Мужчына стаяў на гаўбцы, пазіраў на цёмны Мінск і курыў «Мальбара» з чырвонага пачака. Шэры дым плыў па сталічных праспектах, плошчах і вуліцах. Гарэлі тарфянікі і лясы. Пачатак лета выдаўся сухі, ветраны і спякотны. У лясах забаранілі раскладаць вогнішчы, але лясы ўсё адно загарэліся, за лясамі закуродымілі балоты. Шэры дым запоўз у вёскі, мястэчкі, гарады. Ад яго каламуціліся краявіды, чырванелі вочы і біў кашаль. Уночы з’яўляўся слабкі халадок, але і ён не цешыў змучаны гарачынёю народ. Мужчына ледзь датрываў да адпачынка. Увечары ён выклікаў таксоўку, што ранкам мусіла завезці яго з дачкою ў аэрапорт. Яны планавалі даляцець да Сухумі, адтуль даехаць аўтобусам да Піцунды і цэлы месяц адпачываць пад высознымі хвоямі на беразе чыстага мора. Тры месяцы мужчына марыў пра сустрэчу з лагодным морам. Перад сном ён мора ўяўляў. Вялікае, спакойнае, празрыстае мора. Нават уяўнае мора супакойвае. Цяпер мужчына хваляваўся і курыў адну цыгарэту за другой. Ён пачуў з радыё, што ў Абхазіі распачалася вайна. Ён не паверыў навіне. Праз кожную гадзіну мужчына праслухоўваў навіны. Халодны голас зноўку казаў, што ў Абхазіі пачалася вайна з грузінамі. Абхазы паўсталі супраць Грузіі. За ноч мужчына скурыў цэлы пачак «Мальбара». Яму вельмі хацелася далучыцца да паўстанцаў. Праглася прыляцець у Сухумі і разам з абхазамі ды чачэнамі вызваліць шматпакутную Абхазію. Раніцай мужчына не стаў будзіць дачку, калі пад гаўбцом спынілася таксоўка. Мужчына заплаціў шафёру за памылковы выклік і вярнуўся дамоў. Золак у той дзень быў дымна-шэры. У такія шэрадымныя золкі і пачынаюцца войны. Мужчына пабудзіў дачку, і яны паехалі на рэчку Іслач купацца. Вада ў рэчцы плыла ледзяная. Навокал стаяла сцяна Шэрага дыму. У гэтым Шэрым дыме гарэла і згарэла адна з самых вялікіх у свеце імперый.
Камуністы кажуць: надыдзе час, калі грошы знікнуць. Ага! Раней камунякі квакталі, што безграшовы час прыйдзе неўзабаве. Квактуны праквакталі свае жыцці, незабава працягваецца, а светлы час татальнага безграшоўя так і не надышоў. Грошай заўжды мала, капейчыны паўсюль не хапае, любоў да рубля – грэх… Толькі без іх не атрымліваецца ні жыць, ні любіць, ні квактаць пра будучыню, нават у чырванатварых ад перманетнага п’янства камуніздаў з камуняздамі не атрымліваецца. За «так» не наліваюць! Таму можаш уявіць, як я не па-дзіцячы ўзрадаваўся, калі чырвананосы Дзед Адмароз падарыў мне на Новы год Залатую крэдытку. Так і было! Вер! Я сумаваў каля маленечкай елачкі. Прыбраная цацкамі, паабчапляная лямпачкамі, узнагароджаная шкляной зоркаю мая штучная ялінка цешыла вока. Я піў і цешыўся. Тут і зайшоў Дзед Адмароз у чырвоным каптане. Зайшоў выпіў «штрафную», бо спазніўся, бо прыйшоў не а дванаццатай, а ажно а трэцяй гадзіне ночы. Выпілі мы, і ён падарыў мне Залатую крэдытку. Сказаў, што магу жыць, як пры камунізме, магу працаваць адпаведна здольнасцям, а набываць усяго столькі, колькі спатрэбіцца. Адна ўмова… Адна… Адна адзіная… Не трын-дзець! Трэба, каб пра Залатую крэдытку ніхто нічога не ведаў.
Мяне надоўга не хапіла. Дацягнуў да нашага праваслаўнага старога Новага года і прантрындзеўся. Напіўся з сябрунамі пад гастраномам «Цэнтральны». Яны пацікавіліся, на якія шышы гуляем. Мелі права пацікавіцца. Я заўжды цікаўлюся, за які такі рубель п’ю. Таму і расказаў пра Дзеда Адмароза і цудоўны крэдыт. Ніхто не паверыў, бо Залатая крэдытка, ліха на яе маці, перастала разлічвацца.
Ёсць у Мінску мужчынскі кравец, вялікі майстра шыць пінжакі. Вядома, калі навокал гурбы гатовага адзення, краўцу жывецца не так каб і соладка. Але прырода апякуецца краўцамі. Яна лепіць нестандартныя чалавечыя экзэмпляры. Некаму рукі да каленяў выцягне. Камусьці зробіць дупу ўдвая шырэйшую за плечы. Хтосьці атрымае ад яе куртатыя ногі. Тут і патрабуецца кравец. Ён так спрытна абаўе нестандартную паставу рознымі тканінамі, што прыродныя заганы зробяцца нябачнымі. Ёсць! Ёсць і ў нас такія майстры. Адзін такі – Ян Навіцкі – жыве насупраць Камароўкі. Кожную нядзелю ён выпівае некалькі чарак гарэлкі ў кавярні «Акварыум». Там я і пачуў ягоную гісторыю пра Жоўты пінжак. Вядомы на ўсю Беларусь бізнесовец Іван Старыкевіч вырашыў пашыць сабе Жоўты пінжак. Пінжакоў у таго заможнага капіталіста было шмат, але ў юнацтве ён пабачыў у амерыканскім часопісе Жоўты пінжак і вырашыў, што некалі абавязкова атрымае яго сабе ў гардэроб. Вырашыць вырашыў, але ўсё не было часу мару сваю запаветную здзейсніць. Так бы і пражыў Іван без Жоўтага пінжака, каб зноў не пабачыў яго ў новым амерыканскім фільме пра старыя часы. З фільмам на флэшцы і жоўтым матэрыялам у пакеце бізнесовец Старыкевіч прыйшоў да краўца Навіцкага, прыйшоў да найлепшага мужчынскага краўца. Ян узяў замову, атрымаў ад Івана аванс і пачаў працу. Бізнесовец, хай цяпер яму ў раі складаецца добрая банкаўская гісторыя, разбіўся на матацыкле. Заехаў у сцяну. Як так атрымалася? Каб хто растлумачыў. Цвярозы, ехаў і заехаў у цагляную сцяну. Смерць на месцы. Ян Навіцкі, ясная справа, працу над Жоўтым пінжаком спыніў. Паклаў недашыты пінжак у папяровы пакет і засунуў той пакет на самую высокую паліцу свайго працоўнага стэлажа. Уночы да краўца прыйшоў замоўцанябожчык і запатрабаваў неадкладна дашыць Жоўты пінжак. Навіцкі сваю работу любіць. Трэба ўстаць пасярод ночы і дарабіць пачатае? Устане і даробіць. Замоўца заўжды мае рацыю. Пад раніцу Іван Старыкевіч выйшаў з атэлье Яна Навіцкага ў выдатным Жоўтым пінжаку. З той ночы і пачаў лётаць па Мінску на грукатлівым матацыкле нябожчык у Жоўтым пінжаку. Лётаў ён глыбокімі начамі, людзям спаць не даваў і так усім надакучыў, што давялося раскопваць магілу, адразаць Івану Старыкевічу галаву і класці пад ногі. Такі зомбі не можа падняцца з магілы датуль, пакуль галава ягоная ў нагах ляжыць. Мужчыны, што адразалі і перакладалі бізнесоўцу галаву, выказалі сваё захапленне Жоўтым пінжаком. Некаторыя нават пазамаўлялі ў Яна Навіцкага падобныя пінжакі. Ён іх пашыў, толькі з іншай тканіны, бо такой, як была ў Івана Старыкевіча, ніхто дастаць не змог.
Читать дальше