3Б. Развіццё ўсіх відаў прыкладной і фундаментальнай навукі – тэхнічнай, натуральнай і гуманітарнай;
3В. Спрыянне паляпшэнню якасці жыцця кожнага члена грамадства, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці і сацыяльнага статусу;
3Г. Пашырэнне ведаў пра сістэму Вялікай Архітэктуры Сусвету;
3Д. Выкарыстанне вынікаў нашых навуковых пошукаў для мірнага прагрэсу чалавецтва;
3Е. Агульнасусветная барацьба з захворваннямі, эпідэміямі і пандэміямі, якія штогод забіраюць мільёны жыццяў;
3Ё. Стварэнне экалагічнай мадэлі развіцця чалавецтва, якая гарантуе выжыванне нашага віду і непрычыненне шкоды нашаму агульнаму дому;
3Ж. Усялякае асуджэнне і адмаўленне ўсіх форм і відаў агрэсіі і гвалту;
3З. Паўсюдная асвета і адукацыя ўсіх членаў чалавечай сям’і дзеля агульнага развіцця;
3І. Паўсюднае эстэтычнае і культурнае выхаванне грамадства ў атмасферы ўзаемнай павагі да іншых поглядаў, нацыянальнасцей, рас, рэлігій пры поўнай адсутнасці ацэнак і меркаванняў;
3К. Актыўная дыпламатычная праца на ўсіх узроўнях чалавечага супрацоўніцтва з мэтай найхутчэйшага спынення існуючых ваенных канфліктаў і прадухілення новых;
3Л. Супрацьдзеянне любым формам бюракратыі і фармалізму ў пытаннях, якія тычацца навуковых даследаванняў, адукацыі, культуры, будаўніцтва міру і ліквідацыі ўсіх форм няроўнасці і беднасці.
4. Наша таварыства дзейнічае па-за кантэкстам канкрэтных дзяржаў, міждзяржаўных утварэнняў, навуковых, грамадскіх і іншых арганізацый, камерцыйных структур, але ў непасрэдным супрацоўніцтве з імі.
5. Членам нашага добраахвотнага таварыства можа стаць любы дзеяч навукі, асветы і дыпламатыі, а таксама кожны, хто падзяляе нашы мэты і прынцыпы.
6. Кожны член нашага добраахвотнага таварыства абавязаны рабіць свой пасільны ўнёсак у развіццё навукі, асветы і мірных дыпламатычных зносін на сваім узроўні і ў рамках праектаў, арганізаваных нашым таварыствам.
Адгэтуль і навечна мы клянёмся быць пуцяводнай зоркай для тых, хто прагне лепшай будучыні для сябе і сваіх дзяцей, нават у смяротны час не адыходзячы ні на крок ад веры ў тое, што будучыня залежыць толькі ад чысціні нашых намераў і грандыёзнасці нашых амбіцый, накіраваных не на ўзвялічванне саміх сябе, але на карысць кожнаму.
Востраў Роса, архіпелаг Святога Роха, 1 верасня 2017 года Даніял Якуб Глінскі Вольфганг Клаўс Элеанора Кэтрын Эш (і яшчэ 217 подпісаў)
2. Кабінет намесніка Генеральнага сакратара ААН у XXI стагоддзі
Дваццатае стагоддзе гранічна абвастрыла мяжу паміж дабром і злом. У сярэдзіне дваццаць першага гэтая мяжа практычна знікла.
Яшчэ ў той час, калі я хадзіў у школу, нават у галовах дарослых і разумных людзей свет падзяляўся на «нашых» і «тых, чужых». Гэта быў час, калі чарвяк сумневаў ужо пачаў запаўзаць у масавую свядомасць, «жалезная заслона» прыадчынялася, рыпаючы нязмазанымі паліспастамі, павольна, па міліметры, яшчэ не ў стане даць дастаткова прасторы для новых ідэй і светапоглядаў. «Нашы» былі добрыя. «Тыя, чужыя» – дрэнныя. Мільёнам людзей так было прасцей жыць.
Потым раптам ўсё знікла. Аказалася, што «яны» мала чым адрозніваюцца ад нас. Яны сварацца і мірацца, мараць пра светлае «заўтра». Яны любяць сваіх дзяцей не менш, чым мы. І дрэнных сярод іх ніяк не больш, чым сярод нас.
Гэта было як выбух у замкнёнай прасторы. Ранейшых простых ісцін больш не існавала. З’явілася нешта новае, складанае, захапляльнае і страшнае. Прычым страшнага для многіх аказалася больш. Тыя, хто не змог перастроіцца пад новы свет, закансервавалі сваё ўспрыманне добрага і дрэннага. Яны і зараз жывуць з ім. Гэтыя людзі, напэўна, шчаслівыя. Для іх усё зразумела.
Калі ў Афганістан зайшлі «нашы», гэта было добра.
Калі зайшлі «яны» – дрэнна.
Усё было проста, нават вайна. Былі тыя, хто змагаўся па розныя бакі раздзяляльнай паласы, і мы заўжды ведалі, хто дзе.
Калі стрэлы раздаліся ва Украіне, бакоў не было. Тыя самыя «нашы» з закансерваванай свядомасцю для прастаты ўспрымання назвалі гэта грамадзянскай вайной. Для ўсіх астатніх быў створаны новы тэрмін – «гібрыдная вайна».
Мяжа знікла. Больш не было варагуючых бакоў, не было нават «нашых» і «чужых». Было пекла. І хоць усе разумелі ў глабальным сэнсе, хто ў каго страляе, сам факт таго, што вайны няма, а ёсць нейкая аморфная «антытэрарыстычная аперацыя», войск няма, а ёсць апалчэнне, якое купіла ў «Ваенгандлі» ракетныя ўстаноўкі і АК апошняй, «сотай», серыі, зламаў успрыманне звыклага свету занадта многім.
Читать дальше