Потым здарылася штосьці незвычайнае. У адзін з красавіцкіх дзён у сваёй паштовай скрыні я знайшоў часопіс, які не выпісваў. Гэта было нейкае прамыслова-індустрыйнае выданне пра арганізацыю працы, назву якога ўжо і не згадаю. Я падумаў, што паштарка памылкова ўзбагаціла мяне за кошт кагосьці з суседзяў. Але гэтая думка цешыла мяне толькі да таго часу, пакуль я не зазірнуў усярэдзіну часопіса. На старонцы з глыбакадумнай пазнакай «Змест» назва аднаго артыкула была абведзеная чырвоным стрыжнем – «Да гісторыі адной авантуры 1930-х. Прамысловая вытворчасць паркавых скульптураў па саматужніцкіх тэхналогіях».
Аўтар, чыё імя мне ні пра што не казала, распавядаў пра эксперымент, пастаўлены ў самым канцы 20-х гадоў. Паводле ягоных звестак, тады ў Смаленску спрабавалі наладзіць прамысловую вытворчасць скульптураў даўнімі метадамі. Сыравінай для гэтых паркавых статуяў акурат і былі яйкі птушкі Рух – дакладней, аўтар называў іх яйкамі дагістарычных птушак. У тэксце распавядалася, як нейкі прайдзісвет і махінатар Абрыкосаў угаварыў чыноўнікаў з Наркамата асветы рабіць з гэтых яек статуі, якія мусілі ўпрыгожыць савецкія паркі. Ну, вы ж ведаеце ўвесь гэты бэстыяр – розныя там дзяўчаты з вёсламі, піянеры з горнамі і барабанамі, рабочы і сялянка… Для пачатку яму дазволілі адкрыць невялікую майстэрню, і ёй жа ўрэшце ўсё абмежавалася.
Абрыкосаўскія скульптуры, як ён ні стараўся, атрымліваліся не тое што нягеглымі… Яны былі папросту антысавецкімі, яны былі пародыяй на абвешчаную задуму. Дзяўчына замахвалася вяслом, каб адвесіць свайму візаві добрага кухталя, піянер з горнам стаяў сагнуўшыся, быццам яму балеў жывот, а рабочы і сялянка з дапамогай сімвалаў пралетарскай еднасці відавочна меліся вырашаць сваю сямейную спрэчку. І пры гэтым ва ўсіх быў такі зверскі выскал на тварах, што ставіць гэтыя скульптуры ў парках, прызначаных для сямейнага адпачынку, было прызнана немэтазгодным. Невялікія блякла-шэрыя фотаздымкі на глянцавых старонках часопіса паказвалі, як выглядалі творы майстэрні. Скажу па праўдзе, яны мала чым саступалі кадрам з сучасных фільмаў жахаў.
У пастанове камісіі атрыманыя скульптуры былі названыя яркімі прыкладамі дэгенератыўнага буржуазнага мастацтва, чужога пазітыўнаму светагляду савецкіх людзей. Майстэрню закрылі, усе яе работнікі адправіліся ўзводзіць Беламорска-Балтыйскі канал, сам Абрыкосаў праз год быў расстраляны як трацкісцкі шпіён і брытанскі агент. Альбо трацкісцкі агент і брытанскі шпіён – даслоўна я ўжо не памятаю. Дакументы ж, датычныя дзейнасці майстэрні, надоўга былі засакрэчаныя.
* * *
Мангол заўважыў, што гутарка акулярніка становіцца больш павольнай. Ён рабіў паўзы, спыняўся, цяжэй дыхаў. Часам здавалася, што словы спыняюцца ў яго на языку і не хочуць з яго саслізгваць. Акулярнік рабіў намаганні і выштурхоўваў непаслухмяныя словы…
* * *
Аўтар артыкула да ідэяў Абрыкосава паставіўся адмоўна: маўляў, цемрашальства нейкае, угрунтаванае на алхіміі. Што праўда, дадаваў ён, гэта ўсё адно не нагода для рэпрэсіяў.
Але мяне больш за ўсё зацікавіла дэталь, якую аўтар падаваў між іншага, не надаючы ёй нейкай увагі. У артыкуле раскрывалася метадалогія, якой карыстаўся Абрыкосаў: гэта былі ўсе тыя самыя алхімічныя дзеянні, але наваяўлены творца-Франкенштайн абышоўся без чытання заклёнаў і кідання ў агонь саламандры – палічыў гэта бабскімі забабонамі. Я адчуваў, што менавіта тут і была ягоная памылка! Ну, вядома, у чытанне заклёнаў я і сам не веру, але саламандра – гэта ж абсалютна матэрыяльны складнік, рукамі памацаць можна.
Я быў так усхваляваны, што не адразу задумаўся, адкуль у маёй паштовай скрыні ўзяўся гэты часопіс і хто яго туды закінуў. Зрэшты, варыянтаў было няшмат: гэта той мой пераследнік у скураной куртцы або нехта з ягоных напарнікаў. Але навошта яны гэта зрабілі? І чаму так сочаць за мной і маімі пошукамі?
Адказу чакаць давялося нядоўга. Праз некалькі дзён у сваёй паштовай скрыні я знайшоў… Не, гэтым разам быў не часопіс, а ліст. Звычайны ліст – адно што выдрукаваны, а не напісаны ад рукі. Аўтары ліста пісалі, што ведаюць усё пра мае пошукі, што яны зацікаўленыя ў іх поспеху, бо таксама шукаюць яйкі птушкі Рух, і што яны прапануюць мне ўзнагароду. Калі я высветлю, дзе застаюцца паклады гэтых выкапнёвых яек, то мне дадуць энную суму – за знаходку і маўчанне.
Акурат калі я дачытаў гэты ліст і яшчэ трымаў яго ў руках, не ведаючы, што з ім зрабіць, у мяне зазвінеў тэлефон. Незнаёмы густы голас спытаўся, што я думаю наконт іх прапановы. За мной сачылі нават дома! У спалоху я кінуў слухаўку і больш у той вечар не падыходзіў да тэлефона.
Читать дальше