— Чаго маўчыш, галубок? Язык праглынуў? Дастану…
Апошняе — «дастану» — ён нібы прасіпеў. Даўкі камяк засеў у маім горле.
— Доктар Кляйн, — сказаў Міхась, — ён нямы. Ен не можа гаварыць.
— Не можа? Яны там звар’яцелі, ці што? Нямых мне прысылаюць. Гм, — хмыкнуў Кляйн.
— Вы не глядзіце, што нямы, — звярнулася да Кляйна Наташа. — Наш Рудольф будзе выдатным вучоным. У яго задаткі. Талент. Ен вундэркінд.
«Ну і прыдумала! — падумаў я. — Вундэркінд! Будзе мне мянушка, калі прыедзем дамоў».
І цяпер, стоячы перад Кляйнам, я верыў, што праз дзень ці два вернемся дамоў, зноў пойдзем у школу, сустрэнемся з сябрамі-аднакласнікамі. Таму верыў, што інакш не ўяўляў сваё жыццё. Тое, што мы тут, у Эльдарада, было толькі як нейкі дзіўны сон ці падарожжа.
— Вундэркінд? — зарагатаў Кляйн. — Ха-ха-ха… Вундэркінд…
Рагатаў ён доўга, ажно захлёбваючыся, з прысвістам. Мне здавалася, што ён вось-вось лопне ад смеху. І я вельмі хацеў, каб ён хутчэй лопнуў.
Але маё жаданне не збылося. Кляйн перастаў смяяцца, запытаўся ў другі раз:
— Тваё імя?
— Рудольф, — адказаў за мяне Міхась. Кляйн прайшоўся сюды-туды, пасля ласкава-ласкава сказаў:
— А вы ведаеце, мае дарагія галубкі-вундэркінды, што я з вамі зраблю, калі будзеце хлусіць?
Нядобрыя агеньчыкі заскакалі ў яго вачах. Аднойчы такія агеньчыкі бачыў я ў тыгра, калі ў звярынцы быў. Нечым раззлаваны, ён біў хвастом па клетцы і прагна пазіраў на людзей.
— Не ведаеце? У мяне ёсць павук-людаед. Я вас яму аддам.
— Доктар Кляйн, не палохайце нас, — прагаварыў Міхась. — Мы бачылі вашага павука. Ен бег нядаўна. А цяпер яго няма. Яго…
— Хопіць, — не даў дакончыць Міхасю Кляйн. — Здагадлівы ты. Няма яго.
Я зірнуў на Міхася. «Адкуль ты ведаеш, што павука няма?» — хацелася спытацца. Але Міхась моўчкі глядзеў на Кляйна.
Кляйн паказаў рукою на шымпанзэ.
— Мікі… Гэтая жывёліна Мікі майму крыжавіку суком жывот прапароў. Мне, вядома, шкада такога разумнага павука, ды, як кажуць, перажывем. Калі захачу, зраблю мільён гэткіх павукоў. Я і Мікі навучу. Я яго перавыхаваю. Дыверсанта з яго зраблю.
Я адвярнуўся. Мне хацелася затуліць вушы, закрыць вочы, каб не чуць Кляйна, каб не бачыць яго.
— Вы расказалі, што сюды прыляцелі, што другія суткі мяне шукаеце, — працягваў Кляйн. — А дзе Кока-Кола, дзе Банан, дзе Кальмар?
Ен па-гусінаму выцягнуў шыю, чакаючы ад нас адказу.
— «Яшчарка» ўзарвалася. Толькі мы выратаваліся, — адказаў Міхась. — Кока-Кола нам парашуты аддаў.
Кляйн скрыгатнуў зубамі.
— Узарвалася. Гэта праўда, цяпер я веру табе. Я сам знайшоў абломкі «Яшчаркі». Шкада «Яшчаркі». Далёка я на «Яшчарцы» лятаў. Шмат чаго прывёз у Эльдарада.
— І шымпанзэ прывезлі? — спыталася Наташа.
— А вы і сапраўдныя вундэркінды, — усміхнуўся Кляйн. — Я Мікі з Афрыкі прывёз. Я думаў з яго паслухмяную малпу зрабіць, а ён… — Кляйн цяжка ўздыхнуў: — Што ж, Мікі і крыжавік даўно адзін аднаго не любілі. Толькі клеткі іх мірылі. Я прадчуваў, што будзе бяда. А ўсё Кока-Кола. З-за яго так выйшла.
— Кока-Кола нам свае парашуты даў,— нясмела прамовіла Наташа.
Кляйн скрывіўся. Быццам чаго горкага з’еў.
— Гэта на яго падобна. Яму трэба было нарадзіцца не мужчынам, а міласэрнай сястрой. Вы як думаеце?
— Доктар Кляйн, — сказаў Міхась, — мы вунь колькі ляцелі. — Мы ў лесе заблудзіліся. А вы…
— Хопіць, хопіць, — замахаў рукамі Кляйн. — Ты хочаш сказаць, што дапытваю вас? Што ж, Кляйн стары. Кляйну можна выбачыць. Болей не буду ні пра што пытацца. У маю лабараторыю запрашаю. Пачастую. Спаць пакладу. Кляйн добры. Вы ўбачыце, што Кляйн добры. За мною, мае галубкі-вундэркінды.
Кляйн сеў на каня, і мы па ўтаптанай коньмі траве пайшлі ў лабараторыю.
Мне так хацелася сказаць гэтаму добраму Кляйну, каб хоць Наташу на каня пасадзіў. Але трэба было маўчаць.
Частка трэцяя
«ДОБРЫ» КЛЯЙН
Яшчэ здалёку мы ўбачылі на пагорку вялікі двухпавярховы дом, а каля яго яшчэ некалькі аднапавярховых домікаў з бамбуку, чароту і пальмавых лістоў.
— Мая лабараторыя, — паказаў Кляйн на двухпавярховы дом. — Тут я жыву і працую. А цяпер, канечне, і гасцей прыму. У Эльдарада я ні разу гасцей не прымаў. Вы мае першыя госці.
Читать дальше