Калі вандроўнікі пачалі паціху разыходзіцца па палатках, Жэня папрасіла мяне:
– Пойдзем па лесе паходзім.
– Куды поначы? Яшчэ заблудзімся, – запярэчыла я.
Ведаючы сяброўчын нораў, я старалася не патураць яе бязглуздым выдумкам. Аднойчы яна прапанавала адчыніць дзверы кватэры, дзе я здымала ложак, адмычкаю, што мяне вельмі абурыла. Не хапала зламаць замок, каб стварыць лішнія турботы гаспадыні. Іншы раз яна ўгаворвала мяне пагуляць каля вакзала, дзе да нас чапляліся нейкія дзядзькі. У яе душы жылі прыхаваныя чорцікі, якія ўвесь час штурхалі на непатрэбныя ўчынкі.
– Не заблудзімся, у мяне ліхтарык ёсць, – пачала пераконваць мяне сяброўка.
– Ды якога д’ябла я пайду ў лес шукаць, калі мне спаць хочацца?
– Бібіцкі з Нэлкаю пайшоў туды…
– Няхай ідуць, табе што?
– Мне цікава, – адказала Жэня і пацягнула мяне за руку ўперад. Нэлка была высокая і даволі сімпатычная дзяўчына, з капною цёмных пушыстых валасоў, якія яна ўтамоўвала тым, што туга завязвала на патыліцы ў хвост. Міжволі мне падумалася, што паставаю Нэлка Бібіцкаму больш падыходзіць, чым Жэнька, калі не ўлічваць, што гэты валацуга мае жонку і дачку.
Мы прайшлі трохі па лясной дарозе і недзе зусім побач пачулі голас Станіслава Браніслававіча, які прапаноўваў Нэлцы сесці. Жэня не вытрымала, пасвяціла ліхтарыкам і сапсавала выкладчыку прыемныя інтымныя хвіліны. Мне зрабілася няёмка, я павярнулася і хутка пашыбавала да сваёй палаткі. А сяброўка засталася разбірацца з новаспечанымі каханкамі.
У гэты час усчаўся галас каля нашых палатак. Кіроўца завёў аўтобус і збіраўся ехаць на палаткі і душыць дзяўчат за тое, што ні адна не згадзілася з ім начаваць. На крык прыбег Бібіцкі, выцягнуў п’янага шафёра з аўтобуса, забраў ключ ад машыны і загнаў у палатку. Мошка так быў заняты з Альбінаю, нават не высунуўся са сваёй палатнянай хаткі паглядзець, што там адбываецца.
Раніцай ускудлачаны кіроўца ўсё разглядваў свае нагавіцы і здзіўляўся, чаму яны запэцканыя марожаным, ён жа марожанага не еў. Дзяўчаты сціха толькі пасмейваліся з гэтага стараватага дурня ды дзівіліся, як такому ахламону давяраюць ездзіць на аўтобусе.
Мы рушылі дамоў праз усю Беларусь з поўначы на поўдзень. У Гародні Мошка сыходзіў, вырашыў наведаць свайго брата. Чамусьці прапанаваў мне:
– Паедзем са мною, Гародню пакажу. Прыгожы горад…
Я адмовілася і падумала, што занадта хутка Альбіна яму надакучыла. Шукае новую ахвяру. Было відно, што мая адмова яго расчаравала, але мяне гэта мала турбавала. Наперадзе ў мяне былі канікулы, я збіралася ехаць у свой ціхі гарадок да маці, дзе мне не давядзецца класціся спаць на галодны страўнік. Ад’емся і адасплюся.
Наступны навучальны год праляцеў вельмі хутка. Мы займаліся толькі тры месяцы, потым была практыка. Я ў ліку лепшых студэнтак заставалася працаваць у Брэсце ў праектным інстытуце. Тых, хто вучыўся горш, паслалі ў Маладзечна, Магілёў і Бабруйск. Пасля мы рыхтавалі свае дыпломныя праекты, з Бібіцкім і Мошкам сустрэліся толькі на экзаменах. У мяне ўсе адзнакі былі выдатныя, заставалася толькі здаць добра дзяржаўныя экзамены. Безумоўна, хацелася атрымаць чырвоны дыплом, каб без цяжкасці паступіць у інстытут на вячэрняе аддзяленне, тым больш, што будучая праца мне падабалася. Як прыйшла на практыку ў праектны інстытут, дык і не звальнялася, лічылася там штатным супрацоўнікам.
На экзамене па тэарэтычнай механіцы Бібіцкі адпомсціў мне за сапсаваны вечар у лесе, паставіў тройку, хоць я выдатна адказала на ўсе пытанні білета. Мошка пасля экзамена пасмейваўся:
– Не пашанцавала табе атрымаць чырвоны дыплом.
– Па праграме для тых, хто не спіць, – адказала я, маючы на ўвазе тэлепраграму, якую ў той час паказвалі па тэлебачанні пасля апоўначы.
Ён засмяяўся, ведаючы пра што ідзе гаворка. У гэты час міма праходзіў Бібіцкі. Мошка спыніў яго і спытаў:
– Навошта дзяўчыну пакрыўдзіў?
– Я ёй за гэта дам білет на чарнаморскі ансамбль, няхай на маракоў паглядзіць.
Дастаў з кішэні стосік квіткоў і даў адзін мне. Я нават не падзякавала, пайшла ад іх. Але на канцэрт схадзіла, хоць не надта люблю спевы хорам і танцы, ды трохі развеялася. А дыплом мне ўсё ж выдалі чырвоны.
Некалькі дзяўчат з нашай групы, у тым ліку і Альбіна, паступілі ў інстытут на вячэрняе аддзяленне. На лекцыях па агульных дысцыплінах сядзелі ў адной аўдыторыі, а на практычныя заняткі хадзілі ў розныя групы. Часу было мала. Цэлы дзень на працы, увечары на занятках. Ніякіх святаў і адпачынку! Трэба было своечасова здаваць курсавыя працы і рыхтавацца да экзаменаў.
Читать дальше