Мяне заўсягды радуе і цешыць творчасць майго даўняга сябра, таленавітага паэта, празаіка, перакладчыка, кінасцэнарыста, паэта-песенніка, якога дала свету наша мінская Камароўка, якога гартавала мужнасцю Налібоцкая пушча.
1986
I раптам адкрываецца вёска Сычын, гэта на Слаўгарадчыне Магілёўскай вобласці. Лясная дарога скончылася.
Міхась Стральцоў — пра яго і пойдзе далей сказ — з не па гадах рослай дачкой, з тонкім знаўцам паэзіі і прозы Алай Сямёнавай, з маладым таленавітым паэтам-земляком Алесем Пісьмянковым, з групай тэлебачання рэспублікі вонкава спакойна скіроўвае вуліцай да роднага дому. Але з першай жа хаты выходзяць аднавяскоўцы з хлебам-соллю. Гэта не па сцэнарыю, а па абавязку зямляцкай павагі. У вёсцы цяжка што ўтаіць: усе ўсё ведаюць загадзя. I далей вуліца здаецца яму і вельмі кароткай, і вельмі доўгай. Вунь і гняздо буслова стыне. Паварот да роднай сядзібы, да бацькоўскага дому. I, як у знаёмым сюжэце, насустрач выходзіць тая чарнавокая, якая некалі здавалася самай прыгожай у свеце, якая яшчэ не забылася. А крыху прайдзі — і ўбачыш незамерзлую проламку, чые карані жывяць ключы. Крыніца, ці, як на Магілёўшчыне кажуць, панеўка. Старая кабеціна палошча бялізну. Як у сівую даўніну, стараецца, пратае пранік. Мама Міхася, яна жыве цяпер у раённым цэнтры Слаўгарадзе, вітаецца з добрай суседкай. Яе пальцам, напэўна, і горача, і зябка ад успамінаў маладых гадоў.
Хата Стральцовых. Грунтоўны двор, гаспадарчыя будовы і прыбудовы. Хата стаіць трохі па ўскраіне, асабняком. I разам з тым без яе нельга ўявіць усю вёску Сычын. У гэтым нешта і ад характару Міхася Стральцова ці, наадварот, ад гэтага характар самога арыгінальнага нашага пісьменніка. Бо і проза, і паэзія, і эсэістыка Міхася Стральцова стаяць як быццам асабняком, але без іх нельга ўявіць сённяшні дый заўтрашні дзень нашай літаратуры. Багаты двор Стральцова ў літаратуры. На пачатку 60-х гадоў, калі ў слове заявіла пра сябе новая кагорта дзяцей вайны, а гэта Генадзь Бураўкін і Васіль Зуёнак, Юрась Свірка і Сымон Блатун, Янка Сіпакоў і Барыс Сачанка, дык сярод іх Міхась Стральцоў розніўся і вылучаўся і манерай трымацца, і манерай думаць, і, натуральна, манерай пісьма. Усе называлі першыя зборнікі прэтэнцыёзна ці па-наватарску, як ім самім здавалася. Міхась Стральцоў назваў свой зборнік апавяданняў акварэльна і шчыра-даверліва «Блакітны вецер». Гэта з гэтых акон убачыўся яму той вецер, у гэтых ваколіцах.
На сценах фотаздымкі, дзе пададзена не дужа галініста, як у бальшыны беларусаў, радаслоўнае дрэва. На сцяне выразкі з газет — там пра Мішу. Збіраў бацька. Ад бацькі застаўся яшчэ «Каляндар надвор'я» — тоўсты агульны сшытак, акуратна разграфлены. Там рознага характару запісы. «Выгналі ў поле карову». «Замерз Сож». «Сож ускрыўся». Нібыта накіды «Часін года» Данелайціса. Потым вучань Лявона Клімавіча, бацькі Міхася, цяпер настаўнік растлумачыў. Раней не было фактычна дарогі, якая злучала Сычын з райцэнтрам. I Сож быў, як і ў часы паганства, і летняй, паромнай, човеннай дарогай, і зімовай, саннай.
Мама ўспамінае, як рана навучыўся Міхась чытаць і пісаць, як на першы свой ганарар з «раёнкі» купіў грабянец, а сястрычцы ляльку.
I заўсягды не асабліва гаваркі, Міхась дома, на роднай зямлі і зусім замоўк, паглыбіўся ў сябе, застаўся сам-насам з сваімі думкамі, сваімі задумамі. Яму патрэбныя вяртанні сюды на кругі свае, бо даўно наважыўся, усё ўзважыўшы і пераважыўшы, напісаць пра вёску. Як заўсягды, нетрадыцыйна, па-стральцоўску.
Міхась Стральцоў — фігура адраджэнцкая, багатааблічная, шматгранная. Цяжка сказаць, дзе ён болей паэт, дзе болей празаік. Разгадваючы «Загадку Багдановіча», ен разгадваў і сябе, правяраў, прымерваў свой талент. Гэта на сычынскай зямлі ўпершыню паглядзеў ён на свет вачымі самотнымі і дапытлівымі, гэта тут ён браў з сабою ў дарогу беларускую вытрымку і нетаропкасць. I сёння імя сычынскага хлопчыка стаіць у адным шэрагу з імёнамі Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага, Васіля Быкава і Янкі Брыля.
Стыне гняздо буслова. Стыне гняздо Міхася Стральцова. Але штовясны з выраяў у сваё гняздо вяртаюцца буслы. I дзе б ні быў Міхась, ён сваімі думкамі, сваімі словамі вяртаецца ў Сычын, каб ісці далей у свет па-стральцоўску — светла і роздумна.
1987
Дыялог з крытыкам Алай Сямёнавай
— Напэўна, лагічна апраўдана будзе адразу ж акрэсліць тэму гутаркі — праблемы паэзіі, яе стан у апошнія два-тры дзесяцігоддзі і фактары, што маюць уплыў на яе. Ну і, натуральна, ваша творчасць. Дарэчы, як вы лічыце: ці змянілася яна за гэты час, а прайшло ўжо болей як 30 год, як з'явіўся ў друку першы ваш верш? Як творчасць іншых уплывала на вас? Ваша залежнасць як чалавека і як паэта ад літаратуры, музыкі, жывапісу, тэатра?
Читать дальше