На другім беразе яны апынуліся, калі надыходзіла ноч. Вецер праламаў столь хмараў, і над пагоркамі, праплываючы паміж шэрымі шматамі, пазіраў месяц. Кампанія спынілася, і Торын прабурчэў нешта пра вячэру і «дзе ж мы знойдзем сухі кавалак зямлі, каб паспаць?»
Толькі зараз яны заўважылі, што Гэндальф некуды падзеўся. Да таго часу ён быў заўсёды з імі, ніколі не казаў, ці збіраецца вандраваць з імі ўвесь час, ці проста яму па дарозе. Еў ён болын за ўсіх, гаварыў таксама, і смяяўся. А вось жа знік, і ўсё!
— I акурат калі ён патрэбны больш за ўсё, — прастагналі Доры і Норы (якія падзялялі хобітаў погляд на сваечасовыя ста-лаванні: як мага часцей і гусцей).
Нарэшце яны вырашылі спыніцца на ноч якраз там, дзе стаялі. Пасунуліся да купкі дрэў — пад імі трошкі сушэй, але ж вецер страсаў кроплі з лістоў, і заўсёднае «кап-кап» вельмі злавала. I вогнішча не змаглі запаліць. Гномы здольныя запаліць амаль усё амаль паўсюль, вецер альбо ціша, дождж ці не, аднак жа гэтай ноччу нічога не атрымлівалася нават у самых здольных Ойна з Глойнам.
Потым адзін з поні без нічога ніякага спалохаўся ды пабег, і злавіць яго не паспелі — зваліўся ў раку. Ратуючы коніка, ледзь не ўтапіліся Філі і Кілі, а ўся паклажа сплыла. Зразумела ж, атрымалася, што ў паклажы была збольшага ежа, і на вячэру засталіся крыхі, а на заўтрашні сняданак яшчэ менш.
Сядзелі ўсе мокрыя і змрочныя, бурчэлі і сварыліся, пакуль Ойн з Глойнам пакутавалі над агнішчам. Більба сумна разважаў пра тое, што прыгоды — гэта не толькі прагулка верхам на поні пад травеньскім сонейкам, і тут Балін, які заўсёды назіраў за наваколлем, сказаў: «Паглядзіце, вунь там святло!» Непадалёк, на схіле пагорка, густа парослага дрэвамі, віднелася святло, чырванаватае, утульнае, быццам зіхацела паходня ці вогнішча.
Калі яны нагледзеліся на святло, пачалі спрачацца. Некаторыя казалі «так», некаторыя — «не». Некаторыя — што трэба ісці і што гэта ўсяляк лепей, чым убогая вячэра, яшчэ бяднейшы сняданак і мокрая вопратка ўсю ноч.
Іншыя казалі: «Месцы тут не надта знаёмыя, горы паблізу. Падарожнікі з'яўляюцца тут рэдка. Ад старых мапаў карысці мала: шмат што змянілася да горшага, дарогу не ахоўваюць. Тут пра каралёў чуць не чулі, і чым менш пытанняў задаеш, тым менш клопату маеш». Некаторыя казалі: «Аднак жа нас чатырнаццаць!» А астатнія: «Куды ж Гэндальф падзеўся?» Гэта паўтараў кожны. Потым дождж паліў як з вядра, а Ойн з Глойнам пачалі біцца.
На тым спрачацца скончылі. «У рэшце рэшт, з намі ўзлом-шчык!» — сказалі яны і пайшлі да святла, трымаючы поні за аброць- Хутка дайшлі да пагорка і зайшлі ў лес. Сталі ўздымацца па схіле, але ж добрай сцежкі ці шляху, якія маглі б весці да хаты ці фермы, не ўбачылі. Прадзіраючыся ў паўнюткай цемры праз лес, шоргату, хрусту ды грукату (ды буркацення з праклёнамі) нарабілі яны безліч.
Раптам чырвонае святло зырка палыхнула паміж дрэваў зусім побач.
«Зараз — чарга ўзломшчыка», — сказалі гномы, маючы на ўвазе Більба. «Вы павінны пайсці ды выведаць пра святло: і чаму яно, і дзеля чаго, і ці бяспечна там і добра, — сказаў Торын хобіту. — Наперад! Калі ўсё добра, вяртайцеся хутка. Калі не, вяртайцеся, калі здолееце. Калі не здолееце, прагукайце двойчы як сыч і раз як пугач, і мы паспрабуем зрабіць што-небудзь».
I скіраваўся Більба на разведку, не паспеўшы нават рас-тлумачыць, што гукаць як пугач ці сыч ён можа не лепш, чым лётаць як кажан. Аднак жа перасоўвацца па лесе цішком хобіты надта здольныя. Яны гэтым ганарацца, і Більба не аднойчы пасмейваўся з таго, што зваў «гномавым грукатам». Аднак не думаю, што мы з вамі ў ветраную ноч заўважылі б хоць нешта, нават калі б уся кавалькада прамаршыравала за два крокі. А што датычыцца Більба, які набліжаўся да чырвонага святла, — і сабака б вухам не варухнуў. Так што, вядома, пракраўся ён да самага вогнішча (бо тое ж было менавіта вогнішча) нікога і нічога не патурбаваўшы. I вось што ён пабачыў.
Вакол вогнішча, складзенага з бярозавага палення, сядзелі тры бамбізы. Яны смажылі бараніну на доўгіх драўляных пожагах і аблізвалі з пальцаў тлушч. Водар плыў апетытны. Побач стаяла бочка з нечым вадкім. Яны чэрпалі адтуль вялікімі куфлямі. I былі гэтыя бамбізы тролямі. Відавочна, тролямі. Нават Більба, няіледзячы на сваё не надта вандроўнае жыццё, іх пазнаў. Вялізныя, фубыя твары, памеры, форма ног, што ж тычыцца мовы, яна, мякка кажучы, асаблівай вытанчанасцю не выдзялялася.
— Бараніна ўчора, бараніна сёння, і трасца мне ў бок, калі тое самае не паўторыцца заўтра, — сказаў адзін з троляў.
Читать дальше