Кроў яму я спыніла першым жа чынам, потым хуценька залячыла пашкоджанае вока і прывяла ў належны стан адзенне (звяла з джынсаў крывавыя плямы, адрамантавала падраныя месцы на тэнісцы і ўсё такое іншае). Потым, падышоўшы ўшчыльную, спынілася побач.
– Ну, усё, ідзем! – сказала я ласкава. – Хопіць за дурнямі назіраць! І, дарэчы, дзякуй за дапамогу!
– Няма за што! – машынальна адказаў хлопец і толькі пасля гэтага схамянуўся і паглядзеў на мяне дзіўным нейкім позіркам.
Штосьці бянтэжыла майго нечаканага выратавальніка… і я нават ведала, што канкрэтна збівала яго з панталыку…
Мае паводзіны…
Дзяўчына, толькі цудам пазбегнуўшая жорсткага групавога згвалтавання, павінна была паводзіць сябе крыху інакш. І нават не крыху, а зусім інакш!
Але мне ўжо надакучыла прыкідвацца!
– Пайшлі! – паўтарыла я і ўзяла яго за руку. – П’яных ідыётаў не бачыў, ці што?
А «п’яныя ідыёты» ўжо і на нагах стаяць не маглі. Качаліся па траве, кусаліся, драпаліся, мацярылі адзін аднаго сіплымі галасамі… але ўсё ніяк не маглі спыніцца…
Праўда, усяго гэтага мы ўжо не бачылі. Мы ішлі прэч, дакладней, гэта я ішла прэч і амаль сілком цягнула за сабой хлопца, які па-ранейшаму нічога не разумеў. І ўсё спрабаваў азірнуцца, кінуць, так сказаць, развітальны погляд на сваіх (дакладней, на нашых з ім) нядаўніх крыўдзіцеляў. А потым раптам спытаўся:
– А яны там не пазабіваюць адзін аднаго?
– Не ведаю! – адказала я шчыра і абыякава, потым падумала крыху і яшчэ больш абыякава дадала: – Не павінны, здаецца…
Хапаць адзін аднаго за горла, біць пальцамі ў вочы альбо прымяняць хоць-якую зброю (нажы, кастэты, нават камяні) мярзотнікі не мелі права (дзейнічала самае жорсткае табу, накладзенае мной). Але ж кулаком таксама можна забіць, тым больш, такім здаравенным… так што я і на самай справе не ведала, чым у іх там справа скончыцца…
Але, чым бы яна не скончылася, я магла са спакойным сумленнем сказаць: «Кодэкса не парушыла! Ні адзінага нават пункта! А тое, што прайшла па самай мяжы паміж уяўным парушэннем і простым перавышэннем паўнамоцтваў… гэта нічога! Не я першая…»
Куды больш непакоіў мяне ў дадзены канкрэтны момант мой нечаканы выратавальнік. Вунь з якой падазронасцю на мяне пазірае. І на свае джынсы таксама. Напэўна, спрабуе зразумець, куды гэта кроў з іх падзелася. Ці, можа, і не было там аніякай крыві?
Як жа хацелася мне адкрыцца гэтаму смеламу і сімпатычнаму хлопцу, выкласці яму ўсю праўду пра сябе (ці, хаця б, частку гэтай праўды…), і ў той жа час выкласці яму гэтую самую праўду я ніяк не магла! Па-першае, не факт, што паверыць, а па-другое, калі нават і паверыць…
Нельга!
Права такога не маю!
Вось таму, першаму (які Дзімка, і якога выбрала наша паважаная камісія пасля стараннага вывучэння ўсіх ягоных антрапалагічных дадзеных), вось яму я не толькі магла расказаць аб усім, але і проста абавязана была гэта зрабіць. Увесці, так сказаць, у курс спраў, калі б ён…
Калі б ён прайшоў адбор, дакладней, гэтую, самую першую, ягоную стадыю…
Якую ён праваліў, і праваліў з трэскам!
– Ты хто?
– Што?
Паглыбленая ў невясёлы свой роздум, я і не зразумела адразу, што гэта да мяне звяртаюцца.
– Маё імя – Ксенія! – прагаварыла я абыякава. – А ты… як, дарэчы, тваё імя?
Калі шчыра, мне было глыбока напляваць, як завуць гэтага хлопца, тым больш што я і так ведала ўжо ягонае імя: Канстанцін. Але ж ён быў самым звычайным чалавекам і таму зусім не падыходзіў на ролю кандыдата, а ўсё астатняе…
Усё астатняе проста не мела аніякага значэння…
– Запамятай! – рэзка (магчыма, занадта рэзка) прагаварыла я. – Нічога гэтага не было!
І, павярнуўшыся, не пайшла нават, пабегла прэч. І заплакала, упершыню за апошнія некалькі гадоў. Бегла і плакала, плакала і бегла… І праклінала ў душы гэтую дурную сістэму адбору…
«…А яшчэ раскажу табе пра адно дзіва: Люська аб’явілася! – паведамляла маці ў апошніх радках свайго пісьма. – Прыслала Ленцы паштоўку да дня нараджэння ажно з Фінляндыі, а потым – грашовы перавод на тысячу долараў! Успомніла мамачка пра дачушку, калі старасць прыйшла. Напэўна, хутка сама заявіцца…»
Я адклала ўбок ліст, спісаны прыгожым настаўніцкім почыркам. Калісьці ў педвучылішчах будучых настаўніц малодшых класаў вучылі каліграфіі, каб умелі прыгожа пісаць на дошцы і ў вучнёўскіх сшытках, і гэта ўменне яны захавалі на ўсё жыццё. Почырк ім не сапсавалі нават шарыкавыя ручкі. Мая мама заўсёды пісала – і лісты, і кароткія запіскі – прыгожа і акуратна. Мама наогул любіла эпісталярны жанр. Нават цяпер, калі лягчэй і хутчэй было б звязацца са мной, хай сабе не па інтэрнэце, а хаця б па тэлефоне, яна штотыдзень пісала мне лісты, дзе падрабязна паведамляла пра ўсе апошнія навіны, якія адбываліся ў нашым райцэнтры. І якая радасць была мне атрымліваць тыя белыя канверцікі!..
Читать дальше