Але жыццё выпускае свае балючыя стрэлы. Яны трапляюць у сэрца, калі мы іх не чакаем… Маленькая дзяўчынка – яе дачушка – захворвае ветраной воспай і… як наступства захворвання – дыябет! Тры гады дзіцяці. Зараз яна цалкам на інсуліне, як і яе мама. І зноў іспыт – зноў трэба пачынаць жыццё з белага ліста… А як яго пачаць, калі сэрца баліць і душа разрываецца ад болю за самае роднае для цябе, за сваё шчасце? Як гэта прыняць, калі сваю хваробу прымаеш праз неймаверны душэўны боль? А тут дзіця… тваё дзіця… самае дарагое, што маеш… Як ёй растлумачыць, што калоць уколы па пяць разоў на дзень трэба абавязкова, а інакш памрэш. Цяпер жыццё і здароўе дзяўчынкі – асноўны сэнс у жыцці яе маці. Але галоўнае, што ёсць лекі і што мамка любіць і гатовая аддаць сваё жыццё для таго, каб яна была шчаслівая. Вось яно шчасце якое шматграннае.
– Ой, як гэта ўсё цяжка… якое жыццё цяжкое…
– Не жыццё цяжкое, а шчасце далікатнае. Берагчы яго трэба. А галоўнае, разумець, што яно тут – побач з намі. Яно ж ва ўсім: у дзецях, у родных, у вачах маленькага шчанюка, у вуркатанні кацяняткі, у кожнай кроплі дажджу, у праменьчыках сонейка, у кветкавых водарах, у наліўных яблычках – яно ў кожнай хвіліне жыцця… Шчасце тут, і яго шмат. Проста трэба мець жаданне яго бачыць у простым і цаніць яго.
Зінаіда Дудзюк
Апошняя гавань
Да мяне набліжалася жанчына. Знаёмыя рысы праступалі на яе твары і знікалі, а я ўважліва прыглядалася да яе, спрабуючы пазнаць і пытаючы ў сябе: «Альбіна ці не?» Шэрая куртка, смешная трыкатажная шапачка, купленая, мусіць, у «сэканд хэндзе», рабілі яе непрыкметнаю ў натоўпе. А некалі была вельмі прыгожая! Яна мяне таксама пазнала, усміхнулася і прыспешыла крокі насутрач. Мы не бачыліся гадоў дваццаць. Цяжка выпадкова сустрэцца ў вялікім горадзе, але вось жа пашанцавала сутыкнуцца на аўтобусным прыпынку, і мы радасна распытваем, што ды як. У мяне было ўсё без перамен, пра гэта я паведаміла Альбіне ў трох словах. Затое ёй было чым падзяліцца. Я слухала з цікавасцю і шкадобаю, бо ведала трохі пра няшчаснае Альбініна каханне ад самага пачатку.
Мы разам вучыліся ў тэхнікуме. Група падабралася дзявочая, было толькі два хлопцы: шалапутны і пранырлівы Ціма Далецкі ды хворы на сэрца і ў дваццаць гадоў ужо сівы Грыша Касцюк. Прафесію мы выбралі сабе жаночую – добраўпарадкаванне і азеляненне гарадоў. Асабіста мне вельмі хацелася займацца менавіта гэтаю справаю. З маленства любіла гарадскія скверы, паркі, клумбы, малыя формы – усё, што робіць горад асабліва прывабным ва ўсялякую пару года.
У нашай группе найбольш вылучалася загадкавым хараством Альбіна, вельмі падобная на актрысу Чурсіну, быццам яе малодшая сястра. Паводзіла сябе сціпла і апраналася проста. Мы ведалі, што яна – сірата, вясковая, гадавалася ў цёткі. Пасля першага года навучання наша група сабралася ў падарожжа на аўтобусе «Кубань» у Ленінград, не паехаў з намі толькі хворы Грыша Касцюк. Суправаджалі нас два выкладчыкі: высокі таўставаты і флегматычны Станіслаў Браніслававіч Бібіцкі, якому было гадоў трыццаць пяць, і трохі маладзейшы за яго Леанід Пятровіч Мошка, халасты і даволі сімпатычны сінявокі мацак.
Усе навучэнцы жылі на кватэрах. Выязджаць збіраліся вельмі рана. Каб не турбаваць гаспадароў, напярэдадні паездкі большасць дзяўчат вырашыла заначаваць у спартыўнай зале ў спальных мяшках, якія мы бралі з сабою ў дарогу. Леанід Пятровіч прыйшоў увечары яшчэ раз праверыць гатоўнасць групы да падарожжа і застаўся задаволены. Убачыў мяне ў двары, прапанаваў:
– Пойдзем пагуляем.
Знешне ён мне падабаўся, але адштурхоўваў прыхаваным цынізмам, які праглядаўся ў ягоных выказваннях і паводзінах, і я адмовілася, спаслалася на тое, што дзяўчаты будуць турбавацца, не лягуць з-за мяне своечасова спаць, а потым раніцай іх будзе не дабудзіцца. На тым мы і развіталіся. Пра Мошку мы ведалі шмат. Ён скончыў гэты ж тэхнікум, потым політэхнічны інстытут у Мінску і вярнууся выкладчыкам у сваю альма-матар. Наша група займалася ў другую змену, таму што не хапала аўдыторый. Мы бачылі, што сакратарка Мая ў канцылярыі таксама сядзела дапазна, а потым заставалася з Леанідам Пятровічам піць каву. Ёй было за трыццаць, не вельмі прыгожая, але з прыемнаю паставаю. За той час, пакуль мы вучыліся ды здавалі залікі і сесіі, яна паспела зацяжараць і ў пачатку ліпеня нарадзіла хлопчыка. Мы хадзілі ў адведкі, яе маці паказала нам ружовы камячок з блакітнымі вочкамі, як у Мошкі. Новаспечаны бацька не збіраўся прызнаваць сына, атрымлівалася, што гэтае дзіця патрэбна было толькі Маі, якая заседзелася ў дзеўках. Менавіта гэты факт найбольш расчароўваў мяне ў маладым выкладчыку і прымушаў трымацца на адлегласці ад яго. Я сама гадавалася без бацькі, і пагарджала мужчынамі, якія пакідаюць сваіх дзяцей. Хаця той-сёй з нашай групы лічыў, што Мая сама вінаватая, папусцілася, хацела прычараваць маладога хлопца, прывязаць да сябе сынам, але не на таго нарвалася. У мяне было сваё меркаванне на гэты конт. Я лічыла, калі пакахаў чалавека, дык і будзь з ім побач заўсёды. А калі няма кахання, дык і няма чаго карыстацца чужою дабрынёю, бо гэта горш за зладзейства. Нарэшце, трэба мець гонар і смеласць адказваць за свае ўчынкі. Безумоўна, я была тады юнаю максімалісткаю і не разумела, што мужчыны і людзі наогул сустракаюцца вельмі розныя.
Читать дальше