Вось неяк увечар зноў разгаварыліся нашы жанчынкі, і тут Яніна кажа: «Ану, бабы, прызнавайцеся! Што ў каго прыхавана на самым донцы душы – выкладвайце! У кожнага чалавека ёсць запаветная таямніца. Самі ведаеце, ад якой хваробы лечымся. Не сёння – заўтра можам… Дык навошта, каб яно было нерасказанае?..»
І першая спавядалася. За ёй адважылася Ірына. Знайшлася запаветная таямніца і ў Вікі. Расказалі тры маладзейшыя жанчыны свае гісторыі і ўжо сабраліся спаць, бо гаварыць пасля шчырых споведзяў не хацелася. І раптам у сваім кутку ўзнімаецца Данілаўна, садзіцца на ложку і кажа:
– Ну, што ж, цяпер мая чарга… Ёсць у маёй душы тое, што не хочацца цягнуць за сабой у магілу. Гэта вы, маладыя, яшчэ спадзяецеся на выздараўленне. А мне ўсё адно: ці так – ці так…
Значыць, вось як было. Забралі майго мужа, Пятра, вясной сорак першага ў войска. Было ў яго ўжо педвучылішча за плячамі, працаваў настаўнікам у школе. Сказалі, што трэба яшчэ вывучыцца на малодшага камандзіра. Трэба – значыць трэба: бяда невялікая паасобку пабыць, мы ўжо два гады з ім пражылі, накахаліся ўволю, а дзяцей пакуль што не было…
У чэрвені, за тыдзень да вайны, некаторых мужчын з нашай мясцовасці, што былі ў войску, на адпачынак адпусцілі. Неяк, зусім нядаўна, чытала ў газеце, што вайскоўцаў тады спецыльна дадому адправілі – паказаць, што Сталін вайны не баіцца… І я свайго чакала, але яго не пусцілі: нібыта пакінулі пісаць нейкі важны даклад для начальніка… Ну, а потым, памятаю, бягуць з сельсавета людзі: «Вайна! Вайна! Немцы напалі!» І пайшлі адступаць нашы праз вёску… Спачатку ішлі вялікімі калонамі… Потым атрадамі… невялікамі групамі…
Вось аднойчы пад вечар прыйшла група – чалавек восем, усе маладыя хлопцы, але са старшыной. Дайшлі да нашай хаты – а мы якраз на пачатку вёскі жылі – і ў нас прыпыніліся. Вельмі ж здарожаныя былі. Мой свёкар прынёс у хату сена, патрусіў на падлогу. Салдацікі і ляглі адразу. А старшына кажа: «Я такі стомлены, так хачу выспацца!.. Якую ноч ужо не сплю… Ці дазволіце мне легчы ў хляве на гарышчы, на сене?..» Ну, канешне, дазволілі.
Тут якраз карову з поля прыгналі, свякроўка падаіла яе і гаворыць: «Ідзі, Маруся, дай кожнаму па кубку малака». Я спачатку салдатаў у хаце напаіла, потым у хлеў пайшла. Зайшла, клічу: «Салдацік!» Маўчанне. Я па драбіне паднялася крыху, зноў клічу: «Салдацік!» Ён маўчыць – мусіць, спіць. Тады я на гарышча залезла і, у адной руцэ трымаючы кубак з малаком, другой навобмацак шукаю ўпоцемках яго. «Салдацік, салдацік!..» І раптам ён як дасць рукой па кубку! Той і паляцеў у сена. Як схопіць мяне! Як прыцісне – і пад сябе!.. Сэрца маё зайшлося, у галаве памуцілася… Што рабіць?.. Раздзіраць яму твар пазногцямі?.. Кусацца?.. Крычаць?.. Галасы чую на двары – там жа людзі, свёкар мой, свякроў… Сорам які! А ён цалуе мяне ўсю прагна – вусны, шыю, грудзі… І рукі яго гарачыя, і сам ён увесь гарыць…
Не закрычала, не раздзерла яму твар… Быццам самлела… Не ад страху – ад нейкага неверагоднага вар’яцкага пачуцця. І так было млосна, так салодка!.. Два гады з мужам пражыла, а такога ні разу не адчула. Быццам і сапраўды нейкае д’ябальскае насланнё… Ну, а потым толькі хустку на валасах паправіла, кофту зашпіліла і бягом уніз з таго гарышча!
Зранку ён сваіх салдат пастроіў, даў каманду ісці. Я якраз у хляве была. Ён затрымаўся, зайшоў да мяне і кажа: «Запомні, калі не заб’юць, вярнуся пасля вайны, і нават калі з мужам будзеш, усё роўна забяру цябе…» І пабег даганяць сваіх. Потым – акупацыя, голад, вёску нашу спалілі… Так цяжка было будавацца пасля вайны, асабліва тым, чый мужык не вярнуўся… Мой не вярнуўся… Ні адзін, ні другі не вярнуўся… І ніколі больш з мужчынамі ў мяне нічога не было. А з кім? Добрых вайна павыбівала, а абы з кім – чаго чапацца. І за што Гасподзь пакараў такой хваробай? Усё выкрамсалі… Мусіць, за той грэх…
У палаце стаяла мёртвая цішыня. Маладзейшыя жанчыны, ашаломленыя гэтай нечаканай споведдзю, баяліся нават паварушыцца. Нарэшце Яніна нясмела спытала:
– А каго вы больш чакалі: мужа ці гэтага… залётнага?.. Данілаўна не адказала. Мусіць, ужо заснула.
Алена Дашкевіч
Дачушцы аб шчасці
Жнівеньскі цёплы дзень быў дужа прыемным. Паветра напоўнілася пахам квітнеючых сланечнікаў, мяты, мелісы, чабору, зверабою і іншых цудоўных траў. Гаспадыня вырошчвала іх менавіта з лячэбнай мэтай у сваім садзе, каб эканоміць свой час на збор траў і быць упэўненай у тым, што яны экалагічна чыстыя. Гэта вельмі зручна, калі ўсе патрэбныя табе гаючыя травы растуць побач.
Читать дальше