У апошні вечар перад вылетам у Беларусь, калі я збірала рэчы, да мяне прыйшоў сябар сям’і гаспадароў – вельмі добры дзядзька, які мне падабаўся. Звалі яго Майкл. Спачатку ён дапамог мне закрыць мае сумкі, цэлыя тры штукі, цалкам забітых адзеннем. Я везла рэчы ўсім: і маме, якая суткамі прападала на працы, і бацьку, якога не бачыла з паўгода пасля чарговага скандалу, і малому брату – яго бацька забраў з сабою, калі сыходзіў з хаты. Сябе, канешне, не абдзяліла таксама.
А потым Майкл дастаў з-за спіны плэер. Ён купіў новы, ад сябе. Як зараз памятаю, чорны з моднымі навушкамі – нашмат круцейшы, чым той, што я згубіла. Зайздрасці маёй аднакласніцы не было мяжы. А я была такая шчаслівая! Зараз ужо не памятаю, ні як звалі гаспадыню, ні яе сына, з цяжкасцю ўспомніла гаспадара, але Майкл – ледзь не адзіны мужчына ва ўсім маім свядомым жыцці, якога я ўспамінаю з пяшчотай.
Чалавечая памяць даволі пераборлівая на ўспаміны. Мне хацелася б памятаць добрае, але яно заўжды хаваецца пад пластамі пылу і бруду. У вачах незнаёмага дзіцяці я ўбачыла тое, што ніколі больш не вернецца да мяне самой: сваю наіўнасць, казачныя мары, жаданне сапраўднага, цёплага, светлага. А галоўнае у гэтых вачах я ўбачыла веру. Веру ў дарослага адзінага бога для гэтых маленькіх цудаў. Мне хацелася б застацца добрым успамінам у памяці маёй маленькай незнаёмкі… але ці здольныя мы ісці супраць жыцця?
Тыдзень таму мне пазваніў былы шэф і запрасіў папрацаваць на вакацыях. Праз дзве з паловай гадзіны цягнік прывязе мяне ў мясціны майго дзяцінства.
Я цудоўна памятаю, з якім жаданнем і ўпартасцю ў апошнім класе шукала працу летам. Не столькі спакушала магчымасць зарабіць грошай, колькі мяне вымушала рабіць гэта патрэба ні ад каго не залежаць. Пошукі мае цягнуліся доўга, таму што пачаліся занадта позна для сезона. Каб незнаёмыя, якія замовілі за мяне слова перад будучым шэфам, зараз я наўрад ці вярнулася б сюды.
Першае ў маім жыцці працоўнае лета запомнілася мне вельмі добра. Чамусьці менавіта яно найбольш яскрава бачыцца мне зараз. Я прадавала людзям успаміны, як мне казалі,– марозіва «як у Савецкім Саюзе». Рабіла я яго сама: даводзілася па тры-чатыры разы на дзень бегаць у кафэ гатаваць сумесь, бо народ разбіраў ражкі з пламбірам так, што я ледзь паспявала рабіць новыя порцыі. Гандляваць летам пламбірам – рэч не вельмі бяспечная з боку розных там санстанцый, і бывала ўсялякае, але мой шэф мяне цаніў, бо толькі я магла знайсці «агульную мову» з маразільным апаратам, які ніяк не жадаў нармальна працаваць і вельмі часта ламаўся, таму што быў перакуплены ў кагосьці з рук. У такія моманты я малілася ўсім багам, каб толькі не прыехала якая-небудзь чарговая праверка.
Майго шэфа ў горадзе не любілі. Не сказаць, каб ён быў дрэнным. Наадварот, як па мне, дык ён добры кіраўнік, дый як чалавек не благі. Уся справа ў тым, што гарадок наш маленькі, усе адзін аднаго ведаюць з падгузнікаў. Таму многім вельмі коле вочы, калі хтосьці, каго бачылі яшчэ нядаўна ў калысцы са сліняўчыкам, раптам прыязджае на бялюткай «Аўдзі Кю 8» і кіруе «парадам» намётаў з марозівам, цукровай ватай і ўсялякай рознай драбязой, на якіх, дарэчы, і зарабіў сабе гэтую самую «Аўдзі». Сам. І на кожны такі «парад» намётаў у якое-небудзь свята ён абавязкова ўласна працуе ў адным з іх. Ад званка да званка. Вось таму, нягледзячы на такую напружаную і часам проста ідыёцкую працу, якая з'ядае ўсе нервы, я з задавальненнем пагаджаюся, калі ён мяне запрашае.
Для жыхароў горада тым летам мой пламбір быў сапраўды настальгічным «back in the USSR». У спякотныя сонечныя дні ні я, ні мой апарат не паспявалі перавесці дых і адпачыць: чэргі не заканчваліся да самага вечара. Усім хацелася асвяжыцца, і кожны пры гэтым лічыў сваім абавязкам запытаць у мяне, што ўваходзіць у склад пламбіру, які ёсць асартымент (а паколькі мой пламбір быў толькі аднаго віду – ванільны – пыталі, чаму асартыменту няма), чаму я накручваю такі кошт, а яшчэ нагадвалі, што ў мінскім «МакДональдсе» вафельныя ражкі ў пламбіры нашмат смачнейшыя, чым у мяне. Кожны вечар я гаўкала на людзей.
Дажджлівыя дні ў апошні летні месяц здараліся даволі часта. Калі шэфу трапляўся на вочы варты даверу прагноз надвор я, ён загадзя папярэджваў мяне, што заўтра на працу не трэба. Калі ж прагноз даверу не выклікаў ці аказваўся падманам, мне даводзілася дзень мерзнуць у сваёй палатцы, пакуль шэф не зробіць ласку адпусціць дадому. Адзін з такіх дзён запомніўся мне асабліва яскрава. Звечара абяцалі сонейка, але ранкам неба зацягнула хмарамі, пайшоў лівень, і асабіста я цудоўна разумела, што выручкі ў мяне не будзе. Шэф спадзяваўся на іншае. Карацей, сяджу я ў гэтай палатцы, трасе мяне, як кляновы ліст, з носа цячэ, бы з дзіравай бочкі. І галоўнае, што вакол – ні душы.
Читать дальше