А калі дзяўчынка перайшла ў пяты клас, якраз падчас канікул, з ёй здарыўся цуд – яна выйграла ў «Спортлато» 10 рублёў! Сама выйграла, на свае грошы – тыя, што ёй падарылі на дзень нараджэння. Вось было радасці!.. А тут якраз цётка Галіна ў турпаездку сабралася – у Рыгу. І дачку сваю, Таньку, крыху меншую за Аленку, вырашыла з сабою ўзяць. Чаму ж не катацца было – паездкі ад прафсаюза тады вельмі танна абыходзіліся. Тая якраз 10 рублёў і каштавала. Аленка, як пачула пра турпаездку, адразу плач учыніла: «І мяне, цётка Галя, вазьмі, і я хачу ў Рыгу з’ездзіць!.. У мяне і грошы на паездку ёсць!..» І паклала на стол свае 10 рублёў, у латарэю выйграныя. Ну, што было рабіць?.. Вырашылі – хай едзе! Стала дзяўчынка ў дарогу збірацца, а ў самой сэрца заходзіцца: яна ўжо ведала, што маці яе шмат гадоў назад з’ехала ў Рыгу і там прапала. Пазней, стаўшы дарослай, Алена прызнавалася мне, што ў ноч перад паездкай спаць не магла – кідалася па гарачай падушцы, уяўляючы сабе адну і тую ж карціну: вось прыедуць яны ў Рыгу, пойдуць па галоўнай вуліцы, падыдуць да галоўнага магазіна, і ім насустрач будзе ісці мама. І яны сустрэнуцца! Кінуцца адна да адной, абдымуцца, пацалуюцца і будуць доўга-доўга стаяць у абдымках… А вакол збяруцца людзі і будуць пытацца: «Што здарылася?.. Што здарылася?..» А цётка Галя, выціраючы слёзы, скажа: «Маці знайшла сваё дзіця!..» І ўсе пачнуць плакаць ад радасці…
Чаму сустрэча ўяўлялася менавіта ля галоўнага магазіна? Таму што ў той час у нашым райцэнтры самым вялікім і прыгожым будынкам быў новы ўнівермаг. І Аленцы здавалася, што ўсе людзі ў горадзе сустракаюцца менавіта там і ўсе важныя гарадскія падзеі адбываюцца таксама там. Так і ў Рызе будзе…
Мы часта паўтараем словы, што Зямля круглая, а свет цесны, і нават не ўяўляем сабе, наколькі, сапраўды, Зямля круглая і свет цесны. Турыстаў з невялікага беларускага гарадка прывезлі ў Рыгу, паказалі ім Ратушную плошчу і Домскі сабор, правезлі па вузкіх, дзіўных, еўрапейскіх вулачках, а потым «па просьбе працоўных» падвезлі да вялікага ўнівермага. У савецкі час, час усеагульнага дэфіцыту, адной з мэтаў турыстычных паездак было купіць у Маскве, Ленінградзе або Рызе штосьці новае, больш моднае, не такое, як шылі на сваёй мясцовай фабрыцы.
І што вы сабе думаеце?!. Усё адбылося, як і марыла дзяўчынка: на адной з галоўных вуліц Рыгі ў дзвярах вялікага ўнівермага яна, як кажуць, нос у нос сутыкнулася з роднай мамачкай. Такое ў кіно пакажы – ніхто не паверыць.
Вядома, яны самі адна адну не пазналі б – дзяўчынка проста не памятала маці, а маці пакінула дачку гадавалым немаўлём. Пра покліч роднай крыві ўспамінаць не будзем – ва ўсялякім разе ў той момант кроў маўчала. Пазналі адна адну сваячкі.
– Галька, ты?..
– Люська? Жывая?!
– А як жа? А вам бы хацелася, каб я памерла? Як кажуць, не дачакаецеся!.. Адкуль вы тут?
– Мы ў турпаездцы ад фабрыкі.
– У турпаездцы?.. Ад гармонікавай фабрыкі?.. Ну, вядома, іншага ж шляху выехаць у Еўропу для вас у вашай «дзірцы» няма…
– А ты дзе?.. Тут, у Рызе?.. Як жывеш, чым займаешся?..
– Жыву, як бачыш, някепска. І праца няцяжкая, – засмяялася Люська. – Дзякуй богу, хутка ўцяміла, што трэба бегчы ад твайго брата як мага хутчэй… А то таксама цяпер гармонікі на вашай фабрыцы збірала б… «Так хутка бегла, што нават пра роднае дзіця забылася», – са злосцю падумала Галіна, але ўслых гэтых слоў швагерцы не паўтарыла. Не схацела ўсчыняць скандал. З-за пляменніцы не схацела.
На працягу ўсёй размовы дзяўчынкі стаялі моўчкі, утаропіўшыся ў незнаёмку. Алёнка з першай хвіліны зразумела, хто гэта. Але… Яна столькі рыхтавалася да гэтай падзеі, столькі разоў уяўляла сабе гэтую сцэну, столькі разоў марыла, што цяпер, калі ўсё спраўдзілася, проста разгубілася.
Ды і зусім не такой яна ўяўляла маці. У сваіх марах і снах бачыла яе маладой, прыгожай, стрункай, бялявай… Гэта ж жанчына была не надта маладая, зусім непрыгожая і вельмі непрыемная – размаляваная, з фіялетавымі валасамі, з прыпухлым тварам, з пахам цыгарэт…
Галіна ж, распытваючы былую швагерку, страляла вачамі то на яе, то на пляменніцу… «Пазнае родную дачку ці не? Падкажа ёй сэрца ці не?» – думала жанчына. Люська і сама стала пераводзіць позірк з адной дзяўчынкі на другую.
– Слухай, а гэта – часам не мая?.. – раптам спытала яна, тыцнуўшы пальцам з аблупленым манікюрам у Аленку.
– Твая, – адказала Галіна, і сэрца яе сціснулася. Яна чакала, што зараз маці кінецца абдымаць, цалаваць дачку, што распачнуцца слёзы, усчыніцца лямант…
Читать дальше