...Цяжка сказаць, хто яго паставіў, гэты невысокі слупок, на Карасёўскім могільніку, над грудком, пад якім пахавалі Юру Сямёнава. Можа, партызаны, а можа, хтосьці з мясцовых сялян. Ён быў відзён здалёк — з самаробнаю зоркай наверсе, свежы паміж даўніх, пачарнелых крыжоў. Над ім схіляліся маладыя бярозкі і шумелі гонкія сосны, нібы паўтаралі просценькі надпіс, накрэслены чыёйсьці рукой: «Вечная слава юным героям Багданавай Н. А., Сямёнаву Ю. I.»
Плылі па высокім небе белыя лёгкія воблакі. Заліваліся ўгары бесклапотныя жаўранкі. I было на зямлі ціха-ціха, ажно чуваць стракатанне конікаў і гудзенне чмялёў, і не верылася, што яшчэ не скончылася вайна і недзе грукаталі выбухі і паміралі салдаты...
Каля дарогі дзяўчынка, толькі гады на два маладзейшая за Надзю і Юру, ганялася за вялікім прыгожым матылём. I худзенькі твар яе свяціўся дзіцячай радасцю...
* * *
Вялікая Айчынная вайна нарадзіла шмат легенд аб чалавечай стойкасці і мужнасці, аб вернасці клятве і суровай ваеннай дружбе. Многія, вельмі многія з іх заканчваюцца трагічна, абрываюцца нечакана, і —. стаяць над імі абеліскі, маўчаць надмагільныя пліты...
У легенды, старонкі якой я вам расказаў, шчаслівы працяг. Надзя Багданава не загінула. Яна — цяпер ужо Надзея Аляксандраўна — жыве.
Вёска Заналючкі згарэла, але не ўся. Засталося тры хаты, і ў адной з іх ляжала юная разведчыца. Доўгімі днямі і начамі вырывалі яе з кіпцюроў у смерці, выхаджвалі простыя беларускія жанчыны Лідзія Шаранак і Таццяна Самакалёва. I паставілі яе на ногі. У адэскай клініцы імя Філатава дзяўчынцы вярнулі (праўда, не зусім) зрок. Не забыў пра яе Іван Сцяпанавіч Скуматаў, адшукаў, дапамог. I Надзя Багданава зноў вярнулася ў строй. Сустрэла яна негаваркога, душэўнага хлопца Дзмітрыя Краўцова, які стаў мужам, які дзяліў з ёй усе і радасці і нягоды.
Ішлі гады, наладжвалася жыццё, падрасталі дзеці Надзеі Аляксандраўны. I зусім выпадкова даведалася яна аднойчы, што стаіць ёй з Юрам Сямёнавым помнік, што знойдзена запіска, якую яна крывёю напісала ў страшныя лютаўскія дні 1942 года.
Пра подзвігі юнай разведчыцы расказала беларускае радыё, пазнаёміў з імі савецкіх тэлегледачоў Сяргей Сяргеевіч Смірноў. Тысячы пісьмаў з усіх куткоў нашай Радзімы пасыпаліся ў Віцебск, дзе жыве Багданава, многія без дакладнага адраса, проста «Віцебск, слаўнай партызанцы», «Віцебск, гераіні Вялікай Айчыннай вайны», «Віцебск, храбрай дзяўчынцы — разведчыцы...» Яе імя прысвойваюць піянерскім атрадам, на яе жыцці вучацца адданасці Айчыне...
Высока ацаніў баявыя справы Надзі Багданавай наш савецкі ўрад. Яна ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
Часта непакояць Надзею Аляксандраўну старыя раны, часта ўспамінаюцца паўшыя сябры, камандзіры, якіх ужо няма сярод жывых (не так даўно памерлі камісар брыгады Волкаў, начальнік штаба брыгады Скуматаў). Баліць тады сэрца, сумам туманяцца вочы. І ўсё ж рэдка можна сустрэць чалавека такой энергіі і жыццялюбнасці, як яна. Амаль штодзень яе запрашаюць на сустрэчы, і яна не адмаўляецца. Штодзень прыходзяць дзесяткі пісьмаў, і яна адказвае на іх. Да клопатаў аб сваіх чацвярых дзецях прыбавіліся клопаты пра дзяцей хворай Таццяны Самакалёвай, той самай, якая калісьці даглядала яе. Выхоўвае яна яшчэ і Наташу Логвінаву, якая засталася без бацькоў і жыццё якой хацелі пакалечыць адурманеныя рэлігіяй сваякі...
У Віцебску, на вуліцы «Правды», жыве яна, былая партызанская разведчыца, простая беларусхая жанчына, чалавек з легенды...