А дзяўчынка Маша яму і кажа:
– У мяне, між іншым, першы разрад па дзюдо!
А потым павярнулася яна да Пеці-выдатніка і ласкава так дадала:
– Не бойся, хлопчык, я цябе ў крыўду не дам!
А яшчэ потым узяла яго за руку і яны пайшлі. У кіно. І Вася пайшоў. У процілеглым напрамку.
І вельмі ён на Пецю-выдатніка пакрыўдзіўся. Цэлыя тры ўрокі з ім не размаўляў.
Аж да самай кантрольнай. Па матэматыцы.
Сістэма натуральнага адбору
Нарэшце я змагла добра яго разглядзець. Візуальна, я маю на ўвазе, а не праз унутраны зрок, як раней…
Аб’ект майго цярплівага чакання якраз накіроўваўся ў бок парку. Але не адзін, што было б проста ідэальным варыянтам, а ў кампаніі двух сябрукоў, самых звычайных маладых людзей, якія нічога звышасаблівага сабою не ўяўлялі. А значыцца, яны былі лішнімі тут, гэтыя ягоныя сябрукі…
Што ж, такі варыянт развіцця падзей я таксама прадугледзела загадзя. Амаль падышоўшы ўжо да паркавай брамы, іржавай і перакошанай, аб’ект раптам спыніўся (не без маёй дапамогі, зразумела), павярнуўся і, ляпнуўшы сябе далоняй па ілбе, хутка пашыбаваў у зваротным напрамку.
– Ты куды, Дзімка? – запознена выгукнуў яму ў спіну адзін з сябрукоў.– Забыўся чаго?
– Забыўся! – не абарочваючыся, кінуў у адказ аб’ект (ён жа Дзімка). – Ідзіце, я вас даганю!
Далей усё пайшло як па масле. Сябры Дзімкі рушылі сабе далей, а сам ён, звярнуўшы на бакавую сцяжынку, спыніўся раптам і пачаў недаўменна азірацца па баках… І яго можна было зразумець…
Кінуўшы хлопцу нечаканую думку аб чымсьці забытым і празмерна важным (жыццёва неабходным нават!), я так і не паспела ўцяміць, што ж такога важнага і жыццёва неабходнага мог забыць гэты самы Дзімка. І, галоўнае, дзе канкрэтна ён мог забыць гэтае «жыццёва неабходнае»?
Таму, хуценька змяніўшы версію, я вырашыла, што аб’екту тэрмінова спатрэбілася набыць некалькі талончыкаў на аўтобус-тралейбус у бліжэйшым кіёску «Саюздруку». Тое, што ў хлопца ў кішэні мог мецца праязны на ўсе віды гарадскога транспарту, мне неяк не прыйшло ў галаву… ды, калі казаць шчыра, не мела аніякага значэння…
Каля кіёска Дзімку прыйшлося адстаяць невялікую чаргу, але тут я была зусім нават ні пры чым. Чарга ўтварылася сама па сабе… так што, калі аб’ект (ён жа Дзімка) зноў уваходзіў у перакошаныя і назаўсёды расчыненыя вароты парку, сябрукі ягоныя былі ўжо даволі далёка.
А, значыцца, можна было пачынаць.
– Увага! – у думках падала я каманду тром п’яным мярзотнікам, якія ўвесь гэты час паслухмяна хаваліся ў зарасніку здзічэлага бэзу. – Падрыхтаваліся!
Мярзотнікаў я выявіла і спецыяльна адлавіла зусім непадалёку адсюль. І адлавіла ў той крытычны момант, калі яны, з рогатам і шматлікімі нецэнзурнымі выразамі, спрабавалі зацягнуць у кусты дзвюх старшакласніц, якія прагульвалі ў гэтым закінутым парку нейкі свой ці то ўрок, ці то факультатыў. Ды яшчэ і курыць спрабавалі, шмакадзяўкі!
Вядома ж, трэба было іх за гэта прыкладна пакараць (мярзотнікаў, я маю на ўвазе, не старшакласніц), але ў мяне меліся на гэтых п’яных аболтусаў свае віды. І таму, поўнасцю авалодаўшы іх свядомасцю, я хуценька адвяла ўсю тройцу як мага далей ад румзаючых і да паўсмерці перапалоханых ахвяр, а, дакладней, у гэты здзічэлы (і таму даволі калючы) бэз. А зарумзаным шмакадзяўкам загадала (у думках, зразумела ж, не ўслых) тэрмінова пакінуць небяспечны гэты парк і бягом імчаць на гэты свой урок (ці факультатыў). Нічога, што столькі часу прайшло… няхай толькі прабачэння ў настаўніка папросяць за спазненне…
Так што ўсё пакуль ішло як па масле. Аб’ект (ён жа Дзімка), весела насвістваючы, ішоў па цяністай алеі парку, паступова набліжаючыся. П’яныя мярзотнікі таксама былі ў форме і толькі чакалі апошняй маёй каманды… ну, а я сама размясцілася так, каб аб’ект змог мяне ўбачыць, як толькі паверне ўлева разам з паваротам сцяжынкі…
Патрэбную каманду мярзотнікам я дала загадзя, і калі гэты самы Дзімка апынуўся ў полі майго зроку (а я ў полі ягонага зроку, адпаведна), гэтыя тры п’яныя дэбілы ўжо адрываліся, як кажуць, па поўнай. Двое моцна трымалі мяне за рукі, а трэці, па ўсяму было бачна, самы галоўны ў іх п’янай шайцы-лейцы, гнюсна гагочучы, слініў мне шыю і шчаку сваімі пракурана-смярдзючымі вуснамі. А адначасова з гэтым яшчэ і за грудзі хапаў, спрабуючы расшпіліць блузку… што было ўжо поўнай імправізацыяй з ягонага боку, бо каманды на такое я пакуль не давала…
Гэтая ягоная самастойнасць у прыняцці рашэнняў павінна была мяне неяк насцярожыць, але чамусьці так і не насцярожыла. І дарэмна, як высветлілася ў далейшым…
Читать дальше