Людзі вельмі часта скардзіліся ў ЦК КП(б)Б на несправядлівасць судовай сістэмы і жорсткасць альбо абыякавае стаўленне да іх праваахоўных органаў. Галоўнай прычынай злачыннасці, якая ахапіла ўвесь СССР ў пасляваенны перыяд, была беднасць. Для набыцця самага неабходнага — ежы, адзення і да т. п. людзі ішлі на крадзеж, рабаўніцтва, забойства. У склаўшыхся абставінах кіраўніцтва краіны ўзмацняла карныя функцыі дзяржавы. Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1947 г. «Аб крымінальнай адказнасці за крадзеж дзяржаўнай і грамадскай маёмасці» {7} 7 Сборник законов СССР и Указов Президиума Верховного Совета СССР. 1938–1956. М., 1956. С. 398.
і «Аб узмацненні аховы асабістай уласнасці грамадзян» {8} 8 Там жа.
пераўзышлі па сваёй жорсткасці Закон ад 7 жніўня 1932 г., празваны ў народзе «законам аб пяці каласках». У адпаведнасці з указамі 1947 г. мінімальны тэрмін за крадзеж, прысваенне альбо растрату дзяржаўнай маёмасці складаў ад 7 да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў, а за паўторнае альбо здзейсненае ў групе падобнае злачынства — да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Указ аб ахове асабістай маёмасці быў больш лагодны. У ім за разбой, гэта значыць напад з мэтай завалодвання чужой маёмасцю з ужываннем альбо пагрозай гвалту давалася ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Паводле сакрэтнага распараджэння Савета Міністраў СССР, дзеянне ўказаў ад 4 чэрвеня 1947 г. было распаўсюджана і на дробныя крадзяжы на вытворчасці, у выніку чаго рабочыя, калгаснікі, служачыя асуджаліся за дробны крадзеж не да аднаго года пазбаўлення волі, як гэта было раней, а да 7-10 гадоў. На практыке судовыя ворганы ў большасці выпадкаў за крадзёж дзяржаўнай маёмасці, незалежна ад асобы абвінавачанага, а таксама ад характару і памераў скрадзенага (напрыклад, парожняга мяшка), прызначалі найвышэйшы тэрмін — 10 гадоў. Указы і пастановы раздулі нечувана гучную кампанію па барацьбе з крадяжом. У сціслыя тэрміны суды правялі сотні і тысячы паказальных працэсаў. Праз паўгода пасля выхаду ўказаў турмы і лагеры былі перапоўнены. Але ў пасляваенных эканамічна складаных умовах эскалацыя крымінальнага заканадаўства ўдарыла не столькі па сапраўдных крымінальніках — буйных рабаўніках дзяржаўнай і асабістай маёмасці, колькі па абяздоленых людзях, у тым ліку жанчынах і падлетках. Па ўсіх відах злачынстваў дамінавалі самыя нізкааплатныя і найменш адукаваныя сацыяльныя групы насельніцтва — рабочыя і сяляне.
Нізкім быў узровень таго, што мела назву сацыялістычнай альбо рэвалюцыйнай законнасці. Канешне, рабіліся крокі ў накірунку захавання прынамсі знешняга выгляду законнасці ў паўсядзённым жыцці грамадзян, але дакументы сведчаць, што парушэнняў было шмат. Указам Вярхоўнага Савета СССР ад 23 ліпеня 1951 г. «За ўхіленне ад грамадска карыснай працы і за вядзенне паразітычнага ладу жыцця» уводзілася крымінальная адказнасць {9} 9 Зима В. Ф. Послевоенное общество: голод и преступность // Отечественная история. 1995. № 5. С. 45.
. Характэрна, што «псіхушкі» ужо выконвалі рэпрэсіўную функцыю. Начальства стала практываць адпраўку ў псіхіятрычныя клінікі асоб, якія надакучвалі настойлівымі просьбамі, петыцыямі і г.д. Былі выпадкі адпраўкі здаровых людзей з прыёмнай Вярхоўнага Савета СССР у псіхіятрычную клініку толькі таму, што чалавек прыходзіў туды кожны дзень, займаў чаргу і чакаў.
У вялікай колькасці зваротаў грамадзян да вышэйшых партыйных інстанцый знаходзім вельмі цікавыя замалёўкі паўсядзённага жыцця беларускага горада і вёскі.
Напрыканцы 1940-х — пачатку 50-х гг. у беларускіх гарадах рабіліся першыя крокі па наладжванні мірнага жыцця. Быў узноўлены 8-гадзінны працоўны дзень, адменены абавязковыя звышурочныя работы, рабочыя і служачыя зноў атрымалі штогадовы аплачваемы адпачынак, наладжваў работу транспарт. Амаль нанова была адбудавана сталіца БССР. За пяць пасляваенных гадоў у горадзе было ўзноўлена і пабудавана звыш 400 тыс. квадратных метраў жылой плошчы. Узнаўляліся іншыя гарады рэспублікі. За той жа перыяд была адноўлена дзейнасць 29 ВНУ, 110 тэхнікумаў, каля 12 тыс. школ, дзе навучалася звыш 1,5 млн. дзяцей. За пасляваеннае пяцігоддзе ў рэспубліцы было выдадзена 2 141 найменне кніг агульным накладам у 43 872 000 асобнікаў {10} 10 Козлов В. И. Навстречу выборам в Верховный Совет республики // Советская Белоруссия. 1951. 10 янв.
.
У першыя пасляваенныя гады працэсы урбанізацыі БССР у значнай ступені фарміраваліся пад уплывам Вялікай Айчыннай вайны, дэмаграфічныя вынікі якой для рэспублікі былі выключна цяжкімі. Колькасць насельніцтва рэзка скарацілася — у 1950 г. у БССР пражывала 7 778,1 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадах 1 619,5 тыс. чалавек (21 % насельніцтва).
Читать дальше