Людзі, якія не падтрымліваюць пратэсту і апынуліся ў аўтазаку выпадкова, напрыклад па дарозе ў краму… Адны зь іх яшчэ больш умацуюць сваю ўпэўненасьць, што тыя, хто выходзіць на маршы, дрэнныя: „Праз вас я таксама пацярпеў“. Другія ўбачаць сытуацыю пад іншым вуглом. Мне здаецца, частка ахоўнікаў, калі глядзяць на тых, хто трапляе паводле палітычных артыкулаў, пачынаюць мяняцца. Бо відавочна, што ім даводзіцца працаваць зь людзьмі, якія паводзяць сябе спакойна, інтэлігентна і культурна, не праяўляючы прыкмет гвалту; да іх ня трэба ўжываць жорсткіх мэтадаў кантролю.
Колькасьць людзей, якія цяпер зьвяртаюцца да спэцыялістаў, значна павялічылася. Вялікая колькасьць тых, хто ні ў чым ня ўдзельнічаў, — іх турбуе пачуцьцё віны і трывогі. Шмат родных і блізкіх удзельнікаў акцый і самі ўдзельнікі.
У нейкі ступені наша грамадзтва даўно траўмаванае. Не ў палітычным кантэксьце, а ў пляне грамадзкай сьвядомасьці, калі грамадзтва — гэта як жывы арганізм. За XX стагодзьдзе мы перажылі рэвалюцыі, дзьве вайны, рэпрэсіі 1937-га, развал Саюзу. Практычна ніхто з нас нічога з гэтага не прапрацоўваў, як, напрыклад, было ў Нямеччыне з дэнацыфікацыяй. Мая думка: тое, што адбываецца цяпер, — гэта свайго роду сутыкненьне новага і старога, савецкага. Гэта значыць, нагадваюць пра сябе непрапрацаваныя траўмы. Ваенная рыторыка, якая цяпер у нас актыўна трансьлюецца, гэта прыклад траўматычных наступстваў Другой сусьветнай вайны.
Ёсьць і такія, хто працягвае жыць, быццам нічога не адбываецца. У кожнага свая жыцьцёвая прастора. Можна думаць, што ёсьць тыя, у каго яна не перасякаецца з падзеямі, што адбываюцца. Хоць яшчэ Фройд казаў: псыхіка ўяўляе сабой айсбэрг, вялікая частка якога (гэта значыць, несьвядомыя працэсы) пад вадой, і толькі верхавіна — гэта тое, што мы ўсьведамляем. Магчыма, гэтыя людзі проста пакуль не ўсьведамляюць, што зь імі нешта адбываецца.
Напрыклад, родныя затрыманых перажываюць тыя ж вельмі моцныя пачуцьці, што і тыя, хто быў затрыманы або пацярпеў. Плюс у іх дадаецца вялікі страх страты.
Ёсьць нямала гісторый, калі блізкія затрыманага, якія да арышту яго падтрымлівалі, пасьля пачынаюць вінаваціць. Тут шмат што залежыць ад ступені эмацыйнай залежнасьці адзін ад аднаго. Чым яна большая, тым мацнейшым пасьля будзе пачуцьцё страты, злосьць і абвінавачваньне. Тут добры прыклад — адносіны паміж сынам і бацькам, які пайшоў на фронт і загінуў. З аднаго боку, дзіця любіць бацьку, а з другога злуецца, што той выбраў барацьбу, а не сям’ю. Спатрэбіцца шмат часу, каб дзіця зразумела: тата ня мог іначай. Дарэчы, тут ёсьць і іншы момант. Напрыклад, бацька застаўся дома. Ня факт, што ў будучыні дзіця ў яго не спытае: „Чаму ўсе пайшлі, а ты не? Ты баязьлівец?“
Калі бацькі — прыхільнікі дзейнай улады, выклікаюць міліцыю на дзяцей, якія вешаюць на вокны БЧБ-шторы… Думаю, тут у іх першапачаткова была нейкая канфліктная сытуацыя, у якую ўпляліся новыя, палітычныя дачыненьні. Я абсалютна ўпэўнены, што гэтым бацькам ня ўсё роўна. Але адбываецца дзіўны перакрут: я ў табе маю патрэбу, але, раз ты не са мной, я буду цябе атакаваць. Аднаму з бацькоў важна, каб дзіця было ягоным працягам — такіх самых ідэй, поглядаў, але ў падобных сем’ях дзеці часта, наадварот, імкнуцца адарвацца, каб адчуць сябе індывідуальнымі і асобнымі. У выніку бацька ці маці ўспрымаюць гэта як атаку, нібыта сын або дачка забірае ў іх сябе.
Ахвяры (тыя, каго білі) і агрэсары (тыя, хто біў) па-рознаму перажываюць падзеі. Ахвяра адчувае боль — эмацыйны, фізычны. Гэты боль прымушае зважаць на тое, што баліць. Калі гэтую траўму прапрацоўваць (што можа заняць не адзін год), то з гэтага стану можна выйсьці безь вялікіх страт. Калі ж чалавек ня мае атачэньня, якое яго прымае, або няма куды зьвярнуцца па дапамогу, то боль ізалюецца ў псыхіцы.
Парадокс у тым, што празь нейкі час гэтая непрапрацаваная псыхічная траўма перадасца дзецям, наступнаму пакаленьню. Напрыклад, ахвяра будзе трансьляваць сыну або дачцэ: „Каб не было балюча, ты павінен сам стаць катам“.
З агрэсарамі ўсё інакш. У нейкі момант яны апынаюцца ў безвыходным становішчы. Калі яны зробяць нешта, каб адчуць боль (ці ўвогуле проста адчуць), гэта значыць, што ім давядзецца сутыкнуцца і з болем іншых людзей, гэта значыць зь незваротным жахам, які ўжо быў учынены. Перанесьці гэта вельмі складана. Таму псыхіка агрэсара працуе на тое, каб да канца заставацца на ранейшых рэйках. Каб ні на крок не пасунуцца да магчымасьці хоць нешта адчуць. Гэта трагедыя для ўсіх.
Читать дальше