дзе ў прысадах з каштанаў падаюць,
нібы перапаленыя агромністай плойкай,
скурчаныя цынамонавыя кудзеры;
двухпавярховыя дамы з пячным ацяпленнем
і паедзенымі моллю ўспамінамі на гарышчы;
выспы прыватнага сектару,
дзе здані свабодна блукаюць
між ценяў гаспадароў,
ажывае мой дзіцячы сусвецік.
невялічкі раённы цэнтр
ужо выцер з памяці рысы твару,
а дарожны пыл не памятае маіх ступакоў.
я даўно ўзяў за правіла:
не шкадаваць учора.
а ўласна і не шкадую;
толькі счэсваю голкі з каштана аб крайку,
і, зрабіўшы мячык, б’ю аб асфальт.
ён цмыгае па дарожцы і знікае з вачэй.
без найноўшых тэхнічных прыладаў,
тэлепортаў, машыны часу
кожны вяртаецца да сваіх падворкаў,
садоў, узбярэжжаў, прыстанкаў.
мае каштанавыя прысады
таксама застануцца са мной.
…і апоўначы ў вокнах тваіх не патухне святло
дзесь на ўсходзе сталіцы, на сёмым паверсе
трое ў белых адзеннях збяруцца ў цябе за сталом,
як сказана ў адной з распаўсюджаных версій
звяжуць рукі за спінаю, і, невядома чаму,
на пытанне імя ты адкажаш: Марыся
дадасі, што Язэп сышоў яшчэ год таму —
не паверыў, што сын ад святога з’явіўся;
і цябе забяруць на малочна-чырвоным аўто,
бо такую адну пакідаць небяспечна…
па-ранейшаму ў вокнах тваіх не патухне святло
будзе лялька ў калысцы спяваць: «Святы вечар…»
снег
пухнаты-пухнаты
на хвільку забег дадому
і ведаеш зразумеў
няведанне заўтра
кватэра ў наём
недахоп матэр’яльных сродкаў
і кран што цячэ
толькі кварц у пясочным гадзінніку
ён ні разу няварты
пяшчотнага мяккага снегу
які растае у куточках воч
і слязінкаю шчасця
па твары сцякае
глядзець у вакно
калі запытаюць
чым хачу займацца
глядзець у вакно
назіраць як неба
па-рэнуараўску
спалучае фарбы
пераходзячы са спектру
ў спектр невядомыя Photoshop’у
мне нават пашанцавала
у нашым спаснулым мікрараёне
можна глядзець у вакно
бачыць неба і сонца ў 3D фармаце
але
у нас нават ёсць зялёная зона
шкада з вакна яе не відно
толькі я ўсё адно
люблю
глядзець у вакно
дзіцятка
ты любіш свабоду
з пялюшак
хаця пачакай
менавіта іх ты й не любіш
а яшчэ ты не любіш
нагавічкі
пінеткі
шкарпэткі
драпкі
і каптуркі
ты ведаеш што такое свабода
гэта вада
якая адкрыла табе
дарогу ў свет
вада
у якой ты штодня любіш пялёскацца
і прывабны водар матулінага малака
ад якога соладка ў роце
бацькавы рукі
што баюкаюць і саграваюць
бразготка ў вазку
што так прыемна дзумкае
твае віскат і плач і пасопванне ўва сне —
гэта ўсё ты
наша Свабода
парасон
пакінуты гаспадаром
у вітальні чужой кватэры
падчас святочнае вечарыны
жадае быць скарыстаным
належным чынам
раскрывацца ад дотыкаў
дажджу і ўбіраць празрысты атрамант
якім піша вершы
непаслухмяны вецер
а потым сядзець на падлозе
выпраўляць памылкі
дапушчаныя нябачным аўтарам
рабіць найнатуральнейшую рэдактуру
Майму любаму Анёлку Настассі
Ange plein de gaieté.
Charles Baudelaire [2] Анёл весялосці. Шарль Бадлер. (фр.)
сярод фарысейства, вар’яцтва і тлуму,
сляпы ад паўночных часовых агнёў,
працягваю думаць, і думаць, і думаць
адно пра цябе, мой вясёлы Анёл;
пра тое, што знікнуць і людзі,
і дзверы, а вечар раптоўна запросіць на чай,
без лішніх размоў і высокіх матэрый
твой пальчык на вуснах папросіць маўчаць,
бо вочы ў вачох знойдуць лепш разуменне —
п’ем сонца заход, як з Фалерны віно.
…у цемры знікаю ссамочаным ценем,—
ізноў паміж намі бяздонная ноч.
Арменія [паэтычны трыпціх]
Орущих камней государство —
Армения, Армения.
В. Мандэльштам
I
Караундж [3] Караундж – найстаражытнейшая абсерваторыя на тэрыторыі Арменіі.
глядзеў на калядныя зоры
вачыма галодных каменных адтулін,
нібыта цыклопы ў пярэстай прасторы
з дазволу суворага часу паснулі.
Бадзяцца па зорным чужым лабірынце
я ў мроях сваіх нечакана паехаў
туды, дзе мацней арыяднінай ніці
камення спрадвечнага зычнае рэха,
дзе вецер салоны бядзе спачувае,
зямля пад нагамі паэта спявае:
«Каб музыка шчырага сэрца не ўмёрла,
крычы, не шкадуючы хворае горла…»
І – крыкнуў!
Шалёная воўчая зграя
жахлівыя іклы свае агаляе…
Читать дальше