Першыя два тыдні я знаходзілася ў кампаніі жанчын, якія сядзелі не паводле майго артыкулу. У асноўным іх забралі за расьпіцьцё сьпіртных напояў і задзірлівыя паводзіны ў грамадзкіх месцах. Усе яны былі вельмі дабрадушнымі і бяскрыўднымі людзьмі. Проста ў нейкі момант абставіны аказаліся мацнейшымі за іх.
Мяне асабліва ўразіла Валянціна Ўладзімераўна — усіх, хто старэйшы за мяне, я называла па бацьку.
Валянціна займалася лёгкай атлетыкай, была чэмпіёнкай вобласьці, езьдзіла на міжнародныя спаборніцтвы. Атрымала вышэйшую адукацыю ў Рызе, працавала ў банкаўскай сфэры, 10 гадоў была юрысконсультам.А потым у яе жыцьці здарыўся нейкі надлом, пачаліся праблемы з алькаголем... Цяпер яна рэгулярна трапляе ў турму. У гэты раз яна ўцякала ад п’янога мужа — так і апынулася на вакзале, адкуль яе забралі. Кажа: „Лёгкая атлетыка мне вельмі спатрэбілася — мой жа ніколі мяне дагнаць ня можа“.
Спачатку ў камэры ў яе здарыўся прыступ эпілепсіі, потым — белай гарачкі. Гэта доўжылася пяць дзён. А пасьля яна стала інтэлігентнай, вельмі добрай жанчынай.У яе, дарэчы, ёсьць два сабачкі. Я вельмі за іх перажываю. Думаю, можа, трэба зьезьдзіць туды, праверыць, што зь імі…
Яшчэ адна мая кампаньёнка, якая прывяла з сабой у камэру „хатніх гадаванцаў“ (вошай), — Ала Ільлінічна. Некалькі гадоў таму ў яе загінуў муж — няшчасны выпадак: быў зваршчыкам, зваліўся з вышыні. Потым дачка нейкім чынам, я ўжо не разьбіралася ў гэтых сямейных цяжкасьцях, выцесьніла яе з кватэры. І Ала Ільлінічна пачала бадзяцца. Яна курсуе паміж Камароўкай і вакзалам, сьпіць каля цеплатрас — гэта ўсё яе жыцьцё.
У трэцяй маёй суседкі і цёзкі іншы маршрут: дом — праца. Здаецца, цалкам сабе нармальны варыянт. Але пераадолець гэтую адлегласьць для Вольгі — сапраўдны квэст. Бо ў дарозе яе знаходзяць прыгоды. Кажа: „Дакладна памятаю, што ехала на працу, а прачнулася на Акрэсьціна і ў сіняках“. Яна пазбаўленая бацькоўскіх правоў — дачка жыве зь сястрой. Сястру мая суседка па камэры лічыць у гэтым вінаватай. Ды ўсе вакол вінаватыя: не разумеюць яе, несправядлівыя да яе, не дапамаглі. А розум у яе працуе, жартуе вельмі сьмешна! Шкада чалавека. Я кажу: „Воля, трэба проста перастаць піць. Паспрабуй! Ты ўжо 15 дзён пратрымалася“. „Не, — кажа, — я занадта люблю піва, з гэтым нічога нельга зрабіць“.
Гэты сьвет існуе як быццам паралельна нашаму. Мы не заўважаем гэтых людзей у паўсядзённым жыцьці, а яны — нас. Напрыклад, мае сукамэрніцы ня ведалі пра тое, што адбываецца ў краіне. „Як? Проста так забіраюць і садзяць?“. Яны былі шакаваныя і абураныя.
У цэлым мы нядрэнна ладзілі. І я не зусім разумею, якой рэакцыі ад мяне чакалі, калі падсялялі іх да мяне. Што я пачну крычаць: „Ды вы ведаеце, хто я такая?“ і патрабаваць накрухмаленыя прасьціны? Гэта зусім не ў маёй натуры.
Я адразу зразумела, што патрэбны самакантроль і сацыяльная дыстанцыя, інакш гадаванцы неўзабаве зьявяцца і ў мяне. Бясконца мыла рукі і, па магчымасьці, працірала паверхні ў камэры. Як магла, дапамагала суседкам. Дзялілася бялізнай, спрабавала памыць ім галовы. Вельмі хацела апрацаваць іх ад вошай, але нам не перадалі гэтых сродкаў.
Я нашмат больш баялася прыпадобніцца не да маіх суседак у камэры, а да тых, хто прыдумляе такія „выхаваўчыя мэтады“. Спадзяюся, ніякія жыцьцёвыя абставіны ня зробяць мяне чалавекам з такім мысьленьнем.
А што тычыцца гэтых глыбока няшчасных жанчын... Я ж вясковая жыхарка па сутнасьці сваёй. Мяне складана чымсьці спалохаць і шакаваць. Я не тэарэтычна, а на практыцы знаёмая з прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных слаёў.
Па дарозе ў Жодзіна я пазнаёмілася з ашаламляльнай зладзюжкай. Яна зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражаньне: бо першае, што я ўбачыла ў яе руках — пакет з шакалядкамі. Я, як чалавек, у якога з вугляводамі асаблівыя адносіны, адразу зірнула на гэтую жанчыну ўхвальна.
Аказалася, што мая суседка падкрадае — ня тое каб на продаж, а для душы. Напрыклад, дваццаць шакалядак і бляшанку кавы яна ўзяла для сябе. Хацела піцьцём кавы прыемнасьць сабе зрабіць.Самае неймавернае (хоць, з другога боку, чалавек — спэцыяліст усё ж такі): яна прымудрылася гэтыя шакалядкі так прыхаваць, што іх не знайшлі пры аглядзе. Толькі каву забралі, а ўсё гэтае багацьце яна прыцягнула ў камэру. Ела там гэтыя шакалядкі на ўсю моц. Ну і дзялілася, вядома, таксама.
„Мне дрэнна, — кажа. — Я ўжо глядзець на іх не магу. Вось бы супчыку цяпер ці кашы“.
Але самай сьмешнай была яе рэакцыя на прыезд у жодзінскую турму. Акінуўшы яе позіркам, яна рэзюмавала: „Магчыма, тут нас расстраляюць“.
Читать дальше