Яны элемэнтарна тупыя. Для іх зразумець рэчы лягічна немагчыма. Што ёсьць прыватнае, што ёсьць агульнае, якія прычынна-выніковыя сувязі — для іх гэта вельмі цяжка. Ім бы проста крычаць, бегчы, біць. Я працягваю: „Калі вы нас хоць крыху як людзей паважаеце, не прымушайце нас таптацца па сьцягу, прыбярыце яго“. Той адказаў: „Вы нам не пакідаеце выбару, я ўжо проста вымушаны прыбраць сьцяг“.
Хрэна! Нічога ён не прыбраў. На словах яны такія героі, а як толькі вяртаецца начальства, дык і ўсё. Звонку паступіла каманда выводзіць нас, сьцяг яны не прыбралі.
У Жодзіне ёсьць такі даволі вядомы Міша-Балаклава — ён якраз нас прымаў. Пакуль нас апісвалі, мы стаялі тварам у сьцяну, і па голасе і інтанацыях я думаў, што гэта нейкі мацак. А там такое дробнае стварэньне, што... Ахова ў турме ня носіць балаклаваў, ён там адзін такі быў. Кажуць, што хоча ў амон трапіць. Нашы прозьвішчы ў сьпісе ён і на трэці дзень ня мог прачытаць.
З намі сядзеў адзін хлапчук. Ён, калі ў камэру трапіў, кажа: „Глядзіце, што ў мяне ёсьць“. Здымае швэдар, пад ім — майка зь дзіркай на ўсе грудзі. Там быў прынт „Пагоні“, і гэты Міша-Балаклава ўзяў яго майку і акуратна вырваў усю „Пагоню“. І гэта ж ня вышыта, а проста намалявана, там ніякіх швоў няма. Што табе вось гэта дало? Ты сябе стаў мацнейшым адчуваць? Разумнейшым? Лепшым? Чаго дамогся?
У Жодзіне абслуга, баландзёры, — гэта ўсё зэкі. Зь імі ў прынцыпе асабліва і не пагаворыш. Акрамя адбітага Мішы-Балаклавы, было некалькі турэмнікаў, якіх фіг зразумееш: нібыта і ня надта жорсткія, але ўсё роўна відаць, што так сабе хлопцы.
Але вось быў адзін хлопец, яму проста павага. І дапамагаць спрабаваў, і прыкурыць хлопцам даваў, час мог сказаць, навіны некаторыя пераказваў. Усе астатнія люта баяцца заходзіць у камэры, а гэты, калі прыносіў перадачы, сьмела ў камэру заходзіў. Прычым пасьля прыезду гэты хлапчук быў першым зь сілавікоў, каго мы ўбачылі з адкрытым тварам. І адзін з нас пытаецца ў яго: „А чаго гэта ўсе ў балаклавах, а вам што, не паложана?“ — „Хто ўсе?“ — „Ну калегі вашыя“. — „Яны мне не калегі“ — адказаў ён.
„Уключыў рэжым Ніны Багінскай“
Віктар Фянчук, эколяг:
— Учора затрымалі добрага сябра, Ваню Багдановіча. І я сам адчуў, што гэта такое, стаяць уночы каля пастарунку. Сёньня зноў суды. Супакойваеш сваякоў і жартуеш, што сядзець нескладана. Ніякай рамантыкі, вядома, у гэтых адседках няма. Але за час сядзеньня з амаль 30 людзьмі, памяняўшы тры папраўчыя ўстановы, я ня ўбачыў ніводнага чалавека, які б ня справіўся са сваімі суткамі. У нейкай ступені сядзельцам нават прасьцей, чым іхным сваякам і сябрам. Жыцьцё вызначанае і цячэ мерна.
Для мяне ўсё пачалося ля стэлы, калі я разгарнуў сьцяг і „ўключыў рэжым Ніны Багінскай“, як потым сказаў адзін мой таварыш. Сьцяг у руках накладвае свой адбітак, і ты перастаеш баяцца і ўцякаць. Ланцуг вэвэшнікаў праглынуў мяне вельмі хутка. І я ўбачыў шырока расплюшчаныя вочы маладога хлопца, які схапіў мяне за руку, і ў іх была пякельная сумесь адрэналіну і страху. „Я не супраціўляюся. Ты толькі дыхай“, — цяпер гэта здаецца мне дзіўным, але менавіта так я разы тры яму сказаў, пакуль ён вёў мяне, няўмела спрабуючы заламаць мне руку, да свайго камандзіра, у якога на шлеме ззаду была налепка „Псих“.
У аўтазаку я трапіў у „стакан“ з Жэнем з Wargaming і Сашам Міцкевічам, выкладчыкам музычнай школы. Калі Сашу затрымалі, ягоная жонка пайшла добраахвотна за ім да аўтазака, яе таксама пасадзілі кудысьці насупраць, і яна крычала: „Саня, я тут!“ А Саня прасіў амонаўцаў прагнаць яе з аўтазака дамоў, да дзяцей.
Тады я яшчэ ня ведаў, што з Жэнем і Сашам я апынуся ў адной камэры ў Жодзіне, а з Сашам чатыры ночы буду спаць валетам на адной шконцы і прыціскацца да яго як мага шчыльней сьпінай, каб сагрэцца.
Там жа ў аўтазаку студэнт-юрыст Ягор з тарцавога „стакана“ з, мабыць, зламанай галёнкай і ў стане посттраўматычнага шоку, няспынна спрабаваў накіраваць на „праведны шлях“ амонаўцаў, якія суправаджалі нас і не прамовілі ні слова на яго спробы іх разгаварыць. У Савецкім РУУС Ягора паставяць тварам да сьцяны разам з усімі намі. І кожны раз, калі ён, ня маючы сіл стаяць на зламанай назе, будзе апускацца на калені, яго будуць падымаць назад. Потым ён будзе кульгаць праз увесь двор на допыт. І толькі вечарам яму выклічуць хуткую дапамогу.
На Акрэсьціна мяне разьмясьцілі аднаго ў карцары. І гэта было дзіўна, таму што астатнія сядзелі там 20 чалавек у камэры на васьмярых. Вітаньне сонца на адкінутай шконцы карцару (мой ёга-тычэр Roman Romanovich мной бы ганарыўся), мэдытацыя і сілавыя практыкаваньні з адкідным ложкам. Увогуле, усё пачыналася для мяне як круты маўклівы рэтрыт. І нават тое, што судзьдзя па прозьвішчы Воўк даў адразу 15 сутак, не сапсавала маіх адчуваньняў. Пакуль у аўторак вечарам нас ня вывелі ў двор і не адправілі ў Жодзіна.
Читать дальше