1 ...7 8 9 11 12 13 ...41
Я сёння прачнуўся
А шостай
З апошняй ранішняй зоркай.
Яна перад тым, як знікнуць,
Падміргнула
Ў маё вакно.
І сэрца, як камень, жорсткае,
І сэрца, як камень, жорсткае,
І сэрца, як камень, жорсткае
Жыць захацела зноў.
Я сёння
Прайшоў па вуліцы
Ўслед за дажджом восеньскім.
І лісце плыло па лужынах
Да сонечных берагоў.
І сонечнай ласкай Боскаю,
І сонечнай ласкай Боскаю,
І сонечнай ласкай Боскаю
Растапіла застылую кроў.
Я сёння
Дзяліўся ўсмешкамі.
Толькі ўявіце:
Я!?.
Дзяліўся ўсмешкамі…
І радасці было столькі,
Што хапіла б яе на дваіх.
Але ты больш не завеш мяне,
Не завеш мяне сваім мішкам,
І ў небе ніводнай зоркі,
Не бачна ніводнай зоркі
У небе вачэй тваіх.
А незнаёмцу было ўсё роўна…
На тым і казцы канец…
«Завіталі ў мой дом Мельхіор… Балтасар… Каспар…»
Завіталі ў мой дом Мельхіор… Балтасар… Каспар…
Завіталі наўпрост… быццам былі тут сто разоў…
Кажуць… Бог нарадзіўся… быць сведкам яго раства…
Гэта гонар для кожнага з каралёў.
Не… ну што вы… панове… памілуй Бог…
У гэтым месцы няма ані кроплі святой крыві…
А яны жагналіся і цалавалі парог…
І гарэлі іх вочы… з-пад чорнай як смоль брыві…
І сказаў Мельхіор… Мы крочылі дзевяць год…
Йшлі дарогамі ветру, шукаючы гэты кут…
Каб на вочы пабачыць таго… хто ўратуе род…
І на плечы свае возьме цяжар яго пакут…
Вось дары нашы… вымавіў Балтасар…
Тут цярновы вянок і цвікі… і драўляны крыж…
Усё, што мае ўзяць у дарогу найвелькі цар…
Каб узняцца на самае неба з любой гары…
Што вярзеце вы… людзі… ідзіце адгэтуль прэч…
Каб у хату маю не ступала вашай нагі…
І ляцелі праклёны ўслед… а дары ў печ…
І барвелі цвікі ў пякельным яе агні…
З той пары данімае… штоночы… жахлівы сон…
Бог стаіць на вадзе… гэты бог мой адзіны сын…
І я не магу з гэтым светам нічога зрабіць…
Толькі любіць яго… толькі яго любіць…
[1985 г. н.]
Ёлка была высокая, двухметровая, цёмна-зялёная, араматызаваная. Ната, цяжка дыхаючы з марозу, увайшла ў кватэру і нецярпліва парвала цэлафан, у якім, як у кокане, махнатая прыгажуня яшчэ нядаўна мірна спала – спачатку на складзе кітайскай фабрыкі, пасля ў грузавым вагоне цягніка, а затым – на іншым складзе, оптавым, вялікім, побач з плюшавымі авечкамі і бліскучымі «дожджыкамі».
Ната набыла ёлку выпадкова. Яна даўно не святкавала Каляды і, увогуле, не збіралася надаваць кватэры святочны выгляд, а проста ішла ў краму за малаком. Але гэта была апошняя ёлка ў прадаўца. Мужчына, які збываў яе з «калёс» каля крамы, проста здубеў на марозе. Ён так хацеў паехаць нарэшце дадому і сагрэцца, што знізіў цану на апошнюю адзінку тавару ажно ўдвая. Ната зжалілася над мужчынам і купіла незапланаваны калядны аксесуар.
– Шчаслівая ёлка! Такой прыгажуні дасталася! – сказаў прадавец, закрываючы дзверцы грузавічка на амбарны замок.
Прыгажуня ўхапіла шчаслівую ёлку за вярхушку і пацягнула яе па свежым снезе да сваёй шматпавярхоўкі.
Цэлафан апынуўся на падлозе, і вызваленая ёлка пачала святочнае наступленне на жыллё Наты. Па кватэры паплыў церпкі водар хвоі і мандарынаў – не такі мяккі, як у дзяцінстве, а рэзкі і сінтэтычны, вельмі настойлівы; ён не проста запрашаў, а катэгарычна рэкамендаваў стварыць у пакоі калядны настрой і неадкладна пачаць весяліцца.
Ната адкрыла балконныя дзверы, каб крыху выветрыць з пакоя святочны пах, расправіла ёлцы лапкі і паставіла яе па цэнтры залы.
– Кысь-кысь! Хадзі сюды, Рысечка, будзем ёлачку прыбіраць!
Са спальні выбегла маленькая котка Рыся, якая атрымала сваё імя з-за дзікай плямістай афарбоўкі і акуратных кістачак на вушах. Ната падабрала яе каля пад'езда зусім маленькім кацяняткам, лёгкім, як пёрка, а цяпер Рыся весела гойсала па кватэры, і ад яе скокаў звінеў крышталь у «сценцы».
Не разлічваючы заспець пасярод залы перашкоду, Рыся ўпісалася ў ёлку, зваліла яе і ад страху ўзвілася на шафу.
Ната крыху падумала і перацягнула ёлку ў кут. Пасля дзяўчына пачала ўспамінаць, дзе знаходзяцца ёлачныя цацкі і мішура.
На шафе чмыхнула Рыся: ёлачны пах дабраўся і да яе.
– Антрэсолькі! – прасвятлела Ната, збегала за зэдлікам і дастала з антрэсолей старую драўляную скрыню з-пад гуталіну.
Читать дальше