Дымна. Тлумна. Галасіста. I збоку гледзячы,— надта ўжо дзелавіта. У клубах дыму на фоне акна малады, а для нас сталы маэстра, з даўжэзнай, дагледжанай (яўна жыве не ў інтэрнаце) шавялюрай, па-моднаму заматаным вакол шыі шаліку, арліна-профільны, з дарагой цыгарэтай у зубах віція. На нашыя яшчэ не такія светлыя, бо валасоў тады і ў нас хапала, галовы асыпаюцца імёны Лохвіцкая, Бальмонт, Северанін, асыпаюцца канкрэтнымі цытатамі. Маўчым, уражаныя і вонкавым выглядам, і эрудыцыяй паэта. Паўшэптам даведваемся прозвішча — рускі паэт, студэнт аддзялення журналістыкі Валянцін Тарас. (Тады з аддзялення выходзілі і журналісты і літаратары, чаго не скажаш пра цяперашні журфак.)
Валянцін Тарас? А як жа! Чыталі ў перыёдыцы (тады мы шчыра верылі кожнаму надрукаванаму радку паэзіі).
Першае ўражанне доўга не пакідала мяне, з цікавасцю чытаў усё, што пісаў Валянцін Тарас, а калі выступаў, слухаў захоплена (і цяпер я з прыемнасцю і чытаю і слухаю свайго сябра).
А праз колькі часу Валянцін Тарас, які вёў паэзію і прозу ў «Звяздзе», прысудзіў мне першую прэмію за верш «Бацьку». I пазнаёміліся мы бліжэй, і сустракаліся ўжо часцей у неафіцыйных абставінах. З Валянцінам Тарасам было надзвычай цікава хадзіць па Мінску, бо ведаў ён трывала свой горад і босай нагой, і ўчэпістым малечым зрокам, і зайздроснай паэтычнай памяццю.
I выявілася, што гэты на першае маё ўражанне выпешчаны франт быў сапраўды выпешчаны хіба толькі горам, голадам, самай лютай на свеце мачыхай, імя якой вайна.
Нарадзіўся Валянцін Тарас 9 лютага 1930 года ў г. Мінску, вайну закончыў байцом атрада «За савецкую Радзіму» Баранавіцкага партызанскага злучэння. Закончыў з баявым медалём, трынаццаць гадоў маючы за плячыма, пайшоў у партызаны. Па-добраму расчульвае заўсёды партызанскі здымак маладзенькага петушыстага партызанчыка з яўна выпянутым медалём на грудзях. Насаты, вачысты падлетак, якога з роднага гнязда выкінула чорнае ліхалецце.
Пра сябе, пра сваіх партызанскіх пабрацімаў Валянцін Тарас расказваў і расказвае ў сваіх апавяданнях і аповесцях, у сваіх нервовых, задзірыстых вершах.
І на лацкан вокладкі першай паэтычнай кніжкі «Доверие» натуральна і шчыра вынесены радкі:
В людей,
В друзей
Всем сердцем верю я,
Открыта им душа моя.
И с ними на волне доверия
Переговариваюсь я.
Я с ними шёл одной дорогою
На бой,
на труд
и на парад.
Они прощать умеют многое
И лишь неправды не простят.
Кніжачка гэтая выйшла ў 1960 годзе. Афармляў яе бацька паэта мастак Яфім Тарас. Той самы Яфім Тарас, які афармляў і кніжкі самога Янкі Купалы, Якуба Коласа.
Пра гэта Валянцін Тарас напіша ў сваёй двухмоўнай кнізе паэзіі «Две тетради», «Два сшыткі»:
Мне дзевяць год.
Чытаю мала.
Адно футбол у галаве.
Што мне з таго,
што сам Купала
непадалёку дзесь жыве?
Саджае мама за чытанку
мяне сілком: «Вучы, гультай!»
Мінут мо пяць вучу на ганку
Купалаў верш пра родны край.
Вучу паспешліва, нядбала.
Пабег — усё пазабываў!
Што мне з таго, што сам Купала
да нас у госці завітаў?
Мой бацька афармляе кніжкі —
да мастака зайшоў паэт.
...Вы мне даруйце, дзядзька Янка,
што кепска вершы я вучыў!
Даруй і ты мне, памяць мамы...
Я вывучыў Купалаў верш!
I зразумеў: ён — хлеб таксама,
а як без хлеба пражывеш?
Валянцін Тарас сапраўды добра вывучыў вершы Янкі Купалы і пераклаў не перакладзенае на рускую мову лепшае ў творчасці вялікага паэта славянскага свету. Пра перакладніцкую дзейнасць Валянціна Тараса можна напісаць цэлую кандыдацкую. Беларуская класіка, пачынаючы з Францішка Багушэвіча, сучасная беларуская класіка і лепшая паэзія нашых дзён натуральна, з добрай беларускай падсветкай гучыць па-руску ў перакладах апантаных, неўтаймаваных, парыўна-нервовых. Паэтычная адэкватнасць адчуваецца ў лепшых узорах нашай прозы, перакладзенай Валянцінам Тарасам. Згадаем пераклады з Кузьмы Чорнага, Янкі Брыля і іншых. Пра пераклад Валянціна Тараса разам з Карласам Шэрманам «Осени патрнарха» Маркеса і казаць не даводзіцца, і ўсесаюзна, нават канкурэнтна-ўсемагутнымі маскоўскімі перакладчыкамі, прызнана вялікае майстэрства, натуральнае дыханне фразы, тонкі гумар і гнуткая руская мова.
Можна і трэба гаварыць пра Валянціна Тараса як пра крытыка, публіцыста, актыўнага, страснага, вострага. Свой уклад унёс Валянцін Тарас і ў развіццё беларускага дакументальнага кіно. А мне хочацца канкрэтней нагадаць пра яшчэ адну грань шматграннага таленту Валянціна Яфімавіча. Даўнавата гэта было, але калі Валянцін Тарас вёў па тэлебачанні цыкл лекцый пра каханне — уся рэспубліка сядзела ля блакітных экранаў амаль як пры славутых «Імгненнях вясны». Так што Валянцін Тарас можа лічыцца і вядомым «каханнезнаўцам».
Читать дальше