Васіль пачаў наганяць на сябе жах разважаннямі аб тым, што страшэннае можа з ім здарыцца, калі гэта апынецца які забойца.
Васіль пралічыў, што кіроўца не надта вялікі і важыць недзе як ён, таму калі што, у яго будзе час і моц, каб пазмагацца за жыццё. Але што будзе, калі кіроўца апантанна схопіць нож і лязо на ўсю даўжыню паспее ўвайсці ў ягоны страўнік альбо сэрца, тады ён не зможа сябе абараніць! З яго нават ніякіх грошай не возьмеш! Ён бедны. Толькі вопратка ды мабільнік у яго ніштаватыя, і тое дзякуючы заможным і гаспадарлівым бацькам.
Бацькі! Любімыя бацькі! Родны дом раптоўна апынуўся такім жаданым!
З кожным новым пераадоленым метрам, Васіль адчуваў, як у салоне аўтамабіля хмарамі вісіць ягоны цяжкі лёс, ён глядзеў у патыліцу кіроўцы, заламваў пальцы на руках, і з кожнай новай хвілінай жах смерці адольваў ягоную сутнасць.
Далоні пацелі, павекі сутаргава трэсліся, сэрца апантана грукалася, Васіль быў надта ўражлівым і цяпер ехаў, адчуваючы сябе будучай ахвярай незнаёмца. Ён моцна жадаў жыць, і паніка адольвала яго мацней і мацней, пакуль ён не пачаў нешта мармытаць сабе пад нос.
«Што будзе далей? Што рабіць?! Як мне так пашчасціла патрапіць у гэтую машыну! Што са мною будзе?! Трэба набрацца мужнасці! Трымаць сябе ў руках!» Як малітву шаптаў сабе пад нос Васіль, а шаша не мянялася і толькі з кожным разам яшчэ больш нагадвала нейкую непралазную каляіну, недзе ў нетрах леса, на мяжы жыцця.
– Што ты кажаш? – запытаўся Якаў, пачуўшы што ззаду, аўтаспыншчык нешта мармоча. Кіроўца крыху стаміўся, яму цяжка было пераадольваць кіламетры лесу ў мэтах сэканоміць літр бензіна, праз колькі метраў мусіў скончыцца гэты шлях, і яны мусяць апынуцца каля поля жыта, і тады Якаў спыніцца ў прыбіральню і на кароткі адпачынак. – Калі ты пра тое, каб зрабіць прыпынак на колькі хвілін, то толькі пазней, я сам, ведаеш…
Васіль не дачакаўся заканчэння сказу кіроўцы, які неяк надта раптоўна парушыў гадзінную цішыню, быццам пачуў, што ягоны план па забойству можа не здзейсніцца. Ён, спрабуючы дацягнуцца да шыі кіроўцы, далонямі патрапіў яму ў вочы і нос і прыціснуў ягоную галаву да падгалоўніка сядушкі. Машыну тузанула, Якаў адпусціў стырно і праз імгненне Аўдзі А6 ужо ляцела ў суседнія дрэвы і елкі.
Хлеб свой пускай па вадзе
Хлеб свой пускай па вадзе, час міне, і зноў знойдзеш яго. Давай частку на сем і нават на восем, бо не ведаеш, якая нагода чакае зямлю.
Эклезіяст 11: 1-2
– Мікітка, ты чуеш?! Я кажу, каб ты сёння скарыстаўся метро, бо я не хачу, каб ты ў гадзіну пік ехаў аўтобусам, каб я цябе чакала немаведама колькі гадзін! Я так да старасці пасівею! Чуеш?!
– Божачкі, ну чую, чую я! Ты мне адно і тое ж кажаш кожны дзень! Я не магу так!
– А чаму ты мяне не слухаеш? Вось мне і даводзіцца столькі разоў адно і тое ж казаць!
– Я стаміўся ад усяго гэтага, я дарослы і самастойны, каб самому вырашаць, як і на чым ездзіць! – абурыўся Мікітка, адчыняючы ўсе засаўкі на металічных уваходных дзвярах, яму ізноў трэба было ехаць да рэпетытара ажно на «Пушкінскую». Ён вельмі не любіў ездзіць пад зямлёю, сумна, моташна, шумна, не тое што звонку, калі ёсць магчымасць назіраць за наваколлем… Нават калі на цябе з усіх бакоў ціснуць пасажыры, якія няшчадна ўпіхваюцца ў аўтобусы, быццам у Ноеў каўчэг, гэта лягчэй стрываць, чым падарожжа пад зямлёю, хоць так хутчэй…
– Ты чуеш?! Мікіта, я з табою размаўляю, дзе ты думкамі зноў лётаеш, вось так мне настаўніцы і кажуць, што на занятках як пачнеш лётаць, дык так цэлыя чвэрці праходзяць! – маці злавалася і не знаходзіла сабе месца. Пасля разводу ёй не надта карцела ўсё сваё жыццё марнаваць толькі на побыт, але яна вельмі любіла сына, таму працавала і даглядала яго.
– Чую-чую, мама!!! – нерваваўся хлопец.
– То добра! І глядзі мне, каб быў уважлівы з рэпетытарам, не дзеля таго я шмат працую і аплачваю гэтыя заняткі, каб цябе пакінулі на другі год!!!
Металічныя дзверы грымнулі, і Мікіта пабег да ліфта, ён яшчэ паспеў пачуць, як мама замкнула за ім дзверы, павярнуўшы ключ тры разы ў левы бок. Хлопец выбег на вуліцу, было каля трох гадзін, сонца ледзь праглядала праз вясновыя, шэра-малочныя хмары. Мікіта пабег да прыпынку, прытрымліваючы заплечнік за лямкі… Ён не любіў панядзелкі… Пасля школы – хуткі абед і да рэпетытара… Быццам спецыяльна тыдзень пачынаўся з такіх выпрабаванняў – дзве дадатковыя гадзіны матэматыкі… Гэта псавала яму ўсё жыццё! І кожны раз, калі трэба было спяшацца, менавіта па панядзелках ягоныя аднакласнікі прыдумлялі розныя цікавыя забаўлялкі і гульні пасля школы, і кожны раз ён апынаўся занятым, і так цягнулася ажно з верасня… а не, з мая, калі настаўніца па матэматыцы выклікала бацькоў, дакладней матулю, і ціхенька ёй у куточку паведаміла, што можа пакінуць яго на другі год, калі ён нарэшце не возьмецца за алгебру. Вядома, настаўніца давала недвухсэнсоўны намёк на свае рэпетытарскія паслугі, але што тут паробіш. Мама пагадзілася, і пачаліся ягоныя пакуты. Настаўніца хацела, каб ён прыходзіў да яе ажно тры разы на тыдзень, але фінансавае становішча не дазволіла, і Мікіта гэтаму быў рады. Магчыма, упершыню ён быў рады, што ў іх сям і не было дастаткова грошай.
Читать дальше