Стварылі базы, зімні лясны лагер, правялі не адну аперацыю. Пра атрад загаварылі… Вайна мае свой тэлеграф… Расчысцілі поле пад лясны аэрадром. Пачалі прымаць самалёты, а з імі прадстаўнікоў з «кадравых». Прыляцела адна група, другая… Зайца і Супруна пачалі паціху адціраць… Атрад раздзялілі на два, два камандзіры, ім – двух баявых намеснікаў, з тых, прылётных. Заяц ужо без іх згоды і кроку не можа ступіць… Павел сабраўся ўжо задрамаць, але прыляцела нейкая птушачка. Нешта распушанае, растрывожанае, як верабейка, калі ўгледзіць ката. Зімоўка… Сіваватае пер’ейка, на грудцы і на жываце блякла-жаўтлявае. Села на галінку, пазірае на яго. Пераляцела на другую. І зноў пазірае, быццам хоча нешта сказаць. І Павел голасу не падае, сочыць за ёй вачыма, і птушачка маўчыць – паверне галоўку, ускіне крылцамі і сядзіць… Выстаў руку – і, здаецца, возьмеш. Выставіў – адляцела. Вярнулася зноў. І так з паўгадзіны ці болей. Пырхпырх… – і сядзіць, абшчапіўшы тоненькімі кіпцікамі галінку.
Што ты хочаш сказаць?.. Нешта ж хочаш… Можа, вестку якую прынесла?.. Відаць, прынесла…
Прыехалі вярхом на конях Заяц з Каганавым. Заяц – у скураной кепцы. Каганаў у кубанцы, перахрышчанай чырвонымі паскамі, у скуранцы. І ў гэтую спякоту ён не здзяваў ні кубанкі, ні скуранкі. Конь пад ім быў добры, можа лепшы, чым у Зайца. Ён проста танцаваў пад седаком, і сядак прытанцоўваў, гарцаваў у сядле. Яму падабаўся гэты танец. Пагарцуй, пагарцуй!
Заяц убачыў Паўла, павярнуў каня да яго. Каганаў толькі бліснуў вачыма ў Паўлаў бок і паехаў далей.
– Вазьмі каго-небудзь з хлопцаў, кулямёт і засядзьце на адной з ліп – тых, што сярод сяла, – сказаў Заяц.
– Назіральны пункт?
– Не толькі назіральны. Мы тут пагаварылі з Каганавым… Калі што, вы першыя прымеце бой.
– З дрэва лёгка зняць…
– Замаскіруйцеся, затаіцеся і сачыце. Зразумеў? З верху далёка відно.
– І верхніх далёка відно…
– Ёсць звесткі, што капланецкі гарнізон рушыў некуды. Можа, таксама дзе на падыходзе… Агонь адкрываць у крайнім выпадку… – Заяц развярнуў каня, паехаў услед за Каганавым.
З сабой Павел узяў Івана, суседа па ўзводу, аднавяскоўца. Выбралі ліпу: шырока раскінутыя гарызантальныя сукі, чорныя, моцныя, метры на два вышэй за вільчык бліжэйшай хаты. Знайшлі дзве шырокія дошкі, прывязалі. Можна самім стаяць, можна паставіць кулямёт. Адсюль добра праглядалася ўсё сяло з канца ў канец, выхады ў лес і з лесу. Зверху ўкруга ствала ліпы нацягнулі плямістую плашч-палатку, прывязалі за сучча. Якая-ніякая – маскіроўка, хаця абодва добра разумелі, што ўсё гэта да першага стрэлу, да першай кулямётнай чаргі.
Заняты ўсімі гэтымі клопатамі, Павел на нейкі час забыўся на белае воблачка. Ён не бачыў, як акруглыя бакі яго пачалі распаўзацца, зазубрывацца, мяняючы форму і абрысы. Вось ужо гэта і не яблык, а нейкі звер з галавой і шыяй. Шыя яго даўжэе, танчэе, адрывае галаву ад цела, а ў прамежку тым праступае нешта шырокае, цёмнае. Маленькае воблачка ўвачавідкі робіцца хмарай, хмара ўсё болей расце, набухае чарнатой і ўсё болей ціснецца да зямлі. І чым ніжэй яна апускаецца, тым большы холад ідзе ад яе. Такі холад чуецца ў рачной вадзе, калі глядзець на яе праз лёд, што празрыстым зеленаватым бруском накрывае суцішанае марозам лона ракі… Праз такі лёд можна ўбачыць дно, каменьчыкі на ім, а не каменьчыкі, то донныя водарасці. Можна ўбачыць нават жывога шчупака, што застыў у нерухомым чаканні нечага. Але не дай Бог акунуцца ў гэтую ваду.
Хмара разрасталася проста на вачах. Нібы нейкі аграмадны чорны вал, яна кацілася па небе, займаючы ўсю яго шырыню. Відно было, што ў сярэдзіне хмары ідзе несупынная работа, ці то гульня нейкая, ці барацьба. Там, як у вялізнай дзяжы, таўкліся, круціліся, клубіліся цёмныя патокі, і там, дзе яны сыходзіліся ці разыходзіліся, нешта бліскала, як бліскаюць іскры ад удару сталі па крэмені. А то раптам недзе ўсярэдзіне чарнату асвятлялі ўспышкі ядавіта-жоўтага святла – нешта фасфарычнае, аб’ёмнае, і нехта нябачны выказваў незадавальненне глухім каменным рокатам.
Усё гэта чорнае, грознае неслася на сяло, на дрэвы, на хаты, на гумны, і бачылася ў ім адно жаданне – усё зламаць, скрышыць, раскідаць. Але чым бліжэй усё гэта насоўвалася на сяло, тым больш спакойным, замаруджана-дзелавітым рабіўся Павел. Нібыта ўсё, што тварылася ў небе, не цікавіла ці не павінна было цікавіць іх з Іванам.
– Слухай, Павел, можа, нам перачакаць гэта ўсё ўнізе? Ты бачыш, што набліжаецца? – Івана калаціла, ці то ад холаду, ці то ад чаго іншага.
Читать дальше