Пад раніцу разбудзіў моцны стук у акно. Гаспадыня, наспех апрануўшыся, выбегла ў сенцы. Праз хвіліну ў хаце з’явіліся паліцаі, а з імі – чалавек у чорным мундзіры. Адзін з іх – нахабны, самаўпэўнены, з шырокім, як засланка, тварам, тыцнуў кручкаватым пракураным пальцам у бок Розы і яе дзяцей:
– Хто такія? – запытаўся грозна.
– Гэта – бежанцы, Мікіта Макаравіч! – спакойна адказала Мар’яша. – Вось папрасіліся ўчора ўвечары да нас пераначаваць. Дазволіла. А што такое, чаму так рана прыляцелі ў нашу вёску? Штосьці здарылася на чыгунцы?
– Не, нічога асаблівага не адбылося, чарговы агляд вясковых хат, – супакоіў знаёмец.
«Чорны мундзір», затрымаўшы цяжкі позірк на спалоханай Розе, паправіў фуражку. Глуха гыркнуў паслугачу:
– Юда, кіндар…
Той адразу кінуўся да Яніка, сцягнуў уніз штонікі… Дзеці заплакалі.
– Не, пан афіцэр, не абразаны. Беларускі хлопчык! – амаль весела адказаў Мікіта.
А сам запытаўся ў збялелай маладзіцы:
– Дзе дакументы? Давай сюды, хутчэй пакажы! Чаго так спалохалася, прыгажуня? Няўжо я такі страшэнны на выгляд, а? Ха-ха-ха! Многія маладзіцы ад мяне ў захапленні, бо мужыкоў няма…
Роза спакойна, нетаропка падала дакуметы. Адчувала: галоўнае зараз – заціснуць сваё хваляванне ў зубах. Вытрымаць, не выдаваць сябе, каб не нарадзілася падазронасць у ворагаў. Няхай дзівяцца! Прозвішча ў пашпарце значыцца іншае, чым на самай справе.
– Так, значыць, Лямкова Наталля Мікітаўна! Нацыянальнасць – беларуска. Куды трымаем накірунак? – пытаецца шустры паліцай, міргнуўшы Розе-Наталлі.
– Да родных, на Гомельшчыну! Дом у Мінску ператварыўся ў руіны, а жыць нам няма дзе. У мяне ж маленькія дзеткі, а лецейка хутка пралятае. Не заставацца ж на вуліцы, у нейкім будане ўзімку! – спакойна адказала жанчына, зірнуўшы прама на паліцая.
– А муж твой, прыгажуня, дзе забарыўся? – цікавіцца далей фашысцкі прыслужнік, хітра прымружыўшы нахабна-пажадлівыя вочы.
– Сабакам сена косіць! – літаральна выдавіла з сябе ўсмешлівая вандроўніца.
Раздаўся дружны рогат у хаце. Смяяліся паліцаі бадзёра і гучна. Было бачна: весяліліся ад усёй душы.
Атрымаўшы ад гаспадыні ладны кавалак сала, бутэльку «вогненнай вадзіцы», задаволеныя пакінулі хату. Адчувалася, «ганарары» ворагам спадабаліся.
Мар’яша, зірнуўшы на вокны, толькі ціха прамовіла:
– Роза! Паслухайце, калі ласка, маю параду! Вам трэба сягоння тэрмінова знікаць! Абавязкова! Гэты сыты Адась-лавелас, добра адчуваецца, вока на вас паклаў, як на вабную жанчыну! Спакою не будзе, пакуль не атрымае сваё! Гэты гад ужо шмат падмяў пад сябе жанчын, да дзяўчат нават дабраўся! Умывайце хутчэй дзетак, будзем усе снедаць. А потым – падрыхтую для вас маленькія пачастункі: хлеб, агуркі, яблыкі… А вось сала перакладу крапівай, каб не сапсавалася ў дарозе.
Роза добра ведала: Мар’яша мае рацыю. Трэба ўцякаць з лясной вёсачкі! І тэрмінова браць накірунак да цёткі Моці. Мажліва, засталося ўсяго нейкіх пятнаццаць кіламетраў да той Сасноўкі, дзе яна жыве. Не надта доўгі шлях. Можна ўжо смела лічыць: усё горшае засталося ў мінулым. А наперадзе – новыя клопаты і сустрэчы…
Каханне ў караценькіх штоніках
З цыкла: «Прыгоды Васі Лайдачкіна»
Як Вася з няёмкага становішча з гонарам выбрацца змог
Аднойчы Вася Лайдачкін Зойцы Зазнайкінай падножку падставіў. А Зойка яго за гэта дзённікам па галаве трэснула. А Васіль яе, за такую вялікую да сябе абразу, за валасы балюча таргануў. А Зойка ў адказ крэйдай у Васіля шпульнула, ды так спрытна, што ў самы лоб яму патрапіла. А Вася Лайдачкін на гэтае яе агрэсіўнае дзеянне ніяк адказаць не змог, бо званок якраз у гэты час дзылінкаць пачаў, настаўнік разам са званком у класе апынуўся, і ўрок, як гэта ні крыўдна, пачаўся. А ўрок гэты самым апошнім у раскладзе значыўся, таму Васіль наш адразу ж пасля ўрока дадому шпарка паімчаўся. І пра сутычку тую дробязную з Зойчыным удзелам ён ужо і запамятаваў нават.
А назаўтра, не паспеў Вася Лайдачкін у клас свой увайсці, як бачыць на дошцы вялізны такі надпіс. Белым па чорнаму: «Вася + Зоя». Ну, і далей пра каханне, як вы, пэўна, самі ўжо зразумелі.
– Што?! – аж зароў ад такой абразлівай неспадзяванкі наш Васіль. – Ды я ж ёй зараз такое каханне пакажу, доўга памятаць будзе!
І да Зойкі Зазнайкінай з кулакамі паімчаў.
А Зойка і сама ўжо ў атаку на Васіля імчыць і таксама кулакамі ва ўсе магчымыя бакі размахвае. Бо і яе надпіс гэты абразлівы да самай глыбіні душы абурыў. А можа, і глыбей нават, не ведаю дакладна.
Читать дальше