Ці зьмянілася нешта ўва мне пасьля затрыманьня? У галоўным — не. Бо каштоўнасьці, якія я падтрымлівала раніцай 8 лістапада, застаюцца для мяне актуальнымі і сёньня.
Вядома, уявіць загадзя, як ты будзеш паводзіць сябе ў падобных абставінах, немагчыма. Нам уласьціва прыпісваць сабе пэўныя рысы характару і спадзявацца, што, незалежна ад абставін, ты будзеш паводзіць сябе годна. Але папраўдзе абсалютна кожны, я ўпэўнена ў гэтым, можа трапіць у сытуацыю, якая прымусіць адступіцца ад сваіх прынцыпаў.
Мне пашчасьціла — я засталася ім верная.
Каб хаця б паспрабаваць прымусіць чалавека адмовіцца ад сваіх поглядаў, перайсьці на другі бок, яму трэба паказаць нейкі стваральны і паказальны прыклад.
Уявім раптам, што я, апынуўшыся ў ЦІП на Акрэсьціна, на свае вочы ўбачыла, што ўсе нормы ўтрыманьня людзей у турме выконваюцца. Што супрацоўнікі размаўляюць з табой па-чалавечы — я ні ў якім разе не гавару пра нейкае „эксклюзіўнае“ стаўленьне, выключна пра мінімальную этыку.
Дык вось, калі б усё было так, я б, магчыма, засумнявалася: ну ўсё ня так ужо дрэнна... Можа быць, жахі перабольшаныя?
Але ў рэальнасьці ты бачыш, што ўсё значна горш, чым ты мог сабе ўявіць. І гэта толькі ўмацоўвае цябе ў тваіх перакананьнях. Калі мэта — яшчэ мацней настроіць людзей супраць сябе, што ж, гэта слушны шлях.
На маршы я выходзіла раз за разам хутчэй ад таго, што ёсьць нешта большае, чым страх. Я ж якраз восьмага лістапада і не хацела ісьці. Прачнулася, паглядзела ў вакно — было пахмурна — і адчула, што хачу застацца дома. Што сілаў больш няма. Але адкрыла стужку, пачытала навіны... І зразумела, што павінна выйсьці.
Пагатоў давайце ўдумаемся ў саму пастаноўку пытаньня: ці магу я выйсьці з дому, ці не? Яна больш чым дзіўная.
Бо я цалкам адэкватны чалавек, які не зьбіраецца рабіць ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Дык чаму ж я павінна баяцца прагулкі па сваім горадзе? Няўжо гэта ўсё, да чаго мы прыйшлі за гады сувэрэнітэту?
Да таго, што чалавек, які апынуўся ў цэнтры гораду па нядзелях — парушальнік закону.
І што нам рабіць, калі гэта адзіна магчымы шлях волевыяўленьня ў сытуацыі, калі свабоды і правы асобы абясцэненыя?.. Іншых варыянтаў выказаць свой пункт гледжаньня не было, а я не магу сябе паважаць, калі маўчу. Я ня маю згоды сама з сабой, калі сяджу як мыш пад венікам.
Калі б я ведала наперад, праз што давядзецца прайсьці, я б зрабіла тое самае. Я была да гэтага гатовая. Неразумна публікаваць фатаздымкі зь нядзельных прагулак у адкрытым доступе і спадзявацца, што з табой гэтага ня здарыцца.
Мне нават пісалі пару разоў: „Оля, некалькі новых падпісчыкаў і твая згадка ў СМІ ня вартыя таго, каб рызыкаваць сваёй бясьпекай“. Але ж я рабіла гэта не дзеля новых падпісчыкаў і згадак у СМІ.
Кожны мой пост, кожны мой выхад быў надзеяй на тое, што мяне пачуе хоць адзін чалавек, ад якога нешта залежыць. Што дзякуючы майму голасу, які гучыць сярод многіх іншых, нешта можа зьмяніцца. Я разумею, што гэта гучыць наіўна, але раптам?.. Прынамсі, я буду ведаць, што зрабіла тое, што ад мяне залежала. Я ж ніколі не заклікала да беспарадкаў — толькі да дыялёгу. Мне няма чаго саромецца і няма пра што шкадаваць.
Напэўна, я шчасьлівы чалавек, бо, знаходзячыся ў турме, зразумела, што на волі ўсё рабіла правільна — прынамсі, паводле маёй шкалы каштоўнасьцяў. Займалася тым, што для мяне сапраўды важна. Была з тымі, каго і праўда люблю.
Адзінае, чым дакарала сябе, — што ў гэтай сытуацыі не падумала пра бацькоў, пра Ваню і пра жывёлаў пад маёй апекай. Мучылася ад таго, што ўсе цяжкасьці, якія мы раней дзялілі на дваіх, зваляцца цяпер на плечы майго мужа.
Хоць, калі шчыра, нават у той момант, калі думала пра гэта, я разумела, што ўсё роўна б не змагла па-іншаму. І што мае блізкія ведаюць гэта.
Ніхто з маіх родных людзей ні ў чым не папракнуў мяне. Бацькі цалкам на маім баку. Кажуць, што трэба трымаць сьпіну і заставацца вернай сваім перакананьням.
Тата, дарэчы, раней не без раздражненьня мог сказаць: „Ну што вы ўсё ходзіце і ходзіце? Навошта ўсё гэта?“. Або так разважаў: „Так, ты, вядома, добрая. Ты нічога дрэннага зрабіць ня можаш. Але адкуль ты ведаеш, што там на другім баку натоўпу? Затрымліваюць толькі тых, хто буяніць“.
Калі мяне арыштавалі, тату давялося сёе-тое пераасэнсаваць. Інакш давялося б прызнаць, што ягоная дачка дэбашырка.
Дарэчы, пра дэбашыра. За больш як месяц адседкі маімі суседкамі ў камэры станавіліся самыя розныя жанчыны. Калейдаскоп лёсаў такі, што пры жаданьні можна выпусьціць зборнік апавяданьняў у духу майго ўлюбёнага Даўлатава.
Читать дальше