1 ...8 9 10 12 13 14 ...41 Гэта была чароўная скрыня. Калі Ната была маленькай дзяўчынкай, яны з татам і мамай ездзілі да бабулі ў вёску. Дзве гадзіны ў мяккім крэсле вялікага аўтобуса, які так роўна і хутка едзе па трасе, нібыта ляціць над ёй. Пасля гадзіна чакання ў халоднай зале аўтастанцыі раённага цэнтра, кукурузныя палачкі ў цукровай пудры, ад якіх пальцы робяцца ліпкімі і, аблізаныя-пералізаныя, настываюць на холадзе. Следам яшчэ гадзіна язды ў маленькім рэйсавым аўтобусіку, што падскоквае на кожнай яміне, як жабка. Потым пешшу, два кіламетры па гравійцы, занесенай снегам – тату снегу па калена, Наце па пояс! І, нарэшце, маленькая бабуліна хата, гарачая печ, марозныя ўзоры на шкле. Тата пойдзе ў лес і вернецца з ёлкай – сапраўднай, жывой, калючай! І тады бабуля дастане з падполу тую самую скрыню і паставіць на падлогу, пакрытую даматканай посцілкай. І Ната з мамай асцярожна будуць вымаць шкляныя цацкі з ваты, якой яны перакладзены з мінулага года, каб не пабіліся, і вешаць іх на ёлку – Ната на ніжнія лапкі, мама на верхнія. Шкляныя зайчыкі, вавёрачкі, залачоныя шышкі, пасыпаныя, як сняжком, белым шкляным парашком, снегавік, сімпатычныя мухаморчыкі, бліскучыя шары са сняжынкамі і рамонкамі, пацеркі і самаробныя папяровыя рознакаляровыя сцяжкі. Потым тата возьме Нату на рукі, і яна надзене на ёлку ружовую вярхушку, бо якая ж ёлка без вярхушкі? Пад ёлку без вярхушкі Дзед Мароз не пакладзе падарунак!
І вось скрыня амаль пустая, і застаецца самае галоўнае! Не дыхаючы, выняць з ваты вялікі празрысты шар на чырвонай тасёмцы, у якім схаваны маленькі домік, ёлачка і хлопчык на лыжах. Як яны туды патрапілі? Гэта дзіва! Ната павесіць гэты шар на самае віднае месца, на самую прыгожую лапку, і будзе цэлы вечар глядзець на таго хлопчыка, на яго сінюю шапачку і ружовыя шчокі, і ёй будзе здавацца, што хлопчык усміхаецца. Вось каб ён выбраўся з шара! Тады яна б пайшла з ім гуляць і катацца на лыжах!
– Калі будзеш вельмі жадаць, ён абавязкова прыйдзе да цябе! – казала бабуля. – Толькі не разбівай шар, каб яго вызваліць. Проста чакай.
І Ната кожны год пісала лісты Дзеду Марозу, каб ён вызваліў Дзяніску – бабуля сказала, што хлопчыка завуць Дзяніска – са шклянога шара, і клала лісты пад ёлку. Але Дзед Мароз дарыў Наце калі шапку, калі ляльку, а калі – набор цукерак, а Дзяніска так і заставаўся ў шары.
Аднойчы тата прывёз з вёскі скрыню з цацкамі.
– Натка, бабуля прасіла перадаць іх табе! – сказаў ён і заплакаў.
Так Ната даведалася, што бабулі не стала. Мама схавала скрыню на антрэсолі, і больш Каляды сям я не святкавала.
А пасля Ната вырасла. Бацькі вырашылі, што дачка павінна сама будаваць сваё шчасце, і з ехалі жыць у вёску. Так Ната засталася адна ў вялікім горадзе.
Ната адкрыла скрыню і прыўзняла верхні слой ваты, шэры ад пылу. У электрычным святле бліснулі шклянымі бакамі знаёмыя цацкі. Тут былі і снегавік, і зайчыкі, і пацеркі, і нават сцяжкі: яны выцвілі, але пахлі фарбамі гэтак жа салодка, як і раней.
Ната пачала вешаць цацкі на ёлку. Яна не спяшалася: сагравала кожную ў далонях, шукала ёй належнае месца: унізе – гірлянды з фольгі, а цацкі – вышэй і глыбей, каб Рыся не дацягнулася да іх, – і толькі пасля гэтага моцна прывязвала цацку да лапкі на акуратны банцік.
Скрыня паволі пусцела. Нарэшце, Ната павесіла на галінку апошні мухамор і заплюшчыла вочы. Вось ён, той салодкі момант, зусім як у дзяцінстве!
Ната апусціла руку ў мяккую вату і намацала на самым дне скрыні вялікі шар на чырвонай тасёмцы. Не адкрываючы вачэй, яна дастала яго і паднесла да твару.
– Прывітанне, Дзяніска!
Ната адкрыла вочы і ўбачыла знаёмы домік, ёлачку і хлопчыка на лыжах.
– Ты ўсё яшчэ тут, Дзяніска! – усміхнулася Ната. – Калядны палоннік. Ніяк не вызвалішся! Зараз я знайду для цябе самае лепшае месца на навагодняй прыгажуні…
Тым часам святочны водар ёлачкі раздражніў нос і вусы Рысі, і яна чмыхнула зноў – так гучна, як толькі можа чмыхаць маладая котка. Ад нечаканасці Ната выпусціла шар з рук, і ён упаў на дыван. Ната закрыла вочы рукамі:
– Толькі не разбіся! Не разбіся!
Шар ляжаў на дыване цэлым-цалёханькім і пагойдваўся з боку ў бок, як неваляшка.
Рыся вельмі любіла круглыя, бліскучыя рэчы. Яна імгненна саскочыла з шафы, апынулася каля шара, падчапіла яго лапай і пагнала па пакоі, узняўшы хвост трубой.
– Рыся, стой! Рыся, куды?! – Ната пагналася за коткай, але дзе там! У два скокі Рыся дагнала шар, ухапіла яго за чырвоную тасёмку і нырнула ў прыадчыненыя балконныя дзверы. Там котка ўскочыла на бетонны парапет незашклёнага балкона, села і, не выпускаючы з пашчы тасёмку, пачала драпаць шар і ганяць яго па крузе.
Читать дальше