Цяпер што датычыць маёй хлусні. Мне не вельмі падабаецца гэтае слова, хутчэй я недагаворваў некаторыя рэчы, альбо, як ужо казаў, замяніў некаторыя факты маёй біяграфіі на факты біяграфіі майго гаспадара.
Я сапраўды баюся лятаць, Якуб. Дакладней сказаць, баяўся раней, калі быў малады. Потым, калі паступіў на ваенную службу, мяне навучылі кантраляваць свае страхі і фобія сышла на нішто. Аднак у выпадку з вамі я не прыкідваўся, а, хутчэй, прымусіў сябе адключыць псіхалагічны блок, каб было больш праўдападобна і вы лягчэй паверылі мне. Здаецца, у мяне атрымалася. Больш, наколькі я памятаю, я нідзе не быў няшчыры з вамі.
– А што наконт дабрачыннага цэнтра?
– Абсалютная праўда, Якуб. Мой гаспадар сапраўды валодае і кіруе такім у Доху.
– Дапусцiм. Аднак вы зманілі у дробязях, маляўніча распісаўшы мне аскетызм вашага гаспадара, спраецыраваны на вас.
– Я так мяркую, што вы маеце на ўвазе гэты самалёт?
– Менавіта. Яго аздабленне, абсталяваннне і іншае. Чаго варты толькі асобны спальны пакой у дадатак да крэслаў у асноўнай часткі салона, якія, як я заўважыў, могуць служыць даволі камфортнымі спальнымі месцамі.
– Якуб, мой гаспадар нячаста карыстаецца гэтым самалётам. І ўжо, тым больш, ніколі не карыстаецца спальным спакоем. Пры гэтым самалёт знаходзіцца ў пастаянным руху, яго экіпаж праводзіць у паветры больш часу, чым на зямлі. Мы выкарыстоўваем гэтае судна для перавозкі пацыентаў нашага цэнтра і для працы мабільнай групы людзей, пра якую я казаў вам. Вы, верагодна, заўважылі, што спальны пакой выглядае не такім прасторным, як памяшканне, дзе мы зараз сядзім? Гэта не проста так: справа ў тым, што ў сцены ўманціравана разнастайнае медыцынскае абсталяванне – яно можа спатрэбіцца для перавозкі цяжкіх хворых, якія маюць патрэбу ў максімальным камфорце і сталай медыцынскай дапамозе. У нас у аператыўным кіраванні знаходзіцца толькі адзін такі самалёт, як я і казаў вам. Аднак, калі вы палічыце магчымым прыняць нашу прапанову, мы набудзем яшчэ адзін для патрэб праекта, і вы зможаце абсталяваць яго ў адпаведнасці з вашымі патрэбамі.
– Маімі?
– Патрэбамі вашага праекта, так будзе правільней. Хоць, падазраю, і тут вы зможаце знайсці ўсё, што спатрэбіцца для любых мэт.
– Пакінем гэтую казку з «Тысячы і адной ночы» і пяройдзем да іншых казак адтуль жа. Куды мы накіроўваемся?
– У трохкутніку, утвораным Гавайскімі выспамі, Кірыбаці і Маршалавымі выспамі, знаходзіцца адасоблены архіпелаг Святога Роха. Гэта некалькі выспаў вулканічнага паходжання агульнай плошчай крыху больш за сорак квадратных кіламетраў. Усяго там размешчаны тры буйныя выспы, на самую вялікую з якіх, востраў Роса, мы і ляцім. Дазвольце, я прадэманструю вам больш наглядна.
Гор узяў са стала пульт і націснуў на кнопку.
Ледзь чутна загудзеў элетраматорчык, апускаскаючы нешта падобнае на рольштору, замацаваную над дзвярыма, што вялі ў хваставую частку самалёта. Са столі пачаў спускацца экран, кшталту тых, якія выкарыстоўваюцца ў пары з відэапраектарам. Ён засланіў сабой перагародку і дзверы, пасля чаго Гор ткнуў пальцам у іншую клавішу і экран засвяціўся, прычым сам па сабе, працуючы як вялікі манітор. Мае вочы акругліліся.
– Вы не чулі пра гэтую тэхналогію, Якуб?
– Чаму ж, чуў, толькі не думаў, што такія маніторы ўжо запусцілі ў вытворчасць.
– Іх і не запусцілі. Гэта прататып, выкуплены спецыяльна для гэтага самалёта. Экран высокай разрознасці, які можа прымаць практычна любую канфігурацыю і складвацца ў скрутак не таўсцей за рулон шпалер. Вядучыя вытворцы электронікі б’юцца над гэтай распрацоўкай, і ўжо ёсць такія, хто ўшчыльную падышоў да магчымасці масавага выпуску. Пакуль што такіх рабочых прататыпаў не больш за дзесяць ў свеце, і адзін з іх належыць нам. Трэба сказаць, што працуе ён проста выдатна, і калі гэтыя штукі паступяць у продаж, яны стануць проста бомбай на рынку, нават нягледзячы на не самую дэмакратычную цану. Аднак давайце вернемся да нашай справы.
На экране з’явілася карта Ціхага акіяна. У раёне, пра які казаў Гор, быў абведзены маленечкі авал.
– Паглядзіце, Якуб, менавіта сюды мы і накіроўваемся. Гэта архіпелаг Святога Роха. Вось так ён выглядае на спадарожнікавым здымку: тры кампактна размешчаныя буйныя выспы і яшчэ сем невялікіх астраўкоў.
– Пад чыёй юрысдыкцыяй знаходзіцца гэты архіпелаг?
– Фармальна гэта неінкарпараваная тэрыторыя ЗША. Усе дробныя выспы знаходзяцца ў доўгатэрміновай арэндзе нашай арганізацыі ўжо дзесяць гадоў. Там створана інфраструктура, якая адпавядае нашым патрэбам. Яшчэ нядаўна галоўны востраў Роса выкарыстоўваўся намі таксама на арэнднай аснове, аднак літаральна пазаўчора нам перайшло абмежаванае права ўласнасці на яго. Заключэнне дамовы з урадам ЗША было адной з мэт маёй паездкі – разам з сустрэчай у Сакратарыяце і размовай з вамі. На выспах дзейнічае Канстытуцыя Злучаных Штатаў, аднак там няма органаў дзяржаўнага кіравання – фактычна мы з’яўляемся ўрадам гэтага архіпелага (калі адкінуць некаторыя нязначныя фармальнасці). Нам вельмі дорага стала падпісанне гэтай дамовы як у плане падрыхтоўкі і абмеркавання дакумента, так і з фінансавага пункту гледжання. Але мы лічым, што яно таго варта: нам патрэбны гэты востраў. Больш за тое скажу: ён патрэбны вам. Вы будзеце вельмі ўражаныя тым, што мы стварылі на гэтай тэрыторыі за апошнія гады – усё гэта мы перадаем вам абсалютна бясплатна. Мы толькі хочам, каб вы ператварылі вашу ідэю ў жыццё.
Читать дальше