– Д-давайце н-не будзем яе к-кранаць, – запінаючыся, адгукнуўся Янік з хмызоў.
– Як гэта «не будзем»? Мы на гэтую русалку чацвёртыя суткі палюем! – раззлавалася Палаева.
– Ды цішэй вы! – шыкнуў на студэнтаў навуковы кіраўнік. – Ханько! Рыхтуйце прэпарат.
Ханько ўзняла чорны пнеўматычны пісталецік з налепкай-кветачкай на рукаятцы і накіравала дула на русалку. Пачуўся кароткі хлапок. Нябачная русалка, нарабіўшы добрага шоргату, сцякла з дрэва са шпрыцам у левым сцягне.
Васіль Пятровіч кіўнуў і выпрастаўся. Янік адключыў выпраменьвальнікі.
– Зараз праявіцца. Зараз.
Сапраўды, праз некалькі секунд на траве, як выява на фотаплёнцы, пачаў праступаць сілуэт русалкі. Хутка пад бярозай ужо ляжала незвычайна прыгожая, але дужа бледная дзяўчына з валасамі па галёнкі, у белай кашулі з даўгімі рукавамі.
Васіль Пятровіч падышоў да русалкі. За ім насцярожана падцягнуліся студэнты.
– Толькі ў вочы ёй не глядзіце. Крыжыкі на ўсіх ёсць? – спытаўся Васіль Пятровіч.
– Так. Узялі ў музеі пад роспіс! – сказала Ханько.
– Толькі не забывайцеся, што наша афіцыйная рэлігія – юніверсалогія, а нашыя боствы – Навука і Эксперымент. Раніцай каб знялі крыжыкі і вярнулі іх у музей, – папярэдзіў студэнтаў навуковы кіраўнік.
Палаева асцярожна дакранулася да русалкі і прашаптала:
– Якая халодная!
– Канешне. Яна ж мёртвая! – радасна абвясціла Ханько.
– З-за прэпарата?
– Не. Прэпарат яе толькі абезрухоміў, праявіў і зрабіў асязальнай. Яна мёртвая сама па сабе. Глядзіце: след ад вяроўкі на шыі. Напэўна, павесілася, калі чалавекам была. Цэнны экзэмпляр.
Ханько ведала ў тэорыі амаль усю русальную традыцыю славян і магла расказваць аб русалках суткі запар.
– Хіба не толькі тапельніцы робяцца русалкамі? – здзіўлена спыталася Палаева.
– Палаева! – з прыкрасцю працягнуў Васіль Пятровіч, махаючы зацёклымі ад доўгага сядзення рукамі і нагамі.– Я табе зараз датэрмінова пастаўлю «два» за веданне прадмета. Ханько?
– Усе дзяўчаты-самазабойцы, незалежна ад таго, як развіталіся з жыццём, становяцца русалкамі. Ну, яшчэ дзеці, што памерлі нехрышчонымі ці якіх прыспалі няўважлівыя мамкі,– адчаканіла Ханько.
– Цікава, яна можа адчуваць боль? – падумала ўслых Палаева і выдзела іголку з русалчынага сцягна.
– Вось і высветліце. Гэта ваш дыпломны праект, а я – проста навуковы кіраўнік. – Васіль Пятровіч зрабіў некалькі прысяданняў, паскакаў на левай назе, пазяхнуў і ляніва сказаў: – Запакоўвайце аб’ект – і ў лабараторыю. А ў мяне яшчэ група 514-с ніяк не можа разабрацца з лазеннікам – ён ім ужо ўсю саўну перавярнуў дагары нагамі. Арэвуар!
Навуковы кіраўнік накіраваўся да свайго аўтамабіля, замаскіраванага «пад кусцік». Аўто завуркатала, бліснула пад месяцам, падміргнула фарамі і знікла на прасецы, пакінуўшы за сабой тонкі вэлюм пылу.
Палаева і Ханько развярнулі тэрмазберагальны мех.
– У саўну паехаў! – з зайдрасцю сказала Палаева. – Канешне, там Светачка Вярба ў кашміравай сарочцы ловіць лазенніка, ён такое відовішча не прапусціць.
– Яшчэ невядома, што яна ловіць, гэтая Светачка, і як яна пасля будзе гэта лячыць. Вось дык вясёлая ўдава: году не прайшло, як муж патануў! Дапамажы, Янік! – звярнулася Ханько да хлопца, ухапіўшы русалку за ногі.
Але хлопец стаяў нерухома і ціха паўтараў:
– Д-давайце п-пакінем яе т-тут. Д-давайце, га?
– Э-э, моцна яна цябе зачапіла! Ты вось што… прымі свае седатыўныя пігулкі і ідзі спаць!
Ханько ўхапіла русалку за валасы, але адразу ж прыбрала руку. З русалчыных валасоў тырчэлі зубчыкі жалезнага грэбня.
– Грэбень. Жалезны. Востры! – Ханько аблізнула параненую далонь.
Палаева акуратна выцягнула грэбень з валасоў русалкі і ўзважыла ў руцэ.
– О-о, цяжкі! Цікавы артэфакт. Здадзім на экспертызу, вынікі змесцім у дадатак да работы.
Дзяўчаты паклалі русалку ў мех і павалаклі па зямлі да мікрааўтобуса, які стаяў пад алешынай за палову кіламетра ад месца лоўлі аб екта. Хлопец моўчкі пайшоў за імі.
Палаева і Ханько даследавалі аб'ект у навуковай лабараторыі: Палаева вазілася з лічбамі ў аддзяленні статыстыкі, Ханько ў павільёне праводзіла вопыты над русалкай, тэстуючы тую на ўстойлівасць да розных рэчываў, гукаў і асяродкаў. Русалка мітусілася ўнутры сферычнага электрамагнітнага вальера, намагаючыся вырвацца, але не магла пераадолець нябачны бар ер, які іскрыў і балюча біў яе токам.
– Дайце мне грэбень. Вярніце мне грэбень! – крычала русалка, цягнула рукі да даследчыкаў, але тут жа атрымлівала разрад, шыпела і адскоквала назад.
Читать дальше