Васіль Пятровіч сілай вывеў хлопца з павільёна. Раніцай Янік прыйшоў у лабараторыю хутчэй за астатніх і, нягледзячы на забарону, адразу накіраваўся ў павільён, каб наведаць русалку.
Але першая, каго ён убачыў, была не русалка.
Палаева вісела пад столлю ў пятлі са сваіх уласных валасоў і перарубленых правадоў. Электрычнасці ў павільёне не было, таму вальер адсутнічаў. Русалка знікла. Кодавыя дзверы без электрычнасці пераўтварыліся ў звычайную жалезку і вольна боўталіся на петлях. На падлозе Янік знайшоў датчык.
У павільён увайшла Ханько, вохнула і ўпала на стул, схапіўшыся за сэрца. Следам убег Васіль Пятровіч. Ён убачыў цела Палаевай, што гойдалася з боку ў бок ад скразняку, абхапіў галаву рукамі і закрычаў:
– Дзе яна?!
Янік паказаў навуковаму кіраўніку датчык.
– Далёка збегчы не магла, бо абясточаны толькі гэты павільён. Яна недзе на тэрыторыі,– сказаў Васіль Пятровіч.
– Уключым выпраменьвальнікі? – спыталася Ханько.
– Іх нельга трымаць уключанымі пастаянна – гэта ж радыяцыя ў вялікіх дозах. Будзем лавіць «на жыўца». Трэба прывабка.
– Грэбень! – ускрыкнула Ханько і кінулася да шафачкі, але, адамкнуўшы яе, разгублена сказала: – Знік…
Васіль Пятровіч выцер лоб насоўкай і ціха прамовіў:
– Калі грэбень у яе… то цяпер гэта не русалка, а чысты анёл смерці. Грэбень надае ёй сілы. І за тое, што мы з ёй рабілі, яна вычаша нас гэтым грэбнем з ліку жывых.
У даследчай лабараторыі абвясцілі надзвычайнае становішча. Выкладчыкам, студэнтам і лабарантам забаранілі перамяшчацца па адным і насіць доўгія валасы. Усім выдалі шпрыцы з праяўляльным прэпаратам, каб у выпадку сустрэчы з русалкай тэрмінова яе абезрухоміць. Нанач усе да аднаго мусілі пакідаць лабараторыю.
На наступны дзень у халадзільным пакоі была знойдзена Ханько. У яе сэрцы тырчэў шпрыц з прэпаратам.
Праз дзень у суседнім павільёне загінула Святлана Вярба: як быццам, аступілася і патрапіла пад моцны электрычны разрад.
– Гэта не тыя ахвяры. Русалка хацела зацягнуць мяне ў ваду, – сказаў Янік над целам Вярбы. – Яна не супакоіцца, пакуль не атрымае сваё.
Увечары Янік не пакінуў лабараторыю разам з іншымі. Ён сеў на падлогу ў цэнтры павільёна і стаў чакаць.
Як толькі электронны гадзіннік абнуліў час на новыя суткі, у павільён увайшла русалка. Яна спаймала сваімі бяздоннымі вачамі позірк хлопца, мякка ўсміхнулася яму, села побач і ціха сказала:
– Вось і ты…
– Як ты выбралася з вальера? – спытаў Янік.
– Кінула грэбень і перарубіла ім правады.
– Калі табе быў патрэбны я – нашто столькі ахвяр?
– Боль за боль. Дарэчы, тыя дзве не мучыліся так, як мучылі мяне.
– А трэцюю за што?
Русалка правяла грэбенем па валасах. Ружовы шнар на яе шыі пачырванеў.
– Смерць за смерць, – прашаптала яна.
Хлопцу вельмі захацелася дакрануцца да русалкі.
– Скажы… чаму ты залішыла сябе жыцця? – спытаўся Янік і правёў далонню па яе шыі.
Русалка зажмурылася ад асалоды.
– З-за хлопца. Ён пабраўся шлюбам з другой, – вымавіла яна, схапіла руку хлопца і пацалавала яе.
– І дзе ён цяпер?
– Ён патануў год таму. Няшчасны выпадак!
– А яна?
– А яе… токам учора забіла!
Русалка рассмяялася. Рэха яе смеху пракацілася па калідорах, некалькі разоў адскочыла ад прыборных панэляў і вылецела ў вентыляцыйную шахту.
– Ты прыйшла па мяне? Забівай. – Янік лёг.
– Не хачу.
Янік устаў і адчыніў дзверы лабараторыі. З двара пацягнула чэрвеньскай свежасцю.
– Тады ідзі на волю, на сваю бярозу.
Русалка паглядзела Яніку ў вочы і сумна сказала:
– І ісці не хачу. Я жыць хачу! З табой жыць! – тут яна загаварыла вельмі хутка і нервова: – Калі святар накіне на мяне крыжык і ахрысціць новым імем, я стану чалавекам – жывым чалавекам, я не буду памятаць, што са мной рабілі і што рабіла я! І дажыву свой век сярод людзей! Табе ж падабаюцца вочы мае, рукі мае, стан? Дык знайдзі святара!
– Дзе ж я табе яго знайду? Ужо стагоддзе, як наша афіцыйная рэлігія – юніверсалогія…
– Я ведаю, я пры жыцці была юніверсалкай. Навука не ўмее ўваскрашаць, уваскрашае толькі вера! Ты ведаеш, куды трэба ісці! Я буду чакаць цябе тут. Аднясі яму мой грэбень!
Русалка ўсадзіла грэбень у валасы Яніка і знікла.
Янік падышоў да маленькай царквы, якая насіла статус архітэктурнага помніка і таму не была зруйнаваная апантанымі чыноўнікамі-юніверсолагамі. Цяпер тут быў арганізаваны «Музей хрысціянства». У ім пастаянна жыў загадчык, вартаўнік і экскурсавод – трыадзіны прафесійна і цэласны духоўна музейнік Міраслаў, аб якім хадзілі чуткі, што ён па начах служыць малебны і нават хрысціць дзяцей.
Читать дальше