Піф-Піф паехаў па дарожцы.
— У беднага Кляйна ўжо ногі не ходзяць, — паскардзіўся Кляйн, падыходзячы да нас. — Праз паўгадзінкі папалуднуем, адпачнем. Я загадаў Піф-Піфу. Ён усё зробіць.
— Доктар Кляйн, — звярнулася да Кляйна Наташа, — вы адпачніце. На лаўку прысядзьце.
Кляйн выняў з кішэні белую хусцінку, выцер з твару кроплі поту.
— Ты добрая дзяўчынка. Вельмі добрая. Ты разумееш беднага Кляйна. Я вельмі рады, што вы прыляцелі да мяне. Вы не пакінеце Кляйна, калі ён пастарэе.
Наташа вяла Кляйна да лаўкі, а ён, адступаючыся задам, усё паўтараў:
— Ты добрая. Вельмі добрая…
— Сядайце. Калі ласка.
Міхась, падміргнуўшы нам, непрыкметна паклаў ружу на лаўку. Кляйн сеў.
Некалькі секунд ён сядзеў, шырока адкрыўшы рот, і са свістам выдыхаў паветра. Паветра выходзіла з яго, як з прапоранага мяча. Пасля ўсхапіўся, падскочыў раз, другі.
— Танцуе, — шапнула мне Наташа. — А што я табе казала?
Але танцаваў ён нядоўга.
— О-о-о, як баліць! — заенчыў Кляйн.
Схапіў з лаўкі пакамечаную ружу, кінуў на дарожку і стаў да знямогі таптаць нагамі. Нарэшце спыніўся, глянуў на нас ашалелымі вачыма.
— Гэтыя індзейцы мяне да інфаркту давядуць! Што мне з імі зрабіць? — І ён, схапіўшыся за балючае месца, хутка пакрочыў па дарожцы. Мы, пырскаючы ад смеху, пайшлі за ім.
«Гэта табе і за індзейца, і за нямецкі парадак, — цешыўся я. — Ты ў нас яшчэ не так патанцуеш». Дарожка зварочвала направа, туды, дзе стаяў двухпавярховы дом. Я азірнуўся. Каля моста стаяў індзеец-вартаўнік і глядзеў на нас. Я адразу перастаў смяяцца.
Індзеец бачыў, усё бачыў. Няўжо раскажа Кляйну?
Апусціўшы галаву, я пайшоў далей. А Міхась і Наташа радасна ўсміхаліся.
ХТО КАГО, АЛЬБО ЖАРТЫ-СЮРПРЫЗЫ
Мы засталіся на двары, а Кляйн пабег у дом.
— Вымаць калючкі,— засмяялася Наташа.
Мы селі на лаўку, з цікавасцю разглядваючы двухпавярховы дом, пабудаваны з тоўстых круглякоў. Шырокія вокны дома беляхцелі фарбаю, страха, накрытая чаротам, строма падымалася ўгару. Чатыры ступенькі вялі да вузкіх і высокіх, як у царкве, дзвярэй.
Вакол дома былі разбіты клумбы: трапецыямі, трохвугольнікамі, многавугольнікамі, а каля вокнаў раслі архідэі. Ад дома ва ўсе бакі разбягаліся дарожкі, пасыпаныя жоўтым пяском. На дарожках стаялі індзейцы і са шлангаў палівалі кветкі.
Пахі п’янілі галаву, а цішыня закалыхвала, наганяла сон.
— Любіць Кляйн хараство, — сказала Наташа.
— Не хараство любіць, а добра пажыць, — паправіў Міхась. — Сапраўдны дом адпачынку яму пабудавалі.
— Тут людзям трэба жыць, — прамовіла Наташа. — А ён агідных павукоў гадуе.
— Адальюцца воўку авечыя слёзкі,— сказаў Міхась.
Я шчыра пазайздросціў сваім сябрам. Гавораць колькі хочацца, а мне прыходзіцца маўчаць. А так карціць расказаць пра вартаўніка! Хай ведаюць, што бачыў, як ружу на лаўку паклалі.
Я азірнуўся па баках. Здаецца, далёка індзейцы-палівальшчыкі.
— А… — толькі раскрыў я рот, а Міхась як тупне нагою: маўляў, маўчы. А сам не ведае, якая небяспека нам пагражае. Як жа расказаць яму пра гэта? Хіба на пяску напісаць?
Але напісаць я не паспеў. Высокія дзверы ў доме адчыніліся, і мы ўбачылі Кляйна.
— Заходзьце, дарагія госцейкі,— гучна сказаў ён.
Мне здалося, што гэтае «дарагія госцейкі» ён вымавіў са здзекам. Ды асабліва разважаць і думаць не было калі.
Дарагія госцейкі — гэта значыць я, Міхась і Наташа — усталі з лаўкі і пайшлі ў лабараторыю Кляйна. Кляйн ішоў паперадзе. Па драўлянай лесвіцы мы падняліся на другі паверх. Далей Кляйн павёў нас доўгім вузкім калідорам. Мы, калі цяпер не памыляюся, павярнулі налева, потым направа.
— Заходзьце, галубкі, заходзьце, — паказаў Кляйн на расчыненыя дзверы ў самым канцы калідора. — Залятайце ў клетку. Хі-хі-хі…
Пасярод пакоя, у які мы зайшлі, стаяў паліраваны чатырохвугольны стол, а вакол стала — крэслы з выгнутымі спінкамі.
Кляйн лёгка падштурхнуў мяне ў спіну.
— Сядай на крэсла, сядай.
Я сеў і… раптоўна паехаў на крэсле, бездапаможна махаючы рукамі. Не ведаю, як стрымаўся, не закрычаў.
— Хі-хі-хі,— захіхікаў Кляйн, — гэта мой сюрпрызік, жарт.
Я ўпёрся нагамі ў падлогу. Крэсла спынілася. Сюды едзь, едзь назад, — лагодна прамовіў Кляйн. — Крэсла на калёсіках. — І яшчэ раз паўтарыў: — На калёсіках.
Падпіхваючыся нагамі, я пад’ехаў да стала.
— У крэсле кнопачка ёсць. Націснеш на кнопачку — калёсікі перастануць круціцца. Націсні, не бойся, — звярнуўся да мяне Кляйн.
Читать дальше