Дзе б цяпер ні быў Бард, паўсюль гаворка ішла пра велізарныя скарбы, што цяпер ляжаць безахоўныя. Казалі, што з выгадай вернуць усе страты і будзе на што закупіць новыя рэчы з Поўдня. Тое вельмі цешыла людзей. I добра, бо, акрамя радасці, не было чым умацаваць сябе ў тую ноч. Намагліся пабудаваць некалькі павецяў (адна дасталася Бурмістру) ды сабраць трошкі ежы (нават Бурмістру малавата перапала). Шмат хто захварэў ад холаду ды роспачы гэтай ноччу, і шмат з тых памерлі потым — нават тыя, хто цэлым выбраўся з руінаў гораду. I доўгі час пасля хварэлі людзі і пакутавалі з голаду.
Бард прыняў уладу, загадваў па сваім разуменні, хоць і заўсёды ад Бурмістравага імя. Цяжка яму давялося, кіруючы людзьмі, пабудовай хатаў, турбуючыся пра харчаванне. Верагодна, большая частка людзей не перажыла б зімы, якая даганяла восень, калі б не тэрміновая дапамога. Дапамога прыйшла хутка, бо Бард адразу ж скіраваў паслоў уверх па рацэ ў Ліхалессе, каб запрасіць Караля Эльфаў, а паслы знайшлі эльфаў ужо на маршы, хоць толькі трэці дзень мінуў з гібелі Драка.
Кароль Эльфаў атрымліваў звесткі ад сваіх паслоў ды ад птушак, што сябравалі з ягоным народам, таму ведаў ужо шмат. Вельмі, вельмі моцнае ўражанне зрабіла цмокава пагібель на ўсялякіх істотаў з крыламі, якія жылі на памежжы Цмокавай Пустэчы. Туды і сюды лёталі птушыныя зграі, хуткакрылыя пасланцы імкліва рушылі ва ўсе бакі. Уздоўж межаў Ліхалесся ўсё гаманіла, свісцела, крычала. Далёка па лесе, нібы хваля, пакацілася вестка: «Драк памёр!» Лісце шапацела, і ўсялякія вушы насцярожваліся, прыслухоўваючыся. Яшчэ перад тым, як Кароль Эльфаў выйшаў у паход, навіны дасягнулі сасновых лясоў каля ўзножжаў Туманных Гор. Беарн у сваім драўляным доме пачуў іх, і гобліны ў пячорах сабраліся, каб абмеркаваць іх.
— Баюся я, гэта апошняе, што мы пачуем пра Торына Дубатарча, — сказаў Кароль. — Лепей бы ён застаўся маім госцем. У любым выпадку, няма ліха без дабра, — дадаў ён, узгадаўшы легенды пра незлічонае багацце Трора.
Так што Бардавы паслы напаткалі яго ў дарозе побач з мноствам дзідароў ды стралкоў, а над імі круцілася гусгая зграя фуганоў. Птушкі думалі, што зноў пачынаецца вайна, а яе ў тых краях ужо даўно не бывала.
Аднак, атрымаўшы Бардавых пасланцоў, Кароль пашкадаваў няшчасных людзей, бо быў уладаром добрага і міласэрнага народу. Таму, павярнуўшы, войска эльфаў паспяшалася ўніз па рацэ да берага Доўгага Возера. Плытоў альбо чоўнаў для войска не хапіла і давялося ісці пехатою, але ж вялікую колькасць прыпасаў Кароль выслаў наперад па вадзе. Эльфы — легканогія істоты, і хоць тады яны не надта былі звыклыя да багны і дрэннай ненадзейнай зямлі паміж балотам і Возерам, перасоўваліся яны спрытна. Пяць дзён мінула з гібелі цмока, а яны ўжо стаялі на беразе і пазіралі на руіны Эзгароту. Як і трэба было чакаць, прынялі іх вельмі ветла, людзі разам з Бурмістрам згодныя былі на любыя ўмовы, каб толькі атрымаць ад Караля дапамогу.
Хутка склаліся планы. Бурмістр з жанчынамі, дзецьмі, старымі ды не здольнымі трымаць зброю застаўся каля Возера, і з ім засталіся майстры ды мноства дасведчаных у рамёствах эльфаў. Яны валілі дрэвы ды збіралі плыты, якія слалі да іх з Ліхалесся. Потым будавалі хаты ўздоўж берага, каб было дзе перажыць зіму. Таксама пад кіраўніцтвам Бурмістра планавалі новы горад, нават большы і лепшы за стары — але не на старым месцы. Адсунуліся ад руінаў на поўнач, бо страшыла месца, дзе ляжаў цмок. Ніколі ўжо ён не вярнуўся на свой залаты ложак. Халодным каменем выцягнуўся Драк Непераможны на азёрным доле, сярод меляў. Там доўгі час у спакойнае надвор'е можна было пабачыць ягоныя велізарныя косткі сярод кучаў абпаленых аскепкаў старога гораду. Рэдка хто адважваўся праплысці над клятым месцам, і ніхто — нырнуць у ваду, каб здабыць каштоў-ныя каменні, што выпалі са згнілай цмокавай тушы.
Болыпасць людзей, здольных трымаць зброю, і болыпасць з войска Караля Эльфаў падрыхтаваліся ісці на поўнач, да Гары. Вось так атрымалася, што толькі на адзінаццаты дзень пасля смерці цмока войска мінула скальную браму за дальнім краем возера і рушыла да спустошаных земляў.
Частка 15
ХМАРЫ ЗБІРАЮЦЦА
Цяпер жа вернемся да Більба і гномаў. Усю ноч нехта стаяў Іна варце, але да самай раніцы нічога недарэчнага не адбылося. Толькі птушак збіралася ўсё больш і больш. Зграі ля-целі з Поўдня, і крумкачы, якія яшчэ жылі паблізу Гары, бясконца кружлялі ў паветры да крычалі.
— Нешта дзіўнае робіцца, — сказаў Торын. — Час для восеньскага адлёту мінуў. Гэта тутэйшыя птушкі, яны заўсёды на месцы. Дразды, берасцянкі, а вунь, далёка, процьма шулякоў, нібы там бойка!
Читать дальше