Адам Глобус
Гісторыі пра Мінск і ваколіцы
© Уладзімір Арлоў, 2005
© І. П. Логвінаў, выдавец, 2005
На пачатку жыццёвых шляхоў малады чалавек вырашыў займець адметную прафесію, вырашыў навучыцца лавіць чорта. Бацькі пакінулі хлопцу вялікую спадчыну, таму сродкаў хапала. Некалькі гадоў малады чалавек шукаў настаўніка, які змог бы навучыць яго перамагаць нячыстага. Нарэшце на далёкім хутары пад Наваградкам знайшоўся стары майстра па ловах чартоў. Адмысловец запатрабаваў вялікія грошы за сваю няпростую навуку. Вучань заплаціў і дзевяць гадоў пражыў на хутары. За гады навучання ён напісаў навуковую працу – Чорна-чырвоную кнігу, у якой падрабязна апісвалася, як злавіць і пакараць шкодную пачвару. Без грошай, але з Чорна-чырвонай кнігаю ды ні з чым не параўнальнымі ведамі мужчына вярнуўся ў сталіцу. У Мінску ён пачаў абыходзіць розныя ўстановы і прадпрыемствы ды прапаноўваць свае ўнікальныя здольнасці і веды, але нідзе адмыслоўцы па ловах чартоў не патрабаваліся. Усе, як адзін, казалі, што пры першым з’яўленні нячыстага адмыслоўцу абавязкова паведамяць і абавязкова паклічуць на дапамогу. Прайшло шмат гадоў, ніхто так і не паклікаў паляўнічага, які перабраўся на далёкі хутар пад Нясвіжам і тамака вёў сціплае паўжабрацкае жыццё. Ён нават быў падумаў, што дарэмна вучыўся перамагаць чорта і дарма напісаў Чорна-чырвоную кнігу, але аднойчы з Мiнска прыехаў на хутар малады багаты хлопец, які папрасіў навучыць яго лавіць і перамагаць чорта.
Хлопец закахаўся ў дзяўчыну. Моцна закахаўся. Мацней і не бывае. Хадзіў ён за сваёй абранніцай можа з год, а мо і болей. Змучыўся, бо дзяўчына насміхалася з хлопца. Здзеквалася з яго. Нават прымушала зямлю есці. Нібыта толькі так, глытаючы сырыя камякі чорнай зямлі, ён мог давесці яе жорсткаму сэрцу, што кахае па-сапраўднаму. Людзі кпілі з закаханага. Дурнем называлі. Ён трываў. Аднаго разу дзяўчына не прыйшла на спатканне ў прызначаны час. Хлопец так знерваваўся, так спакутаваўся, што вырашыў задавіцца. Дастаў ён з шуфляды маток тоўстай вяроўкі. Выйшаў у сад. Стаў пад яблыняй. Пачаў завязваць пятлю. І ў гэты момант зямля расхінулася. З чорнай глебы вылез Ліловы чорт. «Не так завязваеш! Дай сюды вяроўку! Зараз пакажу!» Хлопец шпурнуў чорту вяроўку і кінуўся ўцякаць. Узмакрэў увесь, але ўцёк. Дурное каханне да жорсткай дзеўкі выйшла тады з хлопца разам з потам.
Бывае: кот уздзярэцца на дрэва, а злезці не можа. Мяўкае, жаліцца, просіць дапамогі. Такое здараецца і з дарослымі катамі, і з кацяняткамі. Кацянятка, вядома, шкада болей. Так мой знаёмы – былы спартовец, які трымае карусель у дзіцячым парку на беразе Свiслачы, – расказваў пра сваю шкадобу да чорнага кацяняці. Ішоў ён раніцаю праз парк і пачуў мяўканне. Пайшоў карусельнік на тое слязлівае мяўканне ды зняў кацяня з дзікай грушы, балазе не высока ўзлезла. Зняў, паставіў яго на зямлю і пашыбаваў да сваёй каруселі. Праз тыдзень прыйшло да карусельніка чорнае кацяня і прынесла яму ў зубах Залатую мышку. Паклала мышку каля ног і кажа: «Ты возьмеш сабе Залатую мышку! Як толькі ты яе возьмеш, так адразу станеш шмат ведаць, бо будзеш чуць чужыя думкі. Ты зможаш слухаць чужыя думкі, ажно пакуль не раскажаш пра сваю чароўную здатнасць. Раскажаш – здатнасць прападзе, а мышка ўцячэ!» Толькі карусельнік ўзяў з зямлі Залатую мышку, як пачуў чорную думку чорнага кацяняці. Кацяня прагла як хутчэй развітацца з карусельнікам і пайсці ўпаляваць птушачку-сінічку. За расчараваннем у кацяняці прыйшло і расчараванне ў людзях. Большасць людзей была перапоўненая думаннем пра падманы, здрады, пра блюзнерства, зладзейства і нават пра забойства. Дзякучы ведам ад Залатой мышкі, свет карусельніка счарнеў ушчэнт. Карусельнік пакутаваў, пакуль не пайшоў да дзікай грушы, на якой некалі сядзела чорнае кацяня. Ён расказаў дрэву пра сваю здатнасць чуць чужыя думкі. Расказаў – і здатнасць знікла, а Залатая мышка ўцякла.
Калі ёсць стрэльба, дык і стрэл грымне. Хаця б адзін раз за сваё збройнае жыццё стрэльба сама страляе. Так і з маленькімі простымі запальнічкамі цуды здараюцца. Ёсць запальнічка, дык і агеньчык успыхне. Загарыцца агеньчык радасна, бо яму задушліва ў глыбінях запальнічкі сядзець. Не сакрэт – агеньчык любіць паветра. Без паветра агеньчыку змрочна і цяжка. Таму і выходзіць агеньчык з запальнічкі на прагулянку.
Читать дальше