– І бачу, і чую. Нас пасадзілі сюды не проста так. Мы павінны сачыць і бачыць. А калі што… Ты ведаеш, калі што… Глядзі кулямёт.
– Кулямёт я гляджу, а хто нас дагледзіць?..
– Самі дагледзім…
Пацямнела так, быццам наступала ноч. Наляцеў вецер. Ён ішоў верхам, разгойдваючы вяршыні дрэў, і чым далей, тым болей, то кідаў убакі, то закручваў, як верацяно нітку. Трашчалі галіны, спачатку пасыпаліся ўніз маленькія, потым большыя сухія сучкі, паляцела сарванае лісце. Вецер набіраўся злосці, дрэвы хадзілі нібы ў нейкім танцы – туды-сюды, туды-сюды… Пачало задзіраць салому на хаце.
– Ты ўяўляеш, Іван, што цяпер робіцца там, у лесе? – сказаў Павел.
– А ты паглянь, што там робіцца, – Іван пазіраў у бок лесу. Ён перадаў бінокль Паўлу, хоць усё было відно і без бінокля.
Над лесам тварыў баль віхор – там круцілася гэтакая высокая чорная кішка. Нейкі час яна стаяла на месцы, нібы раздумваючы, што рабіць далей, потым выйшла ў поле і панеслася над ім, уцягваючы ў сябе і падымаючы ўгару ўсё, што траплялася на шляху. На дарозе была сцірта леташняй саломы – яе ўзняло над зямлёй, закружыла, разматала на ашмоцце і доўга насіла ў паветры… Віхор ішоў на другі «крук» сяла, на лес, у якім «крук» хаваўся…
– Не хацеў бы я апынуцца там, – Іван паказаў на лес, над якім цяпер панавала чарната, і ў чарнаце той усё танцавала, круцілася, насілася…
– Думаю, па сваёй волі мала хто захацеў бы быць там, – адказаў Павел.
Вецер сціх гэтак жа раптоўна, як і прыйшоў. Кругом стала нязвычна ціха, нібы ва ўсім свеце ўсё застыла – і жывое, і мёртвае.
Неба пасвятлела, быццам збіралася праясніцца.
І тады мужчыны пачулі нейкі незразумелы шум. Цяжка было сказаць, адкуль ён ішоў, – зверху ці аднекуль здаля. Але ён набліжаўся, шырыўся, мацнеў, займаючы ўсю прастору. Шум перайшоў у гул. Здавалася, гэта да маленькай закінутай станцыі набліжаецца цяжкагружаны маленькі цягнік.
Гэта ішоў дождж. Ён ішоў сплашняком, глухой адвеснай сцяной, не пакідаючы вольнымі ні адной пядзі зямлі, ніводнага лісціка, ніводнай галінкі. Гэта быў не дождж – гэта быў патоп. Недзе нехта на небе дзяржаў плаціну – тыдзень, месяц, год? – і раптам яе прарвала. І ўся вада шухнула ў гэты прарыў. Была яна халодная, проста ледзяная, нібыта ўсё гэта адбывалася не гарачым летам, а сцюдзёнай зімой.
Дождж ліў і ліў. Спачатку за белай сцяной не было нічога відаць, пасля пачалі праступаць, праразацца абрысы будынкаў, дрэў…
Мужчын трохі ратавала плашч-палатка, але вада прабівалася і праз яе, лілася ўкругу яе, з сукоў і лісця, буйнымі круглымі скалкамі збіралася на ствале і затворы кулямёта. Іван зганяў іх рукой. Трохлінейку Павел трымаў падпахай. Нарэшце напор вады быццам аслаб, трохі пасвятлела.
– Паглядзі, Павел… Ці не атака гэта?
Павел паднёс да вачэй бінокль, павёў ім у бок лесу, з якога можна было чакаць «гасцей». І ўбачыў людзей. Яны выбягалі з лесу і беглі ў сяло. Людзі былі ўзброеныя. Па форме было відаць, што гэта паліцэйскія і ўласаўцы. Але іхнія аўтаматы, карабіны былі за плячыма, і ствалы іх пазіралі дуламі ўніз.
– Іван, так у атаку не ідуць. Атака – гэта вінтоўка наперавес, разінуты рот, шалёныя вочы… Ты ведаеш, яны ратуюцца ад буры, ад навальніцы!.. Яны ўцякаюць з лесу ў сяло, пад стрэхі…
– А што рабіць нам?
– Што рабіць?.. Каб жа хто сказаў, што нам рабіць…
З вышыні было добра бачна, як людзі па двое, па трое ўбягаюць у «крук» сяла, бягуць па цэнтры вуліцы, а пасля знікаюць… Яны хаваліся ў дварах! А вуліцу запаўнялі новыя людзі! Іх было шмат. З «крука» яны ўжо выбягалі на прамую лінію сяла, і тут зноў усё паўтаралася: не хаваючыся, не прыгінаючыся, людзі беглі пасярод вуліцы і рассыпаліся па дварах. А ззаду набягалі новыя.
– Колькі іх? Думаю, не меней роты, – сказаў Іван.
– А мне здаецца, не меней батальёна.
– Калі так, то скора яны будуць у нас пад нагамі…
– Ці яны ў нас, ці мы ў іх… Лажыся за кулямёт. Мы можам падпусціць іх толькі да калодзежа… А калі пойдуць далей, нам нічога не застанецца, як пачаць бой…
А дождж не сціхаў. Ён быў усё такі ж белы, толькі цяпер ішоў наплывамі, быццам нехта махаў махалам – то мацней, то слабей. І чым бліжэй падбягалі людзі, тым ясней бачыліся іх постаці. Гэта былі ўжо не размытыя цені: у іх былі твары, рукі, ногі… Паўлу падалося, што ў адной з постацяў ён пазнаў брата…
Да калодзежа людзі не дабеглі. Яны растварыліся ў дальніх дварах, і зноў вуліца стала пустыннай.
Павел павярнуўся ў другі канец сяла: што там, як партызаны? Няўжо яны нічога не бачаць?.. І ўгледзеў, як з лесу ў другі «крук» сяла вылецела падвода. На ёй, стоячы ў поўны рост, круціў лейцамі над галавой дзядзька – той, што ехаў па жэрдзе і якога завярнулі партызаны. Ён гнаў каня ў сяло, і гнаў як не свайго…
Читать дальше