І вось сышліся абодва варагуючыя бакі на самай сярэдзіне класа… і такая адмысловая бойка ў іх адразу ж пачалася… Не толькі іх сябрыаднакласнікі, але нават з усіх суседніх класаў вучні пазбягаліся, каб на відовішча тое рэдкае дружна палюбавацца…
А на наступную раніцу, не паспеў яшчэ наш Васіль да будынка школьнага дашкандыбаць, як бачыць на плоце школьным велічэзны такі надпіс: «Вася + Зоя». Ну, і далей зноў пра каханне гэтае самае, хай на яго трасца з ліхаманкаю! Праўда, не белым па чорнаму, як на дошцы ўчора было, а чырвоным па зялёнаму. Але ці ж гэта сутнасць справы змяняе?!
Расхваляваўся Вася Лайдачкін, надпіс гэты прачытаўшы, і моцна расхваляваўся. Так, моцна расхваляваным, у свой клас і ўвайшоў. А там…
А там зноў на дошцы ўсё той жа надпіс абуральны, белым па чорнаму. А на Васевай парце, на аркушы папяровым, яшчэ адзін надпіс, ужо сінім па беламу. Але тэкст той жа, слова ў слова. Пра каханне гэтае самае, якога і блізка нават не было…
– Ды што ж гэта такое! – аж узвыў наш Васіль і да аднакласнікаў сваіх звяртаецца: – Ну дзе вы тут, скажыце, каханне нейкае змаглі ўбачыць?! Вунь у мяне шчака ўся ў драпінах, і вуха, нібыта святлафор, гарыць!
– А ў мяне, паглядзіце, які ліхтар пад вокам! – гэта ўжо Зойка са свайго месца крычыць. – З месяц, пэўна, пратрымаецца, калі не больш!
– Ну і што? – адказваюць ім дружна аднакласнікі.– Падумаеш, – ліхтар! Так заўжды і бывае. Бо праўду кажуць: хто каго піхае – той таго і кахае! А як жа інакш?!
Задумаўся тут Васіль, ды й так моцна задумаўся, што цэлыя тры ўрокі без адзінай заўвагі нават прасядзеў. Але прыдумаў усё ж, як з гэтага няёмкага становішча з гонарам выбрацца можна.
Падышоў ён на вялікім перапынку да Зойкі Зазнайкінай і кажа ёй, гучна так, на ўвесь клас:
– Прабач мяне, Зоя, калі ласка, што я цябе ўчора пакрыўдзіў!
А Зойка пачырванела ўся, вочы долу апусціла і адказвае Васілю ледзь чутна:
– Гэта ты мяне, Вася, прабач! Я сама ва ўсім вінаватая!
А потым, пасля ўсяго гэтага, Васіль Зойку жуйкай смачнай пачаставаў. А Зойка Васілю ў адказ цэлы набор пакемонаў падаравала. Назусім.
На гэтых вось пакемонах уся наша гісторыя і завяршылася шчасліва. І нідзе больш надпісаў новых не з’явілася: ні на парце, ні на дошцы, ні на плоце, тым больш. Бо ўсе адразу зразумелі, што ніякім каханнем тут і не пахне нават. Бо якое ж гэта, скажыце, каханне, калі яны так ветліва паміж сабой размаўляюць, прабачэння ўзаемна просяць, ды яшчэ і падарункамі абменьваюцца?!
Вось калі сварацца ды за чупрыны хапаюцца – тады справа іншая! Тады гэта каханне, ды яшчэ якое!
Сапраўднае, можна сказаць, каханне!
Як Вася Лайдачкін закахаўся, і што з гэтага далей атрымалася
Аднойчы Вася Лайдачкін закахаўся. Уяўляеце?! З першага погляду. Зусім як у фільме для дарослых.
А яна вучылася ў паралельным класе. І звалі яе Маша. І больш нічога аб ёй наш Васіль не ведаў. А яна пра яго і гэтага нават не ведала. І, наогул, не падазравала аб яго існаванні, што самае крыўднае.
І вось пачаў Вася Лайдачкін думаць, што б такое гераічнае яму здзейсніць, каб потым, праз гераічны ўчынак гэты, з дзяўчынкай Машай бліжэй пазнаёміцца. Думаў ён, думаў… і нарэшце прыдумаў. Падышоў да Пеці-выдатніка, адвёў яго ўбок і шэптам свой план выклаў. А, зыходзячы з гэтага плана, павінен быў Пеця-выдатнік хуліганам зрабіцца часова і, праз гэтае сваё часовае хуліганства, дзяўчынку Машу вельмі перапалохаць. Ну а Вася Лайдачкін павінен будзе на месца здарэння своечасова з’явіцца і дзяўчынку Машу ад хулігана Пеці па-геройску абараніць.
Такі вось план атрымаўся выдатны. Геніяльны, можна сказаць, план.
Праўда, Пеця-выдатнік не адразу яго ўхваліў. Больш таго, адмаўляцца спачатку пачаў, тлумачыць, што нічога ў яго, маўляў, не атрымаецца. Але потым здаўся. Угаварыў яго Вася Лайдачкін.
І пачалі яны тэарэтычны гэты план у практычнае выкананне прыводзіць. І спачатку ўсё ў іх добра ішло, аж да таго самага моманту, калі Пецявыдатнік хулігана павінен быў са сваёй асобы часова прадставіць. А потым усё дрэнна пайшло, бо гэты самы Пеця ўсё пераблытаў. І, замест таго, каб кулакамі махаць, ветліва так у дзяўчынкі Машы спытаў:
– А можна мне вас у кіно запрасіць?
А Маша ў адказ усміхнулася яму і сказала:
– Ну, зразумела ж, можна.
А тут і Вася Лайдачкін падаспеў. І ролю сваю, дарэчы, добра вывучыў, не тое што некаторыя. Падбягае ён, значыцца, хапае Пецю-выдатніка за шкірку, каб дзяўчынку Машу ад яго абараніць… і адчувае раптам, што ляціць па паветры, нібы птушка якая. Толькі хацеў здзівіцца з прычыны такога пазапланавага свайго палёту, як у судакрананне з зямлёй увайшоў. І даволі адчувальна.
Читать дальше