Я бываў у розных частках свету. Мяне закідвала туды, дзе вакол ляжалі мерцвякі і шанец атрымаць адпушчэнне грахоў быў вышэйшы, чым у самагубцаў на дахах шматпавярховак. Я бачыў многае. І многае я хацеў бы забыць. Кожны раз мяне прымушала працаваць у такіх месцах толькі адна думка: я тут для таго, каб палегчыць долю людзей, якія жывуць у гэтым пекле, у мяне ёсць магчымасць кінуць усё і вярнуцца на свой хутар у лесе, дзе не страляюць, а ў іх – няма. Мне не было шкада сябе. І чым цяжэй і страшней рабілася, тым больш спартыўнай злосці і азарту было ў мяне.
На маёй пакуль яшчэ ціхай радзіме расла мая маленькая дачка. Напэўна, я дзейнічаў не так, як належыць бацьку, але я хацеў зразумець усе небяспекі, якія могуць непасільным цяжарам легчы на яе плечы – каб умець своечасова іх прадухіліць. Менавіта таму я часцей бываў там, дзе страшна, убіраючы усю брыдоту чалавечай прыроды, – каб дачка ніколі не ўбачыла ашчэр забойцы ў форме.
Нават цывілізаванае грамадства можа стаць зграяй галодных ваўкоў у лічаныя месяцы, гэта я зразумеў з гранічнай дакладнасцю. Парад украінскіх ваеннапалонных у Данецку стаў апошнім элементам гэтага разумення.
Я адчуваў сябе героем вядомага анекдота пра таксіста, які ведае, як трэба кіраваць краінай, але няма часу – бо таксаваць трэба.
Я ведаў, што трэба рабіць. Не ведаў – як. Дакладней сказаць, не ведаў, дзе знайсці патрэбныя каталізатары працэсу. Была праграма – не было тых, каму яна патрэбная.
Перада мной былі толькі адны дзверы, у якія я мог увайсці, і я стаяў перад імі, утойваючы прывід надзеі глыбока ў душы, роўна як і поўную гатоўнасць сустрэць смех і сарказм. Мне было не прывыкаць.
Сёння, у панядзелак, 20 чэрвеня 2017 года я стаяў перад будынкам Сакратарыята штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку са змяшанымі пачуццямі.
Мне было добра знаёмае гэтае месца. Я бываў тут шмат разоў раней, і, верагодна, пабываю тут яшчэ не раз.
Трыццаць дзевяць паверхаў са шкла, сталі і бетону на працягу шасцідзесяці гадоў былі цэнтрам свету. Цяпер іх роля з кожным днём сыходзіла ў мінулае. Мары Дага Хамаршольда павольна, але дакладна прыходзіў канец.
Другі Генеральны сакратар ААН быў творцам і, у нейкай ступені, рамантыкам. Менавіта гэта дазволіла Арганізацыі стаць тым, чым яна была столькі гадоў.
Сёння ёй кіравалі нават не палітыкі, а чыноўнікі.
Я добра ведаў гэты тып людзей. У пагоні за захаваннем status quo яны развучыліся рэагаваць на пагрозы. Як вядома, нестандартная небяспека патрабуе прыняцця нестандартных рашэнняў.
Усе рашэнні былі рэгламентаваныя інструкцыямі, прыняцце якіх патрабуе некалькіх гадоў, у той час як праблема прагрэсуе штодня толькі за кошт таго, што яна развіваецца не па інструкцыі.
У маштабах гэтага месца і людзей, якія бывалі тут за апошнія паўстагоддзя, я быў нікім. Тое, што я нёс з сабой, было, магчыма, не пад сілу рэалізаваць і самому Хамаршольду. Я ішоў сюды толькі таму, што я не ўмею працаваць у стол. Я быў абавязаны паспрабаваць.
Я грукаў у адзіныя дзверы, да якіх мог дацягнуцца.
Намеснік Генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях доктар Эдмон Эш не быў падобны да таго падцягнутага энергічнага чалавека, якога я шмат разоў бачыў на фотаздымках. У жыцці ён горбіўся, знакаміты бляск вачэй аслабеў, лініі зморшчынак цягнуліся праз увесь твар дадолу, з-за чаго ўся энергічнасць сыходзіла на нішто. Яму было, калі не памыляюся, пяцьдзясят восем гадоў, але выглядаў ён значна старэйшым.
Апускаючыся ў крэсла, ён па-старэчы абцягнуў калашыны штаноў і крэкнуў, канчаткова сеўшы.
Лакіраваная стальніца была абсалютна чыстая, калі не лічыць шырокага манітора, пісьмовага набору і рамкі з фотаздымкам, якая была павернута так, каб выяву бачыў толькі гаспадар кабінета.
У мяне ніколі не атрымлівалася ўтрымліваць стол у такой чысціні больш за дзве гадзіны. Тое, што звычайна называецца «творчым беспарадкам» чароўным чынам узнікала з ніадкуль, насуперак універсальнаму закону захавання энергіі, аднак, у поўнай адпаведнасці з ім, зусім не спяшалася знікаць нікуды.
Мяне гэта не турбавала, я апраўдваў сябе перадусімі навокал і самім сабой цытуючы эйнштэйнаўскае «Парадак неабходны толькі дурням, геній пануе над хаосам».
Доктар Эдмон Гаспар Эш зусім не быў дурнем. Як і належыць чыноўніку яго ўзроўню і пасады, ён быў больш чым праніклівы, разумны і цынічны. Менавіта цынізм, уласцівы выключна людзям з высокім інтэлектам, быў часткай тых маральных якасцей, якія, як мне здаецца, варта было б пісаць у рэзюмэ кожнага топ-мэнэджэра. Эш быў надзелены гэтай якасцю спаўна.
Читать дальше