– Электрычнасць ёй не даспадобы! – канстатавала Ханько, калі ў павільён увайшла Палаева з электронным планшэтам у руках.
– А яна не вырвецца? – спалохана спыталася Палаева, уводзячы ў базу дадзеных апошнія лічбы з датчыка, ужыўленага русалцы паміж лапатак, куды тая не магла дацягнуцца сваімі доўгімі, гнуткімі пальцамі.
– Ніяк. Высокае напружанне – раз, кодавыя герметычныя дзверы ў лабараторыі – два, пастаянны нагляд – тры, – упэўнена адказала Ханько.
– Дадай некалькі адзінак. Нешта мне неспакойна.
– Баішся?
– Інтуіцыя.
– Інтуіцыя? Хм… Кажуць, у рудых яна дужа развітая. Добра, накіну дзясятачак.
Палаева кінула позірк на таймер:
– Колькі яна ўжо не расчэсвалася?
– Дванаццаць гадзін.
– Датчык паказвае высокі ўзровень трывожнасці і сярэдні – болю. Яшчэ пачакаем.
– А пакуль, каб не марнаваць дарэмна час, праверым, як яна рэагіруе на павышэнне і паніжэнне тэмпературы. Зараз надыдзе зіма-а-а…
Ханько некалькі разоў дакранулася да сэнсарнага экрана. Тэмпература ў русалчыным вальеры пачала зніжацца. Русалка забегала па крузе, але хутка холад узяў сваё: яна села, абхапіўшы рукамі калені, заплюшчыла вочы і змоўкла. Доўгія валасы, напоўненыя вадой, абгарнулі істоту цалкам – і застылі на марозе, утварыўшы вакол русалкі покрыў з ільду.
– Глядзі: замерла! – абрадавалася Ханько і запляскала ў ладкі.– Напэўна, па такой жа схеме яны заміраюць у азёрах на зіму! А цяпер пераселім яе ў Афрыку…
Студэнтка зноў дакранулася да планшэта. Паветра пачало прагравацца. Лядовая корка на русалцы адтаяла. Русалка здрыганулася і рэзка разамкнула вейкі. Але праз некаторы час ёй стала нясцерпна горача: яна скінула з сябе кашулю ды замітусілася па вальеры з падвоенай хуткасцю.
У павільён увайшоў Янік. Палаева заўважыла хлопца і паправіла прычоску. Але ён убачыў прыгожы русалчын стан, вакол якога струменіліся доўгія валасы – і застыў, як каменны, не маючы сілы адвесці вачэй ад аб’екта даследавання. Палаева нахілілася да Ханько і раўніва прашаптала:
– Давай праверым ніжэйшы парог дапушчальнай для яе вільготнасці!
Ханько кіўнула і зноў змяніла надвор е ў павільёне. Неўзабаве русалчына скура пакрылася плямамі, а валасы скруціліся, як водарасці, выкінутыя на бераг у самую спёку. Русалка ўпала на падлогу і пачала задыхацца.
– Хопіць! Хопіць! Вы ж яе… знішчыце! – закрычаў Янік, кінуўшыся да прыборнай панэлі. Экстраным пераключэннем кліматычнай праграмы хлопец выклікаў над вальерам трапічны дождж. Русалка ляжала, цяжка дыхаючы, і лавіла вуснамі кроплі выратавальнай залевы. Янік глядзеў на яе.
– Ну, добра. Дастаткова! Аб’яўляю перапынак! – дзелавіта сказала Ханько.
Дзяўчаты накіраваліся ў прыбіральню. Каля выхаду з павільёна Палаева азірнулася на русалку і працэдзіла праз зубы:
– Ты не атрымаеш ні Яніка, ні свой паганы грэбень!
Дзяўчаты выйшлі.
Янік выключыў дождж. Русалка ўстала, падышла да мяжы бар ера і прамовіла:
– Вада цягне валасы… Дай мне грэбень. Калі ласка, дай мне яго…
Непераадольная сіла прымусіла хлопца паглядзець у русалчыны вочы – жывыя, вялікія, напоўненыя слязьмі, як дзве крыніцы…
Янік забыўся, што ўмее дыхаць, а калі ўспомніў, некалькі разоў шумна ўцягнуў у лёгкія паветра. Ён навобмацак адамкнуў шафачку, выняў адтуль грэбень і кінуў яго русалцы.
Русалка ўхапіла грэбень і ўсадзіла яго сабе ў валасы. З іх пацяклі на падлогу моцныя струмені вады. Русалка з асалодай застагнала, засмяялася, але раптам стала сур'ёзнай і зашаптала:
– Выпусці мяне адсюль… выпусці! Я зраблю табе хораша ў адказ…
Хлопец канчаткова праваліўся ў бездань русалчынага пагляду. Ён працягнуў руку да выключальніка, каб зняць з русалкі электрамагнітны вальер, але раптам у павільён увайшоў Васіль Пятровіч.
– Янік! Янік! – паклікаў ён.
Голас навуковага кіраўніка выцягнуў хлопца з салодкага мроіва. Ён азірнуўся.
– Ідзі дадому, – сказаў Васіль Пятровіч.
– Я пабуду. Падзяжуру.
– Я сказаў – ідзі. Сёння дзяжурыць Палаева.
– Я падмяню Палаеву.
Васіль Пятровіч наблізіўся да Яніка, праверыў пульс на ягонай шыі, зазірнуў у пашыраныя зрэнкі.
– Вось што. У мяне адчуванне, што практычнае вывучэнне дыпломнага аб’екта нясе пагрозу твайму здароўю. З гэтай хвіліны я вызваляю цябе ад непасрэднага кантакту з русалкай, у тым ліку і візуальнага. Зразумеў? Няхай назіраннямі і вопытамі займаюцца дзяўчаты. А ты будзеш аналізаваць сабраныя дадзеныя і рабіць статыстыку.
Читать дальше