэў“.
Нарэшце камэра. А там два ложкі двухпавярховыя, мэталічныя рашоткі без матрацаў. І ўжо жыхарак амаль удвая больш. Неяк прытулілася седзячы, „правалілася“. Памятаю, прывялі яшчэ жанчын, адна расплакалася. Думаю, таксама марыла прылегчы. А тут і сесьці няма дзе. Але пацясьніліся.
Потым пачула маё прозьвішча. На выхад. Канваір, даючы падпісваць абавязаньне зьявіцца ў суд, бурчаў незадаволена: „Калі вы такія ўнікальныя і незаменныя мэдыкі, а міліцыя вам кепская, трэба дома сядзець“.
Я ніяк не чакала такой дапамогі і ўдзелу. Я кранутая і ўдзячная. Суд яшчэ будзе.
Але мне хочацца сказаць: ня бойцеся. Варта і сябе зразумець, што ты вытрымаеш. Можна паспрабаваць і дапамагчы камусьці. Калі ўпэўнены, што гатовы.
„Я выходжу“
Алена, маці Рамана Бандарэнкі:
— Раман вырас у Ніжнявартаўску, вучыўся там у мастацкай школе, у розны час займаўся плаваньнем, баскетболам, гуляў у валейбол, бадмінтон, настольны тэніс. Лета ён праводзіў у Менску, а калі яму споўнілася 16 гадоў, паступіў тут у архітэктурна-будаўнічы каледж, і мы зь ім пераехалі жыць у гэты горад. Тут Раман скончыў Акадэмію мастацтваў, потым адслужыў у войску, працаваў дырэктарам крамы.
Читать дальше