У выніку гвалтоўныя дзеяньні будуць утойвацца, але дзеці гэтых людзей адчуюць: у сям’і ёсьць нейкая забароненая тэма, пра якую нельга пытацца. Інакш вобраз добрага бацькі, якім дзіця яго ўяўляе, можа стаць не такім добрым. Усё гэта прыводзіць дзяцей да няздольнасьці жыць шчыра. Ня думаю, што такія хлопцы пойдуць па сьлядах бацькоў, хоць і гэта ня выключана. Хутчэй, зь іх вырастуць людзі, якім спатрэбіцца шмат часу, каб зразумець сябе. Магчыма, яны так і ня змогуць гэтага зрабіць.
Ёсьць вострыя рэакцыі, якія праяўляюцца ў першыя гадзіны і дні. Яны характарызуюцца моцнымі эмоцыямі — лютасьцю, злосьцю, моцнай трывогай. Чалавек можа ня спаць, знаходзіцца ў здранцьвеньні.
Ёсьць адтэрмінаваныя рэакцыі, гэта тое, што называецца посттраўматычным стрэсавым расстройствам. Яны могуць праяўляцца празь месяцы, паўгода. У чалавека можа паступова разьвівацца дэпрэсіўны стан, парушаецца сон. Калі, напрыклад, былі больш актыўныя падзеі, зьвязаныя з затрыманьнямі, чалавек мог, выкажам здагадку, ехаць міма ГЦ „Рыга“ ці мэтро „Пушкінская“ і аўтаматычна ўспамінаць: „Тут усё адбывалася“. І яго агортвала трывога або злосьць, або ўнутранае эмацыйнае здранцьвеньне. Усё гэта ў значнай ступені памяншае здольнасьць чалавека падтрымліваць стасункі, любіць і працаваць. Ён становіцца раздражняльным, зьяўляюцца праблемы ў блізкіх стасунках, у сям’і. Часам, дарэчы, чалавек нават сьвядома ня зьвязвае ўсё гэта з тым траўматычным досьведам, які ў яго ёсьць.
У далейшым на ўзроўні цела гэта можа прыводзіць да хвароб, павышэньня рызыкі суіцыдаў, злоўжываньня алькаголем, гвалту ў сям’і і адзін над адным.
Калі праходзіць нямала часу, а чалавек застаецца спакойным, значыць, у яго не сфармавалася посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Псыхіка — дзіўная сыстэма. Яна імкнецца да аднаўленьня, як рана да загойваньня. Пагадзіцеся, адзін чалавек паглядзіць фільм жахаў — і тыдзень ня зможа спаць, а другі падумае: „Што тут страшнага?“
У кожнага сваё ўспрыманьне. Плюс яно залежыць ад ступені сьвядомай уцягнутасьці: чым яна большая, тым ніжэйшая рызыка посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Тыя, хто сьвядома сутыкаецца з чымсьці і гэта пражывае (калі актыўнасьць чалавека напоўненая энэргіяй яго сапраўдных перакананьняў і каштоўнасьцяў), лягчэй пераносяць тое, што адбываецца, чым тыя, хто, напрыклад, проста сочыць за навінамі ў тэлеграме. З агаворкай толькі, калі гэта не масіўная траўматычная падзея, зьвязаная з гвалтам. У гэтым выпадку закранае ўсіх.
Варта таксама ўлічваць, што турбулентнасьць працягваецца, а значыць, мы працягваем жыць з пачуцьцём эмацыйнай мабілізацыі. Пакуль гэта адбываецца, посттраўматычныя наступствы могуць не адчувацца. Часта бывае так, што, калі чалавек едзе ў бясьпечнае месца ці ўсё сканчаецца і, здавалася б, можна выдыхнуць, пачынаюцца псыхалягічныя або псыхічныя праблемы.
Пасьля траўматычных падзей толькі трэцяе пакаленьне можа быць больш-менш свабодным ад гэтага траўматычнага досьведу. Гэта значыць, вашы ўнукі.
Страх пры зьяўленьні міліцыі хутка ня пройдзе. Ёсьць прыказка: апёкся на малацэ, дзьмеш на ваду. Тое ж і з асаблівасьцю траўматычных перажываньняў. Пры траўме, нават калі чалавек быў проста сьведкам, псыхіка выразна вылоўлівае прыкметы таго, адкуль можа ісьці небясьпека. Стоячы на прыпынку, мы яшчэ доўга будзем узірацца: што гэта — маршрутка або бусік. Думаю, гэта інстынктыўная здольнасьць чалавека, якая дазваляе яму выжываць.
„Перагарнуць старонку“ не атрымаецца, псыхіка так не працуе. Да лекара, па віне якога адбылася трагедыя, наўрад ці будзе чарга на прыём. Каб стаўленьне памянялася, яму давядзецца адкрыта расказаць пра здарэньне. А потым зноўку даказаць свой прафэсіяналізм. Перайменаваньне міліцыі ў паліцыю, як гэта адбылося ў Расеі, стаўленьня да супрацоўнікаў не зьмяніла.
Ці ёсьць ува ўсіх гэтых падзеях нешта добрае для псыхікі? Часта кажуць, што беларусы ўбачылі адзін аднаго. Мы ўбачылі аднадумцаў, а таксама тых, хто думае інакш. І нам трэба навучыцца быць разам, нават калі мы думаем па-рознаму. Без таго, каб зьнішчаць. Гэта першае.
Другое: нам трэба навучыцца журыцца і смуткаваць. Гэта вельмі важна, бо той, хто добра журыцца, добра радуецца. Працэсы смуткаваньня спрыяюць разьвіцьцю. Калі ты тужыш па нечым каштоўным, што адышло, страчана або закончылася, яно застаецца ў табе як досьвед, зь якім ты ідзеш далей.
„У яго былі белыя вырачаныя вочы“
Анатоль:
Читать дальше