Праз працяглы час заўважыў, што заехалі ў горад. Зразумеў, што гэта Магілёў, — разгледзеў рэгіён на нумарах машын. Прыбылі да ІЧУ, дзе доўга стаялі — відавочна, разгружалі астатніх. Пра тое, што ў Магілёве нешта ня так, стала зразумела адразу — калі ніхто чамусьці не лаяўся матам, а вайскоўцы ўнутраных войскаў пачалі вышукваць зялёны парасон і партманэт, якія былі ў кагосьці ў асабістых рэчах.
Доўга мы стаялі ў калідоры ІЧУ, чакаючы сваёй чаргі на засяленьне. Пасьля ператрусу, які быў самым пільным з пачатку адседкі, прыйшоў маёр і спытаў, хто сядзеў у 32-й камэры ў Жодзіне. Аказалася, што клапатлівыя ахоўнікі пазначылі недзе, што ў нас вошы. Таму ў Магілёве 8 чалавек з 32-й (астатнія зьехалі ў магілёўскую турму, а не ў ІЧУ) засялілі ў адну 10-мясцовую камэру.
Ня памятаю, ці пасьпелі мы павячэраць. Але пасьпелі прачытаць у распарадку на дзьвярах, што курыць можна раз на дзьве гадзіны. І ўзрадаваліся.
У камэры была і гарачая, і халодная вада; выкладзеная пліткай параша мела плястыкавыя дзьверцы. Люстэрка не было, праз замазаныя нібыта мылам вокны нічога не відаць. Выдалі чыстую белую бялізну. Аднак матрацы і падушкі бачылі многае, вядома. Матрацы трэба было зьбіваць, ірваць унутры іх напаўняльнік, каб спаць нармальна, а не на камяках ваты.
Даведаліся ў ахоўнікаў, што ў сераду магчымая лазьня, а ў чацьвер павінны прынесьці перадачы. Нагадаю, прывезьлі нас у суботу, 14 лістапада. І ўсе аказаліся такімі выхаванымі, што пакінулі свае прадукты ў Жодзіне. Спробы вывезьці з Жодзіна частку сала спыняў сівы мужык, які сядзеў там жа; ён калісьці быў вайскоўцам. Сквапны, напэўна. Затое нехта з сукамэрнікаў вывез амаль усе цыгарэты.
Праз два дні, 16-га, двум нашым імяніньнікам прыйшлі лісты ад валянтэраў, адзін нават атрымаў ліст ад маці. Прыкладна да аўторка мы згуртаваным калектывам жылі, зрэдку душачы там-сям вошай, якія адступалі ў швы адзеньня.
У Магілёве, у адрозьненьне ад Акрэсьціна і Жодзіна, былі ранішнія праверкі — аж паўузводу людзей у пагонах (некаторыя з драўлянымі малаткамі на доўгіх ручках і зь люстэркамі, як на мытні) заходзіла ў камэру. Там яны пераварочвалі матрацы і стукалі, мабыць, па нарах. Аднак чатыры запалкі ў камэры ўсё ж знайшлі не яны.
У аўторак да нас, вашывых палітычных, падсялілі яшчэ двух — менчукоў з апошняга маршу. Аднаму, студэнту Ігару, далі паводле двух пратаколаў (23.34 і непадпарадкаваньне) 25 сутак, другому, ахоўніку Лёшу, — 15 сутак паводле ўсім вядомага артыкулу. Ад іх даведаліся пра гібель Рамана Бандарэнкі і акцыі памяці.
Неўзабаве высьветлілася, што вышэйшыя сілы забараняюць спаць на матрацах удзень, а гарачая вада была адключаная „з прычыны правядзеньня работ“. Радыё зь „Юністар“ раптам пераключылася на „Культуру“. У душ у сераду нас не звадзілі. Аднак зьдзівілі тым, што звадзілі ў чацьвер! Як было выдатна памыцца ўпершыню за амаль два тыдні! І нават гарачую ваду ў працэсе мыцьця не адключалі! У чацьвер вечарам яшчэ прыйшлі перадачкі, зь якіх нічога ня скралі. Крышнаіту, дзякуй Богу, перадалі ўсялякія арэхі. Бо мяса ж ён ня еў.
У ІЧУ ёсьць бібліятэка, і мы бралі адтуль кніжкі. Мяркуючы па ўсім, спадары ахоўнікі спрабавалі жартаваць, бо першы раз, сярод іншага, прынесьлі нам зборнік апавяданьняў ібэрыйскіх пісьменьнікаў пад назвай нешта накшталт „Крык пеўня ў бухце“.
Дзякуючы мясцовай бібліятэцы прачытаў першы том „Зьнесеных ветрам“. Цікавае чытво, вядома. Такімі дзіўнымі здаюцца выпісаныя там уяўленьні людзей.
Днём у суботу, 21 лістапада, раптам вывелі на шпацыр. Бэтонны дворык, у суседніх былі яшчэ людзі. Хтосьці добрым баском засьпяваў казацкую песьню „Калі мы былі на вайне...“ Падумаў, што гэта міліцыянт і крыкнуў, што не туды ён пайшоў працаваць, вядома. Хлопцы, праўда, казалі, што гэта з асуджаных хтосьці.
Адзін сукамэрнік тэмпэратурыў, і аднойчы ноччу яму стала кепска — паехаў на „хуткай“. Вярнуўся неўзабаве. Яму зьбілі тэмпэратуру, прапісалі антыбіётыкі, якіх не было ў ІЧУ, і адпусьцілі. На патрабаваньне яму выдавалі флавамэд і кроплі для носу. Забаўляла, што назвы ён не запомніў і пэрыядычна патрабаваў выдаць яму фэнібут. Пасьля паездкі гэтага хлопца на „хуткай“ у мяне паступова зьнік нюх, я перастаў адчуваць смак і без таго прэснай ежы, башка была „мутная“ — як быццам пры паніжаным ціску. У некаторых таварышаў заклала насы.
Увечары 21-га сказалі зьбірацца. На аглядзе зноў разьдзелі дагала. Калі стаяў каля залепленага напалову вакна з голай натурай і глядзеў на відэакамэру зьверху, пачуў Насьцін голас. Мяркуючы па ўсім, яе ўжо амаль выпусьцілі. Хтосьці тлумачыў ёй, як дайсьці да вакзалу. Я апрануўся ў праінспэктаваныя рэчы, сказаў ахоўнікам побач, што чую голас знаёмы. Адзін адказаў, што так, разам з вашай дзяўчынай выйдзеце.
Читать дальше