Усяму адмоўнаму, агіднаму ў жыцці паэт супрацьпастаўляе жанчыну-маці, жанчыну-працаўніцу.
I ў новай кнізе чытаем, дакладней, баімся абразіць паспешлівасцю прачытання чысціню радкоў:
Першыя раны жанчына лячыла,
Травы збірала з відна да цямна,
Першых звяроў прыручыла жанчына,
Першай пасеяла зерне яна...
Прыглушаны асананс «жанчына — лячыла» нясе і ласкава-эмацыянальную нагрузку і сэнсавую. I зусім апраўданы ў канцы зварот да мужчын, якія сваю няўважлівасць і чэрствасць хочуць спіхнуць на занятасць: «Можа як-небудзь прыручыць і вас».
Можна спрабаваць ашукаць сябе, можна імітаваць і непасрэднасць і нібыта шчырасць, але нельга ашукаць паэзію, чытача: у вершах паэт увесь як на духу. Любая фальшывая нотка, любы фальшывы жэст не замаскіруеш ніякай тэхнікай, ніякім умельствам, ніякай віртуознай гульнёй са словам. Трэба ведаць крыху бліжэй Пімена Панчанку, трэба дазволіць сабе паназіраць за ім збоку, каб пераканацца, наколькі шчыра, без усялякай падробкі гучаць ягоныя інтанацыі ў радках, наколькі чуецца ў іх голас ягоны, крыху прыглушаны, з дабрадушнай (не дабрацкай, усёдаравальнай!) усмешкай; каб бачыць мудры прыжмур вачэй, якія пільна глядзяць на свет, якія пільнуюць людзей ад зла. (Не выпадкова Піменам Панчанкам напісаны выдатны верш пра вока снайпера ў гады вайны.) Асабіста мне натуральнасць паэта, ягонай паэзіі бачыцца ў тым, наколькі адпавядае інтанацыя, эмацыянальны зарад твора інтанацыі голасу самога паэта, актыўнаму запалу ягонай натуры, ягонай асобы. Мерка гэтая, патрабаванні гэтыя, лічу, павінны стасавацца як да сталага майстра, так і да пачаткоўца. З уяўных інтанацый, з імітацыі душэўнага неспакою пачынаецца і ўяўная паэзія, штучнае напампоўванне сябе гневам, якога не было і няма на самой справе. А гэта ў сваю чаргу выклікае ў чытача толькі ўсмешку ці, у лепшым выпадку, спачуванне паэту за дарэмную трату энергіі. Стала ледзь не традыцыяй з нейкай іроніяй, з паказным зухаўством пісаць пра жонак, падрабляючыся пад гэткіх маладзёнаў.
I колькі ж сапраўднага замілавання, душэўнай радасці да абранніцы гучыць у радках:
А сонца цябе прасмаліла,
Ты пахнеш чаборам, сасной.
А тут яшчэ спее маліна
На ціхай палянцы лясной.
«Прасмаліла — маліна». У самім гукапісе спёка і спеласць, спагада і смага, змаўканне і замілаванасць!
А ў заключэнне, як бы жадаючы скрасіць паўсядзённасць, хатнія справы абранніцы, паэт просіць яе звярнуцца да ўспаміну светлага дня ў лесе:
Асеннія будні нахлынуць,
Ты ў кухні цішком запяеш:
Успомняць чабор і маліну
Пабляклыя вусны твае.
Пачуццё, якое перапаўняе сэрца паэта, заўсёды дыктуе яму і памер, і строфіку, і інтанацыю.
Яны, здаецца, самі напісаліся, леглі на паперу радкі, прачулыя, пякучыя сваім болем былога шчасця, былых незваротных ужо гадоў:
А радасць — не шумлівая,
А шчасце — сарамлівае,
Бяда — зусім маўклівая.
А далей апошні радок крыху спразаізаваны, як перадых, як перапыненне нахлыну пачуцця, якое нібы баіцца, што яго няправільна могуць зразумець, раптам засаромелася:
I так, я пра цябе...
Наўмысна не зарыфмаваны радок дае магчымасць на хвілю задумацца, засяродзіцца, каб зноў казаць пра свой сардэчны клопат, пра страту, якую нельга страціць з памяці юнацкага свету. Гэта яны не даюць сябе забыць:
Называў бяздоннымі,
Не было ярчэй,
А цяпер бяздомны я
Без тваіх вачэй.
У вобразным мысленні, у абыходжанні са словам Пімен Панчанка ходзіць, што называецца, па вайстраку брытвы, па крохкім лядку асацыятыўнага раду слова. У гэтым ягонае непаўторнае ўмельства, уменне, ягоная няўлоўная вабнасць, у гэтым і цяжкасць перадачы вершаў ягоных эквівалентамі другой мовы. У прыватнасці, рускай. З эпітэтам «бяздоннымі» лёгка сарвацца ў прорву банальнасці, у апраметную дзяжурных вобразаў. Але тут жа на выручку, нібы само, прыходзіць — «бяздомны я». I стары, здавалася б, эпітэт зайграў па-новаму, атрымаў новае дыханне. Падкрэсліў боль і сум, ажывіў успамін.
Заключныя радкі арганічна выцякаюць з усяго пружыністага верша, яны падрыхтаваны думкай і пачуццём непадробным, шчырым:
Як няўтульна сёння,
Хоць бы грымнуў гром...
Пашлі, божа, сон мне
Пра твой сіні дом.
Сіні дом, сіні туман успаміну, сінеча бясхмарнага неба маладосці, смуга часу, адлегласці. Яны застаюцца чыстымі, прывабнымі, незабытнымі!
У новым зборніку вока паэта па-ранейшаму вострае, запамінальнае, вакаём ягонага радка неабдымна-ёмісты і разам з тым надзвычай дакладны, прагны да свежых дэталяў. Бачыць паэт, як «прыйшла ў наш горад восень на лапках залатых», памяць паэта не забывае «галоднага тылу падмецены ток», кожны куток, дзе салдатам прайшоў паэт, сёння ён пазнае «па незабыўных старых магілах». Зноў ёмістасць слова! Тут Пімен Панчанка не мае сабе роўных. Менавіта «незабыўных», у слове — і пашана, і боль, і веліч подзвігу. Пастаў «незабытых», і стане ўсё казённа-правільна, стандартна-халодна.
Читать дальше