Калі была створана Ісламская дзяржава, спачатку ніхто не надаў гэтаму належнага значэння. Гэта чалавечая прырода. Прасцей заняцца тым, што зразумела – аддача будзе большая. Але ўсё аказалася нашмат складаней.
Я мару дажыць да таго дня, калі Ісламская дзяржава стане толькі артыкулам у Вікіпедыі. Пакуль жа арміі прасуюць Блізкі Усход высокадакладнымі бомбамі, якія нібы канструююцца ўжо з убудаваным штабам ІД – куды бомба ўпала, там і штаб ІДЗІЛ.
Гібрыдная вайна на самой справе не была вынаходствам дваццаць першага стагоддзя. Яна была заўсёды. Анекдоты пра савецкага лётчыка «Лі Сі Цына» ў В’етнаме – найлепшае таму пацвярджэнне.
Але яшчэ ніколі яна не была настолькі небяспечная для ўсіх нас.
Другі раз пасля стварэння ядзернай зброі людзі пачынаюць вучыцца жыць з узведзенай бомбай пад уласным крэслам.
Раней сродкам ад параноі была сістэма стрымак і проціваг, якой аперыравалі ААН і найбуйнейшыя дзяржавы свету. У выпадку гібрыднай вайны гэтая сістэма выявілася практычна бескарыснай. Складана кантраляваць тых, у каго няма імя.
Новых лекаў пакуль не знайшлося.
Самае страшнае тое, што патрэба ў сродках ад гэтай хваробы відавочная сёння далёка не ўсім.
Пакуль хтосьці думае, што, раз страляюць недзе там і на сусветную вайну яно не цягне – значыць не так ужо і страшна, стрэлы пачынаюць гучаць зусім побач.
Калі ў Кіеве снайперы расстралялі дэманстрантаў на Інстытуцкай, я плакаў, зноў і зноў пераглядаючы гэтыя кадры.
Я рабіў гэта наўмысна, каб убіць сабе ў душу нянавісць да тых, хто лічыць гэта магчымым сёння. У сістэме майго светапогляду ёсць месца для кожнага чалавека на зямлі, за адным толькі выключэннем. У маім свеце няма месца тым, хто аддае загад націснуць на курок і хто лічыць дапушчальным для сябе гэты загад выканаць.
Побач з тымі, хто ўпаў, былі тады мае сябры, і я задыхаўся ад адной думкі пра тое, што яны маглі быць на месцы людзей, якія хапаюцца за горла і падаюць на маставую, каб ужо не падняцца.
Вайна, якая пачалася адразу пасля гэтага, так ці інакш закранула ўсіх. Усё часцей на вуліцах маёй краіны на пытанне «Адкуль вы?» гучаў адказ «З Украіны». У збітым транспартніку ІЛ–76 загінуў сябар майго таварыша, у мірным жыцці малады кандыдат навук, які стаў дэсантнікам, каб вайны ў яго краіне не было. Так апасродкавана мы ўбіралі асновы «гібрыднага канфлікту» і задаваліся пытаннем: калі гэта адбылося там, дзе два гады таму ніхто не мог нават ўявіць сабе такога пекла, чаму заўтра тое ж не можа здарыцца ўжо на вуліцах нашага горада?
І гэтыя пытанні задавалі сабе не толькі мы, але і ўсе нашы суседзі. Дзе сродак ад «ветлівых людзей» без апазнавальных знакаў і якая прафілактыка ад гэтай бацылы?
Далёкая вайна раптам стала блізкай.
Многіх гэта прымусіла пасталець.
Сталенне не закранула толькі тых, «закансерваваных».
Для іх свет па-ранейшаму быў просты.
Што мог зрабіць з гэтым я?
Нічога.
Мяне завуць Якуб Глінскі.
Мне трыццаць шэсць гадоў. Я атрымаў доктарскую ступень па паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце, затым стажыраваўся ў ЗША, там жа вывучаў сацыялогію.
Калі я быў зусім малады, яшчэ да Варшавы і Стэнфорда, пасля заканчэння бакалаўрыята ў сябе на радзіме я працаваў «хлопчыкам на пабягушках» у сістэме дзяржкіравання, якая захрасла ў савецкай рэальнасці на многія гады наперад. Ужо пасля гэтага мне давялося прымаць удзел у працы розных, у першую чаргу міжнародных, праектаў.
Я бачыў у гэтым сэнс і карысць. Гэта мне падабалася. Напэўна, менавіта таму ў мяне не прыжыліся комплексы маіх аднагодкаў аб немагчымасці перамен. Мяне не паспела раздушыць безвыходнасць, якая кіравала балем у абшарпаных калідорах міністэрстваў. Так-так, вы ўсё зразумелі правільна, у гэтым свеце яшчэ ёсць краіны, дзе нават у міністэрствах са сцен адвальваецца фарба, а да канца года заканчваюцца не толькі папяровыя канверты для карэспандэнцыі, але і гадавы бюджэт на набыццё новых.
Я наіўны. Занадта наіўны, каб вярнуцца ў гэтую сістэму, бо на кожным кроку ў мяне будзе ўзнікаць пытанне «Божа, ну як жа так?!»
Многія мае прапановы падаюцца ўтапічнымі нават тым, хто быў пазбаўлены сумнеўнага задавальнення жыць і працаваць ва Усходняй Еўропе пасля распаду Савецкага Саюза. Іншыя ж прымаліся на «ўра» толькі з-за таго, што я не абмяжоўваў сябе умоўнымі рамкамі, заўсёды прапаноўваў тое, што не рабіў яшчэ ніхто да мяне, – і яно працавала.
Наіўнасць пайшла мне на карысць і служыла рухавіком майго развіцця. Калі б я застаўся там, дзе пачынаў, наіўнасць была б прычынай маёй галоднай смерці.
Читать дальше