– На востраве будуць прысутнічаць узброеныя людзі?
– Зброю буду мець толькі я. Аднак у нас створаны арсенал, абаронены сучаснымі сістэмамі доступу, і ніхто, акрамя мяне, не зможа адкрыць яго. У выпадку небяспекі на працягу паўгадзіны ў нас будзе паўсотні навучаных і выдатна ўзброеных байцоў.
– Калі шчыра, мяне трывожыць гэта.
– Вы сапраўдны навуковец, Якуб. Вы не пераносіце паху ружэйнай змазкі. Але вам трэба будзе зразумець, што наш востраў будзе з’яўляцца сховішчам неверагодна каштоўнай інфармацыі і ўнікальных прататыпаў. Вельмі многія пажадаюць займець усё гэта. Мы павінны ўмець абараніць сябе, інакш няма чаго нават пачынаць нашу справу.
– Я разумею гэта, Тамім. Аднак мне трэба прывыкнуць да думкі, што нас будуць атачаць прафесійныя вайскоўцы, якія падпарадкоўваюцца невядомаму мне чалавеку.
– Вам давядзецца зразумець, што, калі вы прымаеце прапанову майго гаспадара, значыць давяраеце яму. А гэта аўтаматычна азначае і тое, што вы давяраеце людзям, якія служаць яму. Акрамя таго, я хачу, каб вы ўсвядомілі яшчэ адну рэч. З таго моманту, як вы прымеце нашу прапанову – калі прымеце – і праект будзе запушчаны, больш не будзе нікога, хто адданы вам, мне ці майму гаспадару. Усе, хто працуе над праектам, будуць аддадзены толькі агульнай справе, і больш ні ў каго не будзе ніякіх гаспадароў.
– Вашы людзі ведаюць сутнасць праекта?
– Часткова. Але ім і не трэба ведаць дэталей.
– Дапусцiм. Раскажыце мне, хто будзе пастаянна знаходзіцца на востраве?
– Тыя, хто заняты ў навуковых праграмах, якія рэалізуюцца там, і некалькі членаў Сакратарыята. З таго моманту, як праект будзе запушчаны, востраў будзе прымаць некалькі разоў на год усіх членаў праекта, ці, прынамсі, большую іх частку для правядзення Асамблеі, на якой мы будзем падводзіць вынікі нашай працы і вырашаць, як дзейнічаць далей. Увесь астатні час людзі, якія працуюць з намі, будуць праводзіць на аб’ектах, арандаваных намі для даследаванняў. Прынамсі, так мы бачым сітуацыю цяпер. Магчыма, яна зменіцца пад націскам абставін.
Цяпер я хацеў бы пагаварыць пра ўмовы, на якіх мы прапануем патэнцыйным кандыдатам супрацоўнічаць з намі.
Мы плануем перавабліваць спецыялістаў з іншых буйных праектаў, адпаведна, мы павінны плаціць ім сур’ёзныя грошы. Трэба разумець, што людзі будуць прыходзіць да нас з ідэямі, таму мы плацім не толькі за супрацоўніка, але і за яго распрацоўкі —свайго роду купля патэнта. Гэта будуць самыя высокія ганарары, якія найлепшыя спецыялісты могуць атрымліваць дзе б там ні было. Акрамя таго, мы плацім ім за маўчанне, гатоўнасць па першым выкліку вылецець на востраў Роса або ў любую іншую кропку свету і, галоўнае, за гатоўнасць да павышанай цікаўнасці спецслужбаў ці проста непажаданых персон. У іх распараджэнні будзе транспарт, гарантыя абароны ў любым месцы на зямлі, самыя сучасныя і надзейныя сродкі сувязі. Аплата працы супрацоўнікаў праекту і забеспячэнне іх усім неабходным будзе адным з найбольш значных артыкулаў расходаў, аднак гэта апраўдана, бо самая дасканалая матэрыяльная і навуковая база не запрацуе сама па сабе без выбітнага чалавечага розуму.
Паколькі мы будзем прыцягваць людзей з трэціх арганізацый, чакана, што на нас будуць тачыць зуб. Гэта тычыцца не ўсіх, бо ў свеце ўжо цяпер ёсць карпарацыі, якія будуць супрацоўнічаць з намі добраахвотна, яны належаць таму пулу спонсараў, пра які я казаў раней. Але мы павінны быць гатовыя сустрэцца з непаразуменнем, зайздрасцю, крыўдай і адкрытым процідзеяннем.
Людзі, якія працуюць на арэндаваных аб’ектах, будуць атрымліваць поўнае пакрыццё ўсіх панесеных выдаткаў, пачынаючы ад аплаты камфартабельнага жылля і заканчваючы выдаткамі на паліва і пральню. Мы павінны зрабіць усё, каб нашы супрацоўнікі займаліся выключна сваёй непасрэднай працай і не думалі пра бытавыя праблемы.
Тое самае тычыцца і людзей, якія будуць пастаянна жыць і працаваць на востраве Роса. Для іх не будзе існаваць ні падатковых дэкларацый, ні мыцця пасцельнай бялізны. Усім будуць займацца наёмныя работнікі, якія пражываюць на Провідэнс. Кожны дом на паверхні і кожны нумар унутры бункера абсталяваны кампутарам з адмысловым праграмным забеспячэннем, з дапамогай якога супрацоўнік можа спланаваць свае патрэбы і абвясціць абслуговую структуру пра тое, што ён мае патрэбу ў чымсьці – ад свежай садавіны да складаных электронных кампанентаў для сваіх распрацовак, ад неабходнасці патрапіць на вялікую зямлю да патрэбы ў новых шкарпэтках. Мы пратэставалі гэтую сістэму, і яна працуе без збояў і накладак. Усё зроблена так, каб забяспечыць максімальны камфорт для пражывання і працы.
Читать дальше